Start date:
27.09.2000 Жлобінскі і Рэчыцкі раёны, Гомельская вобласць
Quick reference:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Names in other languages:
Смычок (russian);
1656 chars
Reference
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Смычок” быў створаны на тэрыторыі Жлобінскага і Рэчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці ў 2000 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане ўнікальнага прыроднага комплексу з рэдкімі відамі раслін і жывёл.
Ахоўная тэрыторыя плошчай 2,6 тыс. га размешчана ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра. Тут налічваецца 24 старычныя возеры. Рэльеф пласкахвалісты з эолавымі градамі і раўніннай прырэчышчавай поймай. Асноўным тыпам расліннасці ў заказніку з’яўляюцца лугі. Лясы займаюць 35% тэрыторыі і складаюцца з дуба, хвоі, чорнай алешыны, асіны, вярбы. У складзе флоры зарэгістравана 485 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены вадзяны арэх плывучы, касач сібірскі, гарлачык белы, лікападыела заліўная, фіялка багнавая. Жывёльны свет прадстаўляюць 140 відаў наземных пазваночных. Тут водзяцца дзік, казуля, бабёр, андатра, ліса, янотападобны сабака. Сярод ахоўных відаў фаўны сустракаюцца малая паганка, вялікі бугай, чорны бусел, лебедзь-шыпун, гогаль, пустальга, каршачок, зімародак, ручаёвая стронга, рыбец, вусач, бліскучая прыгажуня, плывунец найшырэйшы, вялікая пераліўніца, балотная перламутраўка і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў праводзяцца экскурсіі, распрацаваны турыстычныя маршруты, пракладзена экалагічная сцежка. Маюцца абсталяваныя стаянкі для аўтамабіляў, альтанкі, месцы для вогнішчаў і рыбалкі. У вызначаныя тэрміны дазваляецца паляванне і аматарскае рыбалоўства. На тэрыторыі заказніка знаходзіцца помнік старажытнай гісторыі – пасяленне чалавека першабытнаабшчыннага ладу.