Дата рождения:
19.06.1924 Бычкі, в., Ушацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
22.06.2003 Мінск, г.
Краткая справка:
пісьменнік, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1978), Ленінскай прэміі (1986), расійскай прэміі "Трыумф" (1999), Герой Сацыялістычнай Працы (1984), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ст., Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў
Варианты имени:
Быкаў Васіль
Имена на других языках:
Быков Василий Владимирович (русский); Быков Василь (русский);
6338 символов
Справка
Імя Васіля Уладзіміравіча Быкава шырока вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Беларускі пісьменнік атрымаў сусветнае прызнанне дзякуючы ўменню глыбока высвечваць пакутлівы лёс чалавека ў часы ваеннага ліхалецця. Пра Вялікую Айчынную вайну 1941–1945 гг. пісалі многія, але толькі яе непасрэдныя ўдзельнікі (былыя франтавікі К. Сіманаў, Ю. Бондараў, Г. Бакланаў, В. Астаф’еў) з’яўляюцца аўтарамі самых праўдзівых твораў. Васілю Быкаву ў гэтым спісе адведзена адно з першых месцаў, бо яго проза належыць да лепшых набыткаў сусветнай мастацкай літаратуры аб вайне.
Нарадзіўся будучы пісьменнік у в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Са школьных гадоў захапляўся літаратурай, аднак больш моцнай была цяга да малявання. У 1939 г. паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Праз год у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча бацькоў і адменай дзяржаўных стыпендый быў вымушаны пакінуць вучобу. Паступіў у Віцебскую школу фабрычна-заводскага навучання, дзе атрымаў будаўнічую прафесію. У чэрвені 1941 г. экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас Кубліцкай сярэдняй школы.
У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны В. Быкаў быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб’екты ад Гомеля да Варонежа. Зімой 1941–1942 гг. жыў на станцыі Салтыкоўка і ў г. Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Летам 1942 г. В. Быкава прызвалі ў армію. У лістападзе 1943 г. ён скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча і трапіў на фронт. Ваяваў на Украіне, у Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі. Быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях, нават лічыўся пахаваным у брацкай магіле ў в. Вялікай Севярынцы каля Кіраваграда (Украіна). Пасля вайны яшчэ доўгія дзесяць гадоў (з невялікім перапынкам) служыў на Далёкім Усходзе, Украіне, у Беларусі. Толькі ў 1955 г. у званні маёра дэмабілізаваўся і пасяліўся ў Гродне. Працаваў у рэдакцыі газеты “Гродненская правда”, займаўся журналістыкай. У абласным і рэспубліканскім друку пачалі з’яўляцца яго літаратурныя замалёўкі, фельетоны, нарысы, якія часткова ўключаны ў зборнік “Ход канём” (выйшаў у 1960 г. у «Бібліятэцы “Вожыка”»). Гэта былі першыя спробы пяра будучага майстра слова. У 1959 г. В. Быкаў стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР, з 1972 г. абраны сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1978 г. пераехаў у Мінск, дзе заняўся творчай работай.
