Краткая справка:
пісьменнік, тэатральны крытык, літаратуразнавец, удзельнік падпольнага і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, імем якога названа вуліца ў Мінску, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Карпов Владимир Борисович (русский);
2279 символов
Справка
Значны ўклад у пасляваенную беларускую прозу ўнёс таленавіты мастак слова, аўтар раманаў, апавяданняў, крытычных артыкулаў Уладзімір Барысавіч Карпаў.
Нарадзіўся ён у г. Хвалынску Саратаўскай вобласці (Расія) у сям’і земскага ўрача. У 1921 г., у час голаду ў Паволжы, пераехаў разам з маці на Гомельшчыну ў в. Ёлча Брагінскага раёна. Пасля заканчэння ў 1929 г. сярэдняй школы працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў г. Рэчыца, затым настаўнікам у Гомельскай і Віцебскай абласцях. У 1941 г. завочна скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. У гады Вялікай Айчыннай вайны У. Карпаў удзельнічаў у падпольным і партызанскім руху, быў намеснікам камандзіра спецгрупы Мінскага абкама КПБ, старшым разведчыкам глыбокага тылу. Пасля вызвалення Мінска працаваў у рэдакцыях газет “Советская Белоруссия”, “Літаратура і мастацтва”, а з 1947 па 1960 г. быў загадчыкам аддзела прозы і крытыкі ў часопісе “Полымя”.
Літаратурную дзейнасць У. Карпаў пачаў як крытык. Выдаў зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў “Па шляху сталасці” (1952), “Крылаты ўзлёт” (1966). Першым значным празаічным творам пісьменніка з’яўляецца аповесць “Без нейтральнай паласы” (1950), якая напісана на аснове перажытага ў гады вайны. Пазней выйшлі з друку раманы “За годам год” (1957), “Вясеннія ліўні” (1961), “Нямігі крывавыя берагі” (1962), “Сотая маладосць” (1971) (аб’яднаны ў цыкл “На перавале стагоддзя”), працы над якімі пісьменнік аддаў больш за дваццаць гадоў. Творы прысвечаны барацьбе беларускіх партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пасляваеннаму жыццю рабочых і інтэлігенцыі. Апошняя кніга пісьменніка – зборнік апавяданняў і дакументальных навел пра мінскае падполле “Прызнанне ў нянавісці і любві” (1976).
Аб чым бы ні пісаў У. Карпаў, галоўны герой яго прозы – Мінск. Сваю ўлюбёнасць у горад пранёс пісьменнік праз усе гады свайго актыўнага творчага жыцця. Уладзімір Карпаў – адзін з аўтараў кнігі “Мы раскажам пра Мінск” (1964), аўтар тэксту да фотаальбома “Мінск” (1965), складальнік кніг “Горад і годы” (1967) і “Сквозь огонь и смерть” (1970). За баявыя і працоўныя заслугі У. Карпаў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі. Яго імем названа вуліца ў Мінску.