Гісторыя ААТ «Буддэталі» бярэ свой пачатак у 1905 г. У той час лесапільны завод у Вілейцы належаў А.І. Любанскаму. Прадпрыемства некалькі разоў змяняла назву і форму ўласнасці, аднак асноўным профілем яго дзейнасці заставалася дрэваапрацоўка.
У сярэдзіне ХХ ст. завод выпускаў прадукцыю для будаўнічага комплекса краіны. З 1976 г. прадпрыемства засярэдзілася на выпуску акон, а з 1987 г. пачало вырабляць дзверы. З 1990-х гг. выпуск дзвярэй з’яўляецца асноўнай спецыялізацыяй кампаніі, што дазволіла ёй дасягнуць выдатнай якасці прадукцыі.
У 1994 г. прадпрыемства было прыватызавана і пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. З 2011 г. дзверы вытворчасці ААТ «Буддэталі» выпускаюцца пад гандлёвай маркай «Vi LARIO». Да яе прэзентацыі былі распрацаваны і запушчаны ў вытворчасць новыя мадэлі дзвярэй з масіва хвоі эксклюзіўнага дызайну.
ААТ «Буддэталі» спецыялізуецца на вытворчасці міжпакаёвых драўляных дзвярэй з масіва хвойных парод і алешыны, дзвярэй, абліцаваных натуральным шпонам дуба і ясеня, якія славяцца высокай якасцю, прыгажосцю і экалагічнасцю. Дзякуючы высокакваліфікаваным спецыялістам прадпрыемства дынамічна развіваецца, асвойваючы новае абсталяванне, матэрыялы, тэхналогіі. З 2000 г. прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна «Белляспаперапрам».
У 2015 г. кампанія запусціла ў вытворчасць новыя мадэлі дзвярэй абліцаваныя шпонам файн-лайн пад гандлёвай маркай «Белавежскія». У 2016–2017 гг. на рынку з’явіліся новыя мадэлі з масіва алешыны. На дадзены момант прадпрыемствам вырабляецца больш за 60 мадэляў дзвярэй з розным фінішным аздабленнем палотнаў.
Новым кірункам дзейнасці прадпрыемства стала вытворчасць дамкоў для дачы, гаражоў з прафіляванага бруса хвойных парод, сталярных вырабаў да іх. Сёння ААТ «Буддэталі» прапануе пакупнікам больш за 20 варыянтаў невялікіх будынкаў.
Прадукцыя прадпрыемства цэніцца спажыўцамі як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі. ААТ «Буддэталі» з’яўляецца пастаянным удзельнікам прэстыжных спецыялізаваных выставак па ўсім свеце, неаднаразова станавілася пераможцам конкурсаў «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», «Лепшая мэбля Беларусі», «Лепшы будаўнічы прадукт года». Уся прадукцыя вытворчасці ААТ «Буддэталі» сертыфікавана і адпавядае ўсім патрабаванням якасці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.