Нарадзіўся будучы Герой у г. Дно Пскоўскай вобласці (Расія) у сям’і ваеннага. Дзяцінства прайшло ў неспакойныя гады, бацька Сцяпан Кандрацьевіч быў адным з актыўных удзельнікаў барацьбы за Савецкую ўладу на франтах Грамадзянскай вайны. З 1921 г. сям’я пераехала ў БССР, у канцы 1920-х гг. – у Мінск.
Пасля заканчэння школы Уладзімір Амельянюк вучыўся на педагагічных курсах, затым працаваў настаўнікам і піянерважатым. Маючы талент да напісання газетных артыкулаў, паступіў у 1938 г. у Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М. Кірава, адначасова быў карэспандэнтам газеты “Піянер Беларусі” і рэдактарам Дзяржынскай раённай газеты “Ударнік Дзяржыншчыны”.
Ужо ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўся сям’я У. Амельянюка ўключылася ў барацьбу з акупантамі, а іх дом стаў месцам збору партызан. Разам з бацькам Сцяпанам Кандрацьевічам ён стварыў падпольную партыйную групу ў раёне Камароўкі. Уладзімір адным з першых пачаў праслухоўваць зводкі Савецкага Інфармбюро, ён запісваў інфармацыю і размножваў яе на лістоўках, расклейваючы іх па горадзе. Праз І. Кабушкіна, кіраўніка аператыўнай групы Мінскага падпольнага камітэта, устанавіў сувязь з атрадамі партызан Лагойскага, Рудзенскага і Дзяржынскага раёнаў, каб дастаўляць ім зброю, медыкаменты, цёплую вопратку і падробленыя нямецкія дакументы. Удзельнічаў у вызваленні ваеннапалонных з лагераў смерці і адпраўцы іх у партызанскія атрады.
Цяжкім выпрабаваннем для У. Амельянюка стала вестка аб тым, што гітлераўцы схапілі бацьку. Сцяпан Кандрацьевіч загінуў у нямецкіх засценках пасля жахлівых катаванняў і допытаў 3 мая 1942 г. У маі гэтага ж года У. Амельянюк увайшоў у склад Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б. Было арганізавана пяць падпольных райкамаў партыі і пры іх створаны ваенныя аддзелы, якія разгарнулі вялікую працу па адпраўцы ў партызанскія атрады людзей, зборы зброі, арганізацыі сувязей з дзеючымі вакол Мінска партызанскімі атрадамі.
Пасля рашэння гаркама аднавіць выданне газеты “Звязда” Уладзімір Амельянюк стаў загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды, а таксама рэдактарам газеты. Ва ўмовах фашысцкага тэрору ён здолеў сабраць матэрыял для першага нумара, які выйшаў 18 мая 1942 г. Нумар быў набраны ў нямецкай друкарні, якая размяшчалася ў Доме друку, колькасць асобнікаў склала 2 500. У газеце паведамлялася, што доблесныя палкі і дывізіі Чырвонай арміі падышлі да Беларусі, што расплата з крывавым ворагам набліжаецца, выкрывалася хлуслівая палітыка акупантаў. Гучаў заклік падымацца ўсім, хто даражыць Радзімай, на барацьбу супраць фашысцкіх гадаў. Выпуск газеты стаў выбітнай падзеяй у жыцці Мінскага партыйнага падполля і ў гісторыі нелегальнага друку на акупіраванай савецкай тэрыторыі.
Пасля выхаду “Звязды” гітлераўцы пачалі сачыць за Уладзімірам Амельянюком. 26 мая ён быў забіты каля Чырвонага касцёла ў Мінску пры выкананні адказнага задання партыйнага падполля. Уладзімір праляжаў там не адзін дзень, фашысты разлічвалі выйсці на след іншых падпольшчыкаў. Яго маці, Паліна Сцяпанаўна, не адзін раз праходзіла каля нежывога сына, але нічога зрабіць не магла, інакш бы выдала і сябе, і іншых. Яна працягнула барацьбу як сувязная партызан, убачыла вызваленне Мінска і Беларусі. Памерла 24 мая 1945 г. ад разрыву сэрца, пахавана на Вайсковых могілках.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 08.05.1965 Уладзіміру Сцяпанавічу Амельянюку пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза “за асаблівыя заслугі, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.”.
У памяць пра Уладзіміра Амельянюка ў 1974 г. у Самахвалавічах усталяваны бюст каля мясцовай школы, дзе ён калісьці вучыўся. Імем героя названы вуліцы ў Мінску і Дзяржынску, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. У 1980 г. на плошчы Леніна (цяпер – плошча Незалежнасці) недалёка ад Чырвонага касцёла быў адкрыты помнік на месцы забойства адважнага падпольшчыка ў гонар усіх загінулых, якія ўдзельнічалі ў выданні газеты “Звязда” падчас акупацыі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.