1 красавіка 1990 г. у Магілёве пры ўпраўленні культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай філармоніі была створана Магілёўская абласная філармонія. У 2004 г. была аб’яднана з Магілёўскім абласным навукова-метадычным цэнтрам і стала называцца “Цэнтр культуры і мастацтваў Магілёўскай вобласці”. З ліпеня 2006 г. зноў набыла афіцыйны філарманічны статус і атрымала назву – дзяржаўная ўстанова культуры “Магілёўская абласная філармонія”. З 1997 г. яе прадстаўніцтва працуе ў Мінску.
Магілёўская абласная філармонія прыкладае шмат намаганняў для прапаганы беларускай культуры і музычнага мастацтва, вядзе канцэртна-лекцыйную і асветную работу, займаецца пошукам новых маладых талентаў у розных жанрах і напрамках. Арганізуе і праводзіць музычныя фестывалі, конкурсы і святы горада, у т. л. фестывалі “Залаты шлягер у Магілёве” (1995), “Магілёўская музычная вясна” (1990), “Калядныя сустрэчы” (1990).
У яе склад уваходзяць вядомыя ў Беларусі і за мяжой творчыя калектывы і выканаўцы: аркестр народных інструментаў імя Л. Л. Іванова (кіраўнік М. Алданаў), студыя класічнага вакала, сямейны ансамбль “Весялуха”, камерна-інструментальны ансамбль “Барыня”, дуэт Вайханскіх, група абанементнага абслугоўвання дзяцей і юнацтва, група І. Абалян, ансамбль танца, ансамбль “BeatreeS”, ансамбль песні і танца “Медуніца”, ансамбль эстраднага танца “Тэт-А-Тэт”, інструментальны дуэт Д. Гарбатаў і І. Зносак. У філармоніі выступаюць салісты-вакалісты А. Мацярынка, П. Усовіч, В. Шалухіна.
Пры філармоніі працуе прадзюсерскі цэнтр, мэта якога – адраджэнне масавай маладзёжнай культуры і папулярызацыя дзейнасці пачынаючых артыстаў. Цэнтрам здзяйсняюцца праекты: “Лесвіца ў неба”, “Супер-артыст”, канцэрт-акцыя “Рок за Беларусь”, адборачныя туры “Песня для Еўрабачання”, “ЕўраФэст” і інш.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.