Дата рождения:
06.08.1884 Жыровічы, в., Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
20.10.1953
Краткая справка:
беларускі і расійскі бібліятэказнавец, кнігазнавец, бібліёграф, літаратуразнавец, дзеяч беларускага культурна-грамадскага руху пачатку ХХ ст., ініцыятар стварэння ў Беларусі сеткі бясплатных народных бібліятэк
Псевдонимы:
Евгеньев; С.Хлябцевич; Халімон з-пад Путчы; Халімон з-пад пушчы; Халімон из-под Пущи; Халімончык
Имена на других языках:
Хлебцевич Евгений Иванович (русский);
Криптонимы:
Е.Х.; Евг.Х-ч; Х.; Х.С-п П. і інш.
4594 символа
Справка
Яўген Іванавіч Хлябцэвіч увайшоў у гісторыю як вядомы беларускі і расійскі бібліятэказнавец, перадавы чалавек свайго часу, ініцыятар стварэння ў Беларусі сеткі бясплатных народных бібліятэк.
Нарадзіўся ён у в. Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і святара. З ранняга дзяцінства Я. Хлябцэвіч меў магчымасць далучыцца да кнігі. Пасля заканчэння Жыровіцкага духоўнага вучылішча (1900) на працягу шасці гадоў вучыўся ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. У 1906 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Юр’еўскага (цяпер Тартускага) універсітэта. З 1907 г. пачаў займацца ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, які скончыў у 1913 г.
Кар’ера настаўніка Я. Хлябцэвіча не прываблівала. Цяга да кнігі як крыніцы ведаў, асветы праявілася ў яго яшчэ падчас вучобы і, валодаючы арганізацыйнымі здольнасцямі, пачаў займацца грамадскай і літаратурнай дзейнасцю. У 1906–1907 гг. па ініцыятыве Я. Хлябцэвіча ў Беларусі ствараліся бясплатныя народныя паўленкаўскія бібліятэкі. Прымаў удзел у арганізацыі і рабоце гуртка па вывучэнні Гродзенскай губерні, Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, галоўнымі задачамі якіх былі навуковае вывучэнне Беларусі, арганізацыя бібліятэк, клубаў. Вынікам дзейнасці Я. Хлябцэвіча сталі публікацыі ў першых беларускіх газетах “Наша доля” і “Наша ніва”, дзе друкаваўся пад псеўданімам Халімон з-пад пушчы, і ў санкт-пецярбургскай газеце “Новая Русь”. У 1911 г. ён удзельнічаў у рабоце I Усерасійскага з’езда па бібліятэчнай справе, выступіў з дакладам “Развитие библиотечного дела в Белоруссии”, у якім вялікую ўвагу ўдзяляў дзейнасці бясплатных народных бібліятэк. У 1912 г. выдадзена брашура Я. Хлябцэвіча “Библиотеки и кооперация”, што стала адной з першых прац па тэорыі і арганізацыі бібліятэчнай справы. Ён перапісваўся з беларускімі і рускімі літаратарамі, ад якіх пастаянна і своечасова даведваўся пра кніжныя навінкі, выкарыстоўваў гэту інфармацыю ў сваіх бібліяграфічных работах. Даследчыку належаць артыкулы і ўспаміны пра Я. Баршчэўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Цётку, А. Бурбіса. У Санкт-Пецярбургу быў надрукаваны літаратурна-крытычны нарыс “Возрождение белорусской народнической литературы” (1914, у 1917 г. перавыдадзены пад назвай “Народническая поэзия белорусов”), што з’явіўся істотным укладам у фарміраванне беларускай літаратуразнаўчай думкі. У ім малады крытык паспрабаваў прааналізаваць вытокі і характар беларускага мастацкага слова, даў надзвычай высокую ацэнку творчым пошукам Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча.
З 1919 г. Я. Хлябцэвіч займаў розныя кіруючыя пасады. Быў інструктарам Беларускага пададдзела аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР у Кіеве, потым у Маскве. Загадваў бібліятэчным аддзяленнем палітычнага ўпраўлення Рэўваенсавета РСФСР, з 1930 г. працаваў у Народным камісарыяце асветы РСФСР. Удзельнічаў у рабоце I Бібліятэчнага з’езда РСФСР (1924), I Канферэнцыі навуковых бібліятэк (1924), II Усерасійскага бібліяграфічнага з’езда (1926). У 1943 г. Я. Хлябцэвіч стаў выкладчыкам, вучоным сакратаром Маскоўскага бібліятэчнага інстытута. У 1947 г. ён абараніў дысертацыю па тэме “М. Горький и Красная Армия (опыт изучения влияния произведений М. Горького на бойцов Красной Армии)” на вучоную ступень кандыдата педагагічных навук. У гэты перыяд асабліва ярка раскрыўся талент Я. Хлябцэвіча як арганізатара і тэарэтыка. Ён зрабіў значны ўклад у развіццё тэорыі і методыкі бібліятэказнаўства і бібліяграфіі. Акрамя грунтоўных артыкулаў Я. Хлябцэвічу належаць такія кнігі, як “Массовый читатель и антирелигиозная пропаганда” (1928), “Массовый читатель и работа с книгой” (1936). Даследаваў пытанні кіравання чытаннем, праблему “пісьменнік і чытач”. У сваіх працах па вывучэнні інтарэсаў чытачоў выкарыстоўваў комплекс метадаў: анкетаванне, чытацкія водгукі на кнігі, аналіз бібліятэчнай дакументацыі. Ён таксама з’яўляўся рэдактарам многіх работ па бібліятэчнай справе – “Библиотечная активная работа: формы и методы библиотечной работы, применяемые в Красной Армии” (1925), “Библиотечная работа в Красной Армии. Переработанные материалы Пленума и секции I библиотечного съезда РСФСР” (1926), “Формы и методы массовой работы с книгой” (1927) і інш.
Апошнія гады жыцця Я. Хлябцэвіч правёў у Маскве, але аказваў значную дапамогу пры стварэнні Літаратурнага музея Я. Купалы ў Мінску, рыхтаваў кнігу пра паэта, якая засталася ў рукапісе. Ён аўтар 345 прац па бібліятэчнай справе і бібліяграфіі. Гісторыі бібліятэк Беларусі і беларускай літаратуры прысвечаны 44 артыкулы Я. Хлябцэвіча.