Краткая справка: магнацкі (з XVII ст. княжацкі) род герба “Ліс”
Имена на других языках: Sapiehi (польский); Сапеги (русский);
Па магутнасці, палітычнай дзейнасці і багаццю гэты род можна параўнаць толькі з Радзівіламі. На працягу некалькіх стагоддзяў Сапегі займалі вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады ў княстве. Іх велізарныя зямельныя ўладанні складаліся з мноства гарадоў, мястэчак і вёсак, сярод якіх можна назваць Слонім, Свіслач, Магілёў, Мядзель, Быхаў і інш. Багацці Сапегаў дазвалялі ім здзяйсняць самастойную палітыку і ўплываць на дзяржаўныя справы. Прадстаўнікі роду былі не толькі буйнейшымі палітычнымі дзеячамі, але і вядомымі мецэнатамі.
Існуе некалькі версій паходжання гэтага славутага роду. У “Российской родословной книге” (Ч. 1–4. Спб, 1854–1860) П.Далгарукага можна знайсці наступны запіс: “Знаменитая в летописях Литвы и Польши фамилия Сапеги происходит от кастеляна троцкого Пунигайлы Сапеги, жившего в 14 веке [1302–1380]. Сын его Сунигайло [ок. 1350–1420] получил, по смерти отца, в 1380 году, звание кастеляна троцкого и принял св. крещение православной веры под именем Симона Пунигайловича Сапеги”. У гэтай жа кнізе “сыновьями Сунигайло и его жены кж. Анастасии Глинской указаны Василий, Юрий, а также Семен”, які першым узгадваецца ў актах і хроніках 40-х гадоў XV ст. Некаторыя польскія даследчыкі таксама лічылі родапачынальнікам Сапегаў Пунігайлу (сын Нарымунта Гедымінавіча), аднак гэта меркаванне не прымалася гісторыкам К.Стадніцкім, які даказваў, што Сунігайла памёр бяздзетным. Самі Сапегі выводзілі свой радавод ад Віценя. Больш сапраўдным лічыцца меркаванне сучасных даследчыкаў, якія звязваюць узнікненне роду Сапегаў з княжаннем Казіміра Ягелона.
У 40-я гады XV ст. адным з велікакняжацкіх пісараў быў Сямён Сапега (каля 1390–?). Першапачатковыя яго маёнткі знаходзіліся на Смаленскай зямлі (Ельня, Гарадзішча, Апакаўскі Пасад). Да 1514 г. Смаленшчына цалкам адышла да Маскоўскай дзяржавы. Аднак Сапегі, як і шмат іншых баярскіх і княжацкіх родаў, захавалі вернасць вялікаму князю літоўскаму. Асноўнымі іх уладаннямі сталі маёнткі, набытыя сынамі Сямёна Сапегі Багданам і Іванам.
Багдан (1450?–1512) ажаніўся з дачкой князя Ф.Друцкага-Сакалінскага і атрымаў мацярынскія маёнткі сваёй жонкі: Чарэю ў Лукомльскім княстве, Белую (сучасны Лепель) на Полаччыне, Тухачоў пад Віцебскам. Іван (1455?–1516), як і бацька, зрабіў кар’еру ў якасці велікакняжацкага пісара, потым сакратара. Выконваючы шэраг пасольскіх і іншых дыпламатычных даручэнняў, ён атрымаў за службу шмат уладанняў, з якіх буйнейшымі былі Друя, Іказнь і Пагост на Браслаўшчыне, Боткі на Падляшшы, Кодня на Берасцейшчыне.
Ад Багдана і Івана пайшлі дзве галіны роду Сапегаў – чарэйская і кодзенская (у далейшым кожная з іх працягвала драбіцца). Прадстаўнікі абедзвюх галін да другой паловы XVI ст. не вылучаліся сярод іншых родаў ні высокімі пасадамі, ні вялікім багаццем, але яны няспынна пашыралі свае ўладанні (асабліва Сапегі старэйшай чарэйскай лініі).
