Краткая справка: княжацкi род герба "Астрог" (або "Астрога")
Род князёў Астрожскiх, вотчыннiкаў валынскага замка Астрог, узрос на турава-пiнскiм каранi. Паводле старажытных царкоўных кнiг Кiева радавод Астрожскiх выводзiцца ад Святаполка Iзяславiча – праўнука Уладзiмiра. Родапачынальнiкам звычайна лiчыцца князь Данiла (?–?), якi з 1386 г. валодаў Астрогам, невялiкiм валынскiм горадам на рацэ Вiлii, прытоку Гарынi. Славу яму прынесла змаганне супраць польскага караля Казiмiра за падпарадкаванне Валынi i Галiччыны.
З чатырох Данiлавых сыноў двое загiнулi ў 1399 г. на Ворскле, трэцi пайшоў у манахi, а на бацькоўскай зямлi ў Астрозе застаўся толькi чацвёрты – Фёдар (цi Хведар). Яго правы на валоданне гэтым горадам i паветам былi замацаваны прывiлеем Ягайлы ў 1390 г. Ваяр па духу, Фёдар быў з валынцамi пад Грунвальдам, хадзiў у 1422 г. з Жыгiмонтам Карыбутавiчам на дапамогу чэхам, падтрымлiваў Свiдрыгайлу ў барацьбе супраць Вiтаўта за велiкакняжацкi пасад, нават у 1420 г. вызвалiў яго з вязнiцы Камянецкага замка. На схiле веку Фёдар Астрожскi пастрыгся ў манахi з iмем Феадосiй у Кiева-Пячэрскiм манастыры i быў нават далучаны да лiку святых. Сыны Фёдара Андрэй i Дашко памерлi зусiм маладымi i бяздзетнымi. Астрог дастаўся трэцяму сыну – Васiлю (празваны Прыгожым).
Князь Васiль удзельнiчаў у палiтычным жыццi дзяржавы. Ён з'яўляўся намеснiкам тураўскiм, быў у групоўцы князёў i баяраў, што выступалi за адасабленне ВКЛ ад Польшчы, цвёрда стаяў на баку Свiдрыгайлы. У 1446 г. настойваў, каб Казiмiр Ягайлавiч не прымаў польскай кароны. Пасля смерцi Васiля Фёдаравiча засталiся два сыны i дзве дачкi, з якiх Астрогам валодаў малодшы, Iван.
Князь Iван Астрожскi (каля 1430–?) пераняў ад продкаў iх найлепшыя якасцi: быў слаўны ратнымi справамi, вызначаўся цвёрдасцю, адданасцю старой веры, патрыятызмам. Пасля смерцi мацi ён падзялiў уладаннi з братам Юрыем, якi атрымаў Заслаўль (на Валынi) i стаў родапачынальнiкам князёў Заслаўскiх-Астрожскiх. У Iвана Астрожскага было пяць дачок i два сыны – Мiхаiл i Канстанцiн. Пакiнутае ў спадчыну багацце, шырокiя сваяцкiя сувязi i, безумоўна, асабiстыя здольнасцi братоў Астрожскiх спрыялi iх хуткаму ўзвышэнню на дзяржаўнай службе. Сын Iвана, Канстанцiн Iванавiч Астрожскi (1460?– 1530) – гонар i слава роду. У актах 1512–1522 гг. ён тытулаваўся так: кашталян вiленскi, гетман найвышэйшы, староста луцкi, маршалак Валынскай зямлi. Ад 1522 г. князь Канстанцiн Астрожскi быў таксама i ваяводам трокскiм. Гэты князь-ваяр узначальваў паспяховыя паходы на крымскiх татараў. Аднак не заўсёды перамога спадарожнiчала яму. У бiтве на рацэ Вядрошы за Дарагабужам 14 лiпеня 1500 г. харугвы К.Астрожскага былi разбiты, а сам гетман трапiў у палон, з якога ўцёк у 1507 г. У 1508 г. падчас вайны з Масквой кiраваў часткай войскаў ВКЛ пад Белым, Дарагабужам i Тарапцом. У 1511 г. на Брэсцкiм сойме князь Канстанцiн Астрожскi атрымаў неабмежаваную ўладу на час ваенных дзеянняў. Буйныя перамогi (больш як у 60 бiтвах), асаблiва над шматлiкiм расiйскiм войскам пад Оршай 8 верасня 1514 г., выклiкалi прыхiльнасць караля, якi падараваў Астрожскаму шмат земляў. Апрача вялiкiх маёнткаў на Валынi, ён меў буйныя землеўладаннi на Беларусi i ў Лiтве: Дзяцел (сучаснае Дзятлава), Тураў, Ахонава i возера Свiцязь каля Навагрудка, Копысь. У пасаг за першай жонкай Таццянай Гальшанскай у 1509 г. ён атрымаў частку Гальшан i Глуска, Смалявiчы, Жыцiн на Пцiчы, а таксама Шашолы i Свiраны. Валодаў маёнткамi ў Вiцебскай, Мiнскай i Полацкай землях.
Нашчадкамi князя К.Астрожскага былi два яго сыны: Iлья (або Элiя; 1510–1539) ад першага шлюбу i Канстанцiн Васiль (1527–1608) – ад другога. Iлья атрымаў у спадчыну маёнткi Гальшанскiх, якiя пазней перайшлi да Сапегаў, i Смаляны (пасля яго смерцi сталi ўласнасцю каралевы Боны). Канстанцiн Васiль Астрожскi быў адным з найбольш уплывовых магнатаў у ВКЛ. Яго сын Януш, ваявода валынскi, з 1593 г. кашталян кракаўскi, – апошнi з роду Астрожскiх па мужчынскай лiнii. Пасля яго смерцi маёнткi князёў перайшлi да Заслаўскiх-Астрожскiх.