Краткая справка: шляхецкі род герба “Дуброва”
Варианты имени: Цеханоўскія
З цеханоўскай і нурскай зямель, што ў паўночнай Мазовіі, бярэ пачатак гэты старажытны род. Сваё прозвішча ён атрымаў ад маёнтка Цеханавец, які знаходзіўся ў акрузе Драгічына, а цяпер размешчаны на тэрыторыі Польшчы. У канцы XIV ст. род распаўся на некалькі галін. Прадстаўнікі адной (насілі прозвішча Цеханавецкія) засталіся ў Мазовіі. Яны ўнесены ў радаводныя кнігі Кіеўскай, Гродзенскай, Ковенскай губерняў. Другая галіна роду – Свейко-Цеханавецкія – была вядома ў канцы VIV– пач. XVIII ст., трэцяя мела прозвішча Цыцеборскіх-Цеханавецкіх.
З гістарычных крыніц вядома, што Цехановецам валодалі Кішкі (мелі таксама герб “Дуброва”) і Струмілы. Менавіта іх нашчадкі і лічацца продкамі Цеханавецкіх. Адзін з братоў Струмілы Пашко меў сыноў Мацея і Петрашку (Пётру). Апошні атрымаў прозвішча Пашковіч (ад імя па бацьку) з Цеханоўца. Ён быў старостам драгічынскім у 1463 і 1468 гг. Унук Петрашкі Нікадзім у першай палове XVI ст. валодаў землямі ў цэнтральнай Беларусі, а яго праўнук (нашчадак Мацея, таксама Нікадзім) ажаніўся з мсціслаўскай князёўнай Ульянай – уладальніцай Бачэйкава (цяпер Бешанковічы Віцебскай вобласці). У 1562 г. яго сын крэўна парадніўся з беларускімі князямі праз шлюб з мсціслаўскай князёўнай Багданай. Да іх сына Станіслава ў 1584 г. перайшло Бачэйкава. Новы гаспадар запрасіў да сябе архітэктара-грэка, які цалкам перабудаваў маёнтак. Тут былі створаны лепшыя ў Задзвінні аранжарэя, лазні, пякарня, сырніца, склеп.
Нашчадкі Станіслава ў XVII ст. займалі розныя пасады ў гарадах і ваяводствах усходняй Беларусі: Мсціслаўскім, Полацкім, Віцебскім, Менскім. У спісах мсціслаўскіх ваявод сустракаецца імя Мікалая Цеханавецкага (1630–1672), які займаў гэтую пасаду ў 1659 і 1672 гг. А старостамі “гродскімі” мсціслаўскімі былі наступныя Цеханавецкія: Крыштоф (1653), Мікалай Валерыян (1658–1671), Фелікс (1731–1733), Нікадзім (1738–1747). Акрамя Мсціслава і Бачэйкава, Цеханавецкія, дзякуючы шлюбным адносінам, сталі ўладарамі маёнткаў і зямель у многіх мястэчках, гарадах, ваяводствах і староствах Друцка, Оршы, Лепеля, Віцебска. Добра ведаючы культуру Захаду, яны ўтрымлівалі свае маёнткі на заходнееўрапейскім узроўні. У XVIII ст. нашчадкі Цеханавецкіх пашырылі сваю ўладу на Чавусы – у гістарычных крыніцах згадваецца Станіслаў Цеханавецкі (1780–?), маршалак чавускі. Ад яго Бачэйкава, якое на той час складалася з шасці фальваркаў, пераходзіла да Паўла, потым да Уладзіслава, пазней да Георгія-Станіслава Цеханавецкіх. Іх намаганнямі яно ператварылася ў цэнтр воласці, дзе ў 1886 г. размясціліся валасная ўправа, прыходская царква, яўрэйскі малітоўны дом, пачатковае народнае вучылішча, ваенная ўстанова, ветраны млын, вінакурны і піваварны заводы, гандлёвыя рады. Цеханавецкія валодалі Бачэйкавым (на правах спадчыны) да 1939 г.
У 1988 г. родныя мясціны, у тым ліку і вёску Бачэйкава, наведаў доктар мастацтвазнаўства граф Анджэй Цеханавецкі, князь Мсціслаўскі-Заслаўскі, сучасны нашчадак роду. Ён з’яўляецца заснавальнікам Фонду імя Цеханавецкіх у Каралеўскім замку ў Варшаве, фінансуе навуковыя выданні, у тым ліку па археалогіі і генеалогіі Беларусі і Літвы. У 1992 г. Анджэй Цеханавецкі абраны ганаровым старшынёй Згуртавання Беларускай Шляхты.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г.