Сярод герояў, якія мужна змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны і загінулі на фронце, быў беларускі паэт Сурначоў Мікола (Мікалай Мікалаевіч).
Нарадзіўся ён у в. Слабада Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў аграномам у калгасе, пасля чаго перайшоў у рэдакцыю рагачоўскай раённай газеты «Камунар». Вучыўся ў Гомельскім (1937–1939) і Мінскім (1939–1941) педагагічных інстытутах. Адначасова працаваў у рэдакцыях газет «Звязда» (1939–1940) і «Чырвоная змена» (1940–1941). У гады вайны ваяваў на Заходнім, Бранскім, Данскім, Паўднёва-Заходнім, Першым Беларускім і іншых франтах. Удзельнічаў у баях на Каўказе, пад Сталінградам, у вызваленні Беларусі, Украіны, Румыніі, Польшчы. Некалькі разоў быў цяжка паранены. Старшы лейтэнант, камандзір узвода знішчальнага процітанкавага артылерыйскага палка М. Сурначоў загінуў каля Берліна ў ноч на 20 красавіка 1945 г. Пахаваны ў нямецкім пасёлку Фрайдэнберг, перазахаваны на брацкіх могілках у Бад-Фрэенвальдэ (на помніку яго прозвішча значыцца як «Н. Н. Сурнамов»).
Друкаваць вершы М. Сурначоў пачаў з 1933 г. (спачатку ў раённай газеце, з 1938 г. у рэспубліканскім друку). Выступаў таксама з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі. У «Полымі рэвалюцыі» апублікаваў нізку вершаў «Барвовая зара» з эпіграфам А. Суркова «Вот и кончилось детство, Коля» (1940, № 12). У гады вайны М. Сурначоў пісаў вершы ў траншэях, бліндажах, на лясных прывалах, у шпіталях. Пад многімі з іх стаяць подпісы: «1-ы Беларускі фронт», «1941 год. Бранскі фронт», «1942 год. Данскі фронт», «1943 год. Запарожжа» і інш. Атрымаўся своеасаблівы паэтычны летапіс вайны. Палявая сумка паэта, у якой знаходзіліся яго вершы, не была знойдзена. Таму ваенная лірыка цалкам не захавалася, засталіся ў асноўным творы, якія ён адсылаў на радзіму ў пісьмах. У 1946 г. выйшаў з друку сабраны і складзены сябрамі паэта яго першы зборнік «На сурмах баравых» (1946). Паэтычная спадчына М. Сурначова прадстаўлена таксама ў кнігах «Барвовая зара» (1959), «Акопны спеў» (1986).
Асаблівасцямі яго паэзіі з’яўляюцца лірызм, рамантычная ўзнёсласць, лаканічнасць, ёмістасць вобразаў і дэталей, моцны ўплыў паэтыкі народнай песні, выразны рытм. Больш раннія творы вылучаюцца незвычайным апісаннем хараства роднай прыроды, шчырымі пачуццямі да каханай:
Пра цябе, адзіную маю,
Раскажу я ўсё барвовым зорам.
Гай папросіць, – гаю прапяю,
Бор захоча, – не адмоўлю бору.
(«Пра цябе не сніў і не гадаў...»)
Сярод вершаў ваенных гадоў ёсць сапраўдныя паэтычныя шэдэўры: «У стоптаным жыце», «Паходная», «Прысяга ў акопах», «Штодзень вялі мяне шляхі...», «Старонка мая, у смутку...», «Паштоўка», «Ліст да маці», «Роздум», «Смага», «Сон» і інш. Іх яднае ўслаўленне подзвігу салдата, туга па радзіме і сваіх родных, вера ў надыход светлых дзён без вайны. Верш-балада «У стоптаным жыце» ўвайшоў у анталогію беларускай паэзіі. Для яго характэрны лірычны псіхалагізм і драматызм, карціны мірнага жыцця выцеснены трагічнымі:
Над ім асыпаюцца
Слуцкія краскі,
Абсмалены колас
Схіліўся да каскі.
Маналог-разважанне пра жыццё пасля смерці, пераадоленне слабасці, перамогу святла над цемрай – гэта ўсё адносіцца да верша «Роздум». Галоўнае для лірычнага героя тое, што дзякуючы смелым воінам «жыць будзе ўсё ж зямля, што нас з табой ўзрасціла». Многія творы М. Сурначова перакладзены на рускую (зборнік «Одна любовь», 1971), украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы. Паэту прысвечана шмат вершаў, а таксама артыкулаў, апошнія ў большасці сваёй з’яўляюцца ўспамінамі.
Мікола Сурначоў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі, у тым ліку медалём Літаратурнага конкурсу імя М. Астроўскага (1967). На мемарыяльнай дошцы ў будынку Саюза пісьменнікаў Беларусі сярод імёнаў празаікаў і паэтаў, якія загінулі ў барацьбе супраць ворагаў, увекавечана імя М. Сурначова. У Юдзіцкай школе на Рагачоўшчыне ў мемарыяльным кутку сабраны матэрыялы, прысвечаныя яго жыццю і творчасці. Звесткі пра М. Сурначова змешчаны ў літаратурным музеі «Пісьменнікі-землякі» пры Рагачоўскім педагагічным вучылішчы. Яго імем названа вуліца ў Рагачове.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.