Дата рождения:
07.01.1912 Зайцава, в., Горацкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
30.11.1976
Краткая справка:
ваенны дзеяч, Маршал Савецкага Саюза, удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг. і абароны Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, двойчы Герой Савецкага Саюза (студзень, верасень 1944), герой Чэхаславакіі, кавалер ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі і інш.
Имена на других языках:
Якубовский Иван Игнатьевич (русский);
5291 символ
Справка
Іван Ігнатавіч Якубоўскі нарадзіўся ў вёсцы Зайцава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Скончыў 7 класаў сельскай школы, два курсы Аршанскага педагагічнага тэхнікума. У 1932 г. прызваны ў армію. У 1934 г. з адзнакай скончыў у Мінску Беларускую Аб’яднаную ваенную школу імя М.І. Калініна, у 1935 г. – бранятанкавыя курсы ўдасканалення каманднага складу РСЧА. Пасля служыў у Беларускім і Закаўказскім ваенных акругах. За гэты час прайшоў шлях ад камандзіра роты да начальніка штаба танкавага батальёна, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі і савецка-фінляндскай вайне. У ліпені 1940 г. стаў выкладчыкам Пухавіцкага пяхотнага вучылішча.
У красавіку 1941 г. І. І. Якубоўскі ў званні капітана прыняў камандаванне танкавым батальёнам, які дыслацыраваўся ў ваенным гарадку Чырвонае Урочышча, размешчаным на ўскраіне Мінска. Яго падраздзяленне прыняло ўдзел у цяжкіх абарончых баях за сталіцу і Магілёў, у лютай бітве ля сцен Смаленска. У ходзе іх, камандуючы сваім падраздзяленнем, Іван Якубоўскі праявіў адвагу, ініцыятыву, здольнасць хутка вырашаць у складаным становішчы баявыя задачы. У снежні 1941 г. ён атрымаў званне маёра і прызначэнне на Заходні фронт камандзірам танкавага палка, са студзеня 1942 г. на подступах да Масквы камандаваў у бітвах у якасці намесніка камандзіра танкавай брыгады. Вясной гэтага года Іван Ігнатавіч, ужо ў званні падпалкоўніка, быў назначаны камандзірам 91-й танкавай брыгады, якая неўзабаве ў трохдзённых баях на Данскім фронце забяспечыла 65-й арміі прарыў варожай абароны. Паспяхова дзейнічала яна і ў ходзе Арлоўскай наступальнай аперацыі.
Вялікі ўклад унесла брыгада І. І. Якубоўскага ў разгром варожых войскаў пад Сталінградам. З канца верасня яна звыш чатырох месяцаў вяла тут упартыя баі. У выніку авалодала некалькімі населенымі пунктамі і 2 лютага 1943 г. злучылася з 62-й арміяй, якая гераічна абараняла Сталінград.
Асабліва вызначылася 91-я танкавая брыгада 7 лістапада 1943 г. пры вызваленні ўкраінскага горада Фастава. Палкоўнік Якубоўскі дакладна і рашуча кіраваў баявымі дзеяннямі танкістаў, паказваючы асабісты прыклад мужнасці і адвагі. Разам з іншымі злучэннямі 3-й гвардзейскай танкавай арміі воіны брыгады імклівым ударам вызвалілі горад, які з’яўляўся вялікім чыгуначным вузлом і важным апорным пунктам фашысцкай абароны. У горадзе танкісты І. І. Якубоўскага захапілі вельмі значныя ваенныя і гаспадарчыя трафеі (62 паравозы, 22 эшалоны з ваеннай маёмасцю, каля 90 вагонаў марганцавай руды, да 3 тыс. тон паліва, 64 зянітныя гарматы), у тым ліку 150 тыс. тон хлеба, які неадкладна быў накіраваны ў вызвалены Кіеў і іншыя паселішчы, знішчылі каля тысячы гітлераўцаў. Вызваленне Фастума стала найбольш яскравай старонкай у баявой біяграфіі І.І. Якубоўскага і яго брыгады. За гэту бліскуча праведзеную аперацыю, якая нанесла значны ўрон праціўніку ў жывой сіле і тэхніцы, камбрыг і дзесяць танкістаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Будучы намеснікам камандзіра 6-га гвардзейскага танкавага корпуса, Іван Якубоўскі вызначыўся і пры ўзяцці горада-крэпасці Перамышля, вядомага яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны сваімі бастыёнамі.
У канцы ліпеня 1944 г. частка танкавага корпуса пад камандаваннем Якубоўскага хутка фарсіравала раку Віслу (без пантоннага маста ) і захапіла на яе левым беразе сандамірскі плацдарм, што дазволіла паспяхова пераправіцца праз раку ўсяму корпусу. У гэтай аперацыі ў поўнай меры раскрыўся талент І. І. Якубоўскага як палкаводца. Праведзеныя ім аперацыі з’яўляюцца прыкладам ідэальнай стратэгіі і тактыкі на полі бою. 23 верасня 1944 г. яму было ў другі раз прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У паслужным спісе Якубоўскага, які адрозніваўся майстэрствам прыняцця нестандартных рашэнняў, уменнем дзейнічаць самастойна, была і Берлінская аперацыя (16.01.–8.05.1945). У сталіцы трэцяга рэйха ён ажыццяўляў непасрэднае кіраўніцтва па каардынацыі дзеянняў штурмавых груп танкавага корпуса. Баі скончыліся капітуляцыяй Берліна, і корпус у складзе 3-й гвардзейскай танкавай арміі здзейсніў фарсіраваны марш на дапамогу Празе. Іван Ігнатавіч Якубоўскі як адзін з яе вызваліцеляў быў удастоены звання “Герой Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. Ён пачаў вайну ў званні капітана, скончыў – у званні генерал-маёра.
Пасля Перамогі славуты танкіст, двойчы Герой Савецкага Саюза, закончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба, камандаваў танкавай дывізіяй, бранятанкавымі і механізаванымі войскамі ваеннай акругі і танкавай арміяй. У 1957–1960 гг. быў першым намеснікам галоўнакамандуючага Групай савецкіх войскаў у Германіі, затым некалькі гадоў камандаваў войскамі гэтай групы, са студзеня 1965 г. – войскамі Кіеўскай ваеннай акругі. У 1967 г. удастоены высокага звання “Маршал Савецкага Саюза” і стаў першым намеснікам міністра абароны СССР.
Таленавіты палкаводзец быў узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Суворава II ступені, ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, ганаровай зброяй, медалямі, а таксама ордэнамі і медалямі замежных дзяржаў. У яго памяць у Мінску і Горках устаноўлены бронзавыя бюсты, на доме № 15/1 у Мінску па вул. Якубоўскага ўстаноўлена мемарыяльная дошка, імем маршала названы вуліцы ў многіх гарадах Беларусі і Расіі, а таксама плошча ў Горках.