Date of Birth:
24.02.1924 Чарнава, вёска, Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Date of death:
28.11.2010 Мінск, г.
Quick reference:
гаспадарчы дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы (1984), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1980, 1988), заслужаны машынабудаўнік Беларусі
Names in other languages:
Зыль Петр Васильевич (russian);
2166 chars
Reference
Пётр Васільевіч Зыль нарадзіўся ў вёсцы Чарнава Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1941 г. скончыў сярэднюю школу ў Чэрвені.
У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на акупіраванай тэрыторыі. Удзельнічаў у партызанскім руху, з’яўляўся сувязным, а з 1943 г. – байцом партызанскага атрада «Сцяг» брыгады «Разгром» Мінскага партызанскага злучэння.
У чэрвені 1944 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў стралком-аўтаматчыкам матарызаванага батальёна ў складзе танкавай брыгады. У верасні 1944 г. пасля цяжкага ранення быў дэмабілізаваны. Некаторы час працаваў настаўнікам школы ў Новасібірскай вобласці, затым вярнуўся ў Беларусь. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут і з 1950 г. працаваў майстарам, начальнікам механічнага цэха, галоўным тэхнолагам на заводзе «Чырвоны Кастрычнік» у горадзе Барань Віцебскай вобласці.
У 1963 г. П.В. Зыль скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС і быў абраны сакратаром парткама Мінскага механічнага завода імя С.І. Вавілава. У кастрычніку 1966 г. узначаліў Мінскі завод «Калібр», які займаўся вытворчасцю радыёвымяральнай апаратуры і аўтаматызаваных вымяральных сістэм. З 1974 г. на працягу амаль дваццаці гадоў кіраваў адным з буйнейшых прадпрыемстваў абаронна-прамысловага комплексу СССР – Беларускім оптыка-механічным аб’яднаннем на чале з Мінскім механічным заводам імя Вавілава.
За вялікія заслугі ў развіцці вытворчасці новай тэхнікі і ў сувязі з шасцідзесяцігоддзем з дня нараджэння Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1984 г. Пятру Васільевічу Зылю было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Са студзеня 1993 г. П.В. Зыль працаваў намеснікам начальніка аддзела знешніх эканамічных сувязяў ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне» – Мінскі механічны завод імя Вавілава, затым вядучым спецыялістам ААТ «Приорбанк».
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ-й ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1980, 1988), заслужаны машынабудаўнік Беларусі (1982).
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».