Першыя апавяданні В. Быкава былі надрукаваны ў часопісе “Вожык” (“Дапякло” (1947)) і газеце “Гродненская правда” (“У першым баі” (1949)). Але пачаткам літаратурнай дзейнасці ён лічыў 1951 г., калі на Курыльскіх астравах, дзе праходзіў службу, напісаў творы “Смерць чалавека” і “Абознік” (надрукаваны ў 1957 г.). Наступныя апавяданні “Страта” (1957), “Паядынак”, “Эстафета”, “На ўсходзе сонца” (усе 1959 г.) былі заўважаны чытачамі і станоўча адзначаны крытыкай. Аднак сапраўдная творчая біяграфія пісьменніка пачалася з аповесці “Жураўліны крык” (1960). Яна, па словах аўтара, стала першай спробай праўдзіва адлюстраваць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Потым адзін за другім выйшлі творы “Здрада” (1961), “Трэцяя ракета” (1962; Літаратурная прэмія імя Я. Коласа, 1964), “Альпійская балада” (1964). Наватарскім у гэтых аповесцях было тое, што пісьменнік звярнуўся да паказу ваенных будняў, перажыванняў і паводзінаў звычайнага чалавека на вайне. Творы вызначаліся асаблівым трагізмам, заснаваным на рэзкім сутыкненні характараў, глыбокім псіхалагізме. Пакідаючы чалавека адзін на адзін з жорсткімі абставінамі, пісьменнік рабіў асновай жыццёвай канцэпцыі гуманізм і антымілітарызм. Ваеннай тэме, да якой В. Быкаў звярнуўся ў ранніх творах, ён заставаўся верным на працягу амаль усёй сваёй творчасці – аповесці “Пастка”, “Мёртвым не баліць” (абедзве 1965 г. ), “Праклятая вышыня” (1968) і інш. У 1969 г. аповесцю “Круглянскі мост” пачалася новая старонка літаратурнай дзейнасці В. Быкава. У гэтым творы пісьменнік у першы раз звярнуўся да тэмы партызанскай барацьбы ў Беларусі. Пазней яна была адлюстравана ў аповесцях “Сотнікаў” (1970), “Абеліск” (1971), “Дажыць да світання” (1973; за апошнія дзве – Дзяржаўная прэмія СССР, 1974), “Воўчая зграя” (1974), “Яго батальён” (1975; за абедзве – Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа, 1978), “Пайсці і не вярнуцца” (1978) і інш. У партызанскім цыкле з асаблівай сілай выявіліся праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупіраванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў. Ваенная тэма знаходзіцца і ў аснове аповесці “Знак бяды” (1982; Ленінская прэмія, 1986), якая ўключае шмат новых элементаў, нехарактэрных для ранніх твораў В. Быкава. Яна не толькі аб вайне, але і даваенным жыцці беларускага сялянства. Гэта тэма была працягнута ў творы “Аблава” (1989), дзе ўпершыню ў беларускай літаратуры з’яўляецца вобраз спецперасяленца. Спазнаць магчымасці сваіх герояў, выявіць у іх ступень духоўнасці і меру чалавечнасці пісьменнік імкнуўся ў аповесцях “У тумане” (1987), “Сцюжа” (1993), “Пакахай мяне, салдацік” (1995), “Ваўчыная яма” (1999), “Балота” (2001) і інш.
Кожны твор В. Быкава станавіўся падзеяй, пашыраў кола чытачоў, прыцягваў увагу кінематаграфістаў, кампазітараў, тэатральных рэжысёраў. Па кнігах пісьменніка створаны балет “Альпійская балада” (1967, музыка Я. Глебава), опера “Сцежкаю жыцця” (1980, музыка Г. Вагнера), напісаны сімфоніі, пастаўлены спектаклі, зняты фільмы. Найбольш вядомымі з іх з’яўляюцца кінастужкі: “Трэцяя ракета” (1963), “Альпійская балада” (1966), “Дажыць да світання” (1975), “Знак бяды” (1985) і інш. Пра жыццё і творчасць пісьменніка пастаўлены фільмы “Узыходжанне” (1985) і “Вяртанне” (2004).
Акрамя літаратурнай працы В. Быкаў шмат часу аддаваў грамадскай дзейнасці. Ён неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, народным дэпутатам СССР. З’яўляўся членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза пісьменнікаў БССР, членам рэспубліканскага Савета Фонду міру. Яго літаратурная і грамадская дзейнасць была ўшанавана званнем Героя Сацыялістычнай Працы (1984), ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, Дружбы народаў, шматлікімі медалямі.
Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 г. у Мінску. Пахаваны на Маскоўскіх могілках. На радзіме пісьменніка дзейнічае сядзіба-музей В. Быкава.