Аляксандр Лазіцкі нарадзіўся ў Пінску ў сям’і бухгалтара. Вучыўся ў пінскай і брэсцкай гімназіях, рэальным вучылішчы. У 1930–1932 гг. працаваў на адным з мясцовых прадпрыемстваў. Дзякуючы грашовай дапамозе архіепіскапа Аляксандра, які меў намер арганізаваць у Пінску іканапісную школу, у 1932–1937 гг. быў студэнтам Кракаўскай акадэміі мастацтваў, адначасова наведваў двухгадовыя педагагічныя курсы, якія давалі права выкладаць графічныя дысцыпліны ў школе. Пасля заканчэння Акадэміі А. Лазіцкі два гады праходзіў педагагічную практыку ў Пінскай дзяржаўнай гімназіі ў якасці настаўніка малявання. У гэты час захапіўся краязнаўствам, займаўся мастацкім афармленнем альманахаў, якія рыхтаваў краязнаўчы гурток гімназіі: «Dzieci Polesia», «W Poleskie kniei», «Kobieta na Polesiu» (1939), «Poleszuk» (1939). У 1936–1939 гг. Аляксандр Лазіцкі разам з Фёдарам Лаўровым, Сяргеем Муханавым і Яўгенам Пулхавым прымаў удзел у афармленні «Палескіх кірмашоў» у Пінску.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны А. Лазіцкі працаваў у школе: выкладаў чарчэнне, маляванне і матэматыку. У перыяд нямецкай акупацыі быў сувязным партызанскай брыгады імя Куйбышава.
Пасля вызвалення Пінска А. Лазіцкі працаваў над аднаўленнем працы педагагічнага вучылішча, быў намеснікам дырэктара гэтай установы. У лістападзе 1945 г. перайшоў у Пінскі абласны краязнаўчы музей, дзе на працягу амаль 15 гадоў быў намеснікам дырэктара па навуцы, займаўся вывучэннем і сістэматызацыяй экспанатаў, вывучаў гісторыю горада, працаваў над стварэннем плана старажытнага Пінска. Музейную працу А. Лазіцкі сумяшчаў з педагагічнай: быў настаўнікам у СШ № 2 г. Пінска, кіраваў мастацкай студыяй у Доме народнай творчасці, удзельнічаў у афармленні урачыстых гарадскіх мерапрыемстваў.
У Музеі Беларускага Палесся ў Пінску захоўваецца шэраг малюнкаў А. Лазіцкага 1930–1940-х гг., на якіх адлюстраваны невялікія эпізоды штодзённага жыцця палескага сяла, каларытныя вобразы палешукоў. З вядомых твораў можна назваць малюнкі: «У Пінск на кірмаш», «Плытагоны», «Паляшук з астрогай», «Давыд-Гарадок», «Дзеці ў лодцы», «Паляшучка пры кудзелі», «За чаротам»; жывапісныя работы: «Штурм польскімі войскамі Пінска ў час паўстання 1648 г.»; серыю «Палескія пейзажы». Шэраг іканапісных работ мастака знаходзіцца ў праваслаўных храмах Заходняй Еўропы.
У 1958 г. А. Лазіцкі перабраўся ў Мінск, працаваў мастаком па касцюмах на кінастудыі Беларусьфільм. Яго работы можна пабачыць у кінафільмах «Першыя выпрабаванні» (1960), «Чалавек не здаецца» (1961), «Масква – Генуя» (1964), «Колькі гадоў, колькі зім» (1966), «Анюціна дарога» (1967), «Крокі па зямлі» (1969), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969), «Паланэз Агінскага» (1971), «Крушэнне імперыі» (1971), «Бацька» (1971), «Заўтра будзе позна» (1972), «Быць чалавекам» (1973), «Вялікае супрацьстаянне» (1974), «Факт біяграфіі» (1975). Творчая праца А. Лазіцкага была адзначана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюзаў работнікаў культуры.
Памяць пра жыццё мастака і краязнаўца Аляксандра Лазіцкага старанна захоўваюць у Пінску.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.