Важнае месца ў беларускай музыцы другой паловы ХХ ст. займае творчая дзейнасць Эты (Эдзі) Майсееўны Тырманд. Яе творы складаюць адну з яркіх старонак беларускай акадэмічнай музыкі.
Нарадзілася яна ў Варшаве ў сям’і служачага. Музычныя здольнасці выявіліся ў раннім узросце. Ужо ў 12 гадоў стала вучыцца на фартэпіянным аддзяленні Варшаўскай кансерваторыі. У 1935 г. Э. Тырманд паступіла на