Вёска Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці знаходзіцца за 14 км на паўднёвы ўсход ад Касцюковіч, 2 км ад чыгуначнай станцыі Бялынкавічы на лініі Крычаў–Сураж, на р. Бесядзі.
Населены пункт мае даўняе паходжанне. Першая ўзгадка ў пісьмовых крыніцах адносіцца да сярэдзіны XVI ст., упамінаецца як сяло ў Крычаўскім старостве. У 1762 г. Бялынкавічы знаходзіліся ў складзе Мсціслаўскага ваяводства, былі шляхецкай уласнасцю, дзе дзейнічалі 2 шынкі і 2 млыны. З 1768 г. побач з Бялынкавічамі знаходзіўся яшчэ фальварак.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Бялынкавічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У статыстычным апісанні 1784 г. Бялынкавічы – мястэчка Клімавіцкага павета. У 1779 г. тут быў 21 двор, жыло 118 жыхароў. Па рэвізскіх матэрыялах 1816 г., Бялынкавічы – цэнтр аднайменнай воласці Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні. У мястэчку былі праваслаўная царква і малітоўная яўрэйская школа. У 1858 г. насельніцтва Бялынкавіч складалі 153 жыхары, было 36 двароў. У 1880-я гг. адкрыта народнае вучылішча.
Згодна з першым перапісам Расійскай імперыі 1897 г., Бялынкавічы налічвалі 84 двары і 607 жыхароў, дзейнічалі скурапрацоўчы завод, 2 кузні, 2 крамы, царква, хлебазапасны магазін, піцейны дом. 15 жніўня, на свята Успення Багародзіцы, праводзіўся кірмаш. Непадалёку ад Бялынкавіч, была аднайменная сядзіба з адным дваром і ветраным млыном, жылі 10 жыхароў. У 1901 г. у мястэчку ўзвялі вінакурню на паравым рухавіку (у 1913 г. на вінакурні працавалі 7 рабочых).
На 1 студзеня 1919 г. Бялынкавічы адносіліся да ССРБ, з 16 студзеня гэтага ж года – у складзе Гомельскай губерні адышлі да РСФСР. У сакавіку 1924 г. Бялынкавічы зноў у складзе БССР, дзе з 2 чэрвеня 1924 г. знаходзіліся ў Калінкавіцкім павеце, з 17 ліпеня 1924 г. да 4 жніўня 1927 г. былі раённым цэнтрам. З 4 жніўня 1927 г. яны ў складзе Касцюковіцкага раёна, з 20 жніўня 1924 г. – цэнтр сельсавета.
У 1920-я гг. у вёсцы з’явілася аддзяленне сувязі, былі створаны кааператыўнае і крэдытнае таварыствы, адкрыты народны дом, дзіцячая пляцоўка, інтэрнат і бальніца. У 1935 г. на р. Бесядзь пабудавана электрастанцыя, у гэтым жа годзе ўзведзены МТС і вінзавод.
У жніўні 1941 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія праводзілі ў адносінах да мясцовага насельніцтва палітыку генацыду. Вызвалены Бялынкавічы 29 снежня 1943 г. У памяць аб загінулых на франтах і ў партызанскіх радах 347 земляках у 1967 г. устаноўлена стэла. У цэнтры вёскі ёсць брацкая магіла, дзе пахаваны салдаты і партызаны (31 чалавек), якія загінулі ў баях за вызваленне вёскі.
У 1986 г. Бялынкавічы былі цэнтрам саўгаса “40 гадоў Кастрычніка”. На 1989 г. тут былі машынны двор, сярэдняя школа з навучальна-вытворчым камбінатам, прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, гандлёвы цэнтр, сталовая, Дом культуры, бальніца, 5 спартыўных пляцовак.
На 2002 г. у Бялынкавічах было 198 гаспадарак, 486 жыхароў. Працавалі школа-сад, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.