Дата рождения:
21.01.1907 Вусце, в., Аршанскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
16.08.1968
Краткая справка:
беларускі і расійскі кінадраматург, кінарэжысёр, пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951)
Варианты имени:
Садковіч Мікалай Фёдаравіч
Имена на других языках:
Садкович Микола (русский); Садкович Николай Фёдорович (русский);
2333 символа
Справка
Мікола Садковіч (Мікалай Фёдаравіч) з'яўляецца вядомым беларускім і расійскім кінадраматургам ігравога і дакументальнага кіно, кінарэжысёрам, пісьменнікам. Асабліва ярка яго літаратурны талент выявіўся ў творах на гістарычную тэматыку.
Нарадзіўся ён у в. Вусце Аршанскага павета Магілёўскай губерні (зараз Аршанскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям'і. Скончыў рэжысёрскі факультэт Дзяржаўнага тэхнікума кінематаграфіі ў Маскве (1928). Працаваў рэжысёрам і сцэнарыстам на кінастудыях Расіі і Украіны. У 1942–1945 гг. быў кіраўніком Беларускай кінагрупы на Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў у Маскве, разам з якой выязджаў у партызанскія зоны і на франты. У 1946–1947 гг. і ў 1950–1953 гг. з'яўляўся міністрам кінематаграфіі БССР, у 1953–1956 гг. намеснікам міністра культуры БССР. Узначальваў рускую секцыю Саюза пісьменнікаў БССР. У 1948–1950 гг. быў галоўным рэдактарам і рэжысёрам Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў у Маскве. Мікола Садковіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947–1959). З'яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР з 1947 г.
Яшчэ ў 1930-я гг. М. Садковіч пачаў пісаць апавяданні, нарысы. Творам характэрны дынамізм сюжэта, арыгінальнасць кампазіцыі і каларытнасць персанажаў. У беларускім друку выступіў у 1948 г. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Ён аўтар гістарычных раманаў «Георгий Скорина» (з Я. Львовым, 1951, папраўленае і дапоўненае выданне ў 1957 г.), «Мадам Любовь» (1966), «Повесть о ясном Стахоре» (1956), аповесці «Человек в тумане» (1960). У 1987 г. выйшаў аднатомнік «Мадам Любовь. Человек в тумане. Повесть о ясном Стахоре».
Мікола Садковіч з'яўляецца рэжысёрам мастацкіх і дакументальных фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (1930, абодва з Л. Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950; Дзяржаўная прэмія СССР, 1951). Ён сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М. Гогаля, 1940), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!») і «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У. Корш-Сабліным, 1944). Напісаў сцэнарыі фільмаў «Міколка-паравоз» (з М. Лыньковым, 1957), «Так мы жывём» (1958), «Наша зямля» (1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (1962), «Доля жаночая» (1967), «Я, Францыск Скарына» («Беларусьфільм», 1970).