Сапраўднае ўзвышэнне роду звязана з дзейнасцю Льва Іванавіча Сапегі (1557–1633). Ён быў гарачым прыхільнікам эканамічнай, палітычнай і культурнай незалежнасці Беларуска-Літоўскай дзяржавы. На працягу свайго жыцця Леў Сапега займаў ледзь не ўсе найважнейшыя пасады ў краіне, ён таксама з’яўляўся фактычным стваральнікам Статута 1588 г. – выдатнага помніка юрыдычнай думкі.
Адным з самых адукаваных людзей свайго часу лічыўся сын Льва Сапегі Казімір (1609–1656). Ён атрымаў адукацыю ў Віленскай акадэміі, потым вучыўся ў Германіі, Францыі, Нідэрландах і Італіі. Казімір Леў Сапега дакладна валодаў сям'ю еўрапейскімі мовамі. Ужо будучы студэнтам, ён выконваў дыпламатычныя даручэнні, а ў 1634 г. браў удзел у падпісанні Палянаўскага міру з Расіяй. З 1637 г. Казімір Леў Сапега выконваў абавязкі надворнага літоўскага маршалка, а з 1645 г. займаў пасаду падканцлера ВКЛ. Пасля яго смерці велізарныя багацці Сапегаў былі падзелены паміж аддаленымі родзічамі і сваякамі.
Найбольшая іх частка дасталася траюраднаму брату Казіміра Льва Паўлу Яну Сапегу (каля 1610–1665), які ўвайшоў у лік найбуйнейшых магнатаў. У 1656 г. ён атрымаў віленскае ваяводства і гетманскую булаву. Менавіта пад кіраўніцтвам Паўла Яна Сапегі вайна з Расіяй і Швецыяй была паспяхова скончана.
Род Сапегаў набыў сваю магутнасць пры сынах Паўла Яна. Казімір Ян (1637–1720), гетман польны, ваявода віленскі, гетман ВКЛ, кавалер ордэна Белага арла дасягнуў поўнага дамінавання ў Вялікім княстве. Пасля абрання ў 1697 г. саксонскага кюрфюрста Аўгуста каралём Рэчы Паспалітай Казімір Ян Сапега павёў курс на аддзяленне Вялікага княства ад Польшчы з мэтаю захапіць велікакняжацкую ўладу. Гэта выклікала стварэнне канфедэрацыі беларускай і літоўскай шляхты, накіраванай супраць Сапегаў. 18 лютага 1700 г. у бітве пад Алькенікамі войска Казіміра Яна было разбіта войскамі ўзброенай кааліцыі Караля Станіслава Радзівіла, князёў Агінскіх, Вішнявецкіх і іншых магнатаў. Пасля гэтых падзей Казімір Ян перайшоў на бок шведскага караля Карла ХІІ, за што быў пазбаўлены ўсіх пасад і маёмасці. Шляхецкія канфедэраты – зацятыя ворагі Сапегаў – нават разрабавалі Ружаны, рэзідэнцыю роду, і моцна пашкодзілі палац, які быў перабудаваны ў канцы XVIII ст. нямецкім дойлідам Янам Самуэлем Бекерам.
Князь Аляксандр Міхаіл (1730–1793) апошнім з роду Сапегаў валодаў Ружанамі. Пры ім мястэчка з шыкоўнага магнацкага гнязда пачало ператварацца ў звычайнае паселішча. Князь заснаваў тут некалькі фабрык – суконную, шаўковую, шпалерную, васковую, па вытворчасці бялізны. Нашчадкі Аляксандра (па адной з версій) наогул пакінулі Ружаны і пераехалі ў Дзярэчын, а цудоўны палац, які стаў прыходзіць у заняпад, яны прадалі. Па другой версіі, у 1795 г., пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі Ружаны і Дзярэчын адышлі да Расіі, Сапегі пакінулі свае ўладанні і выехалі ў Францыю.
Род Сапегаў працягваў існаваць і ў ХІХ ст. пасля далучэння тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага да Расійскай імперыі. У 1915–1918 гг. нашчадкі славутай фаміліі зноў намагаліся ўзначаліць так званую Літоўска-Беларускую дзяржаву, каб Беларусь не ўвайшла ні ў склад Польшчы, ні ў склад Расіі, але зноў марна. Пасля выезду ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў Заходнюю Еўропу, прадстаўнікі роду Сапегаў працягвалі падтрымліваць беларускі эмігранцкі рух.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1997 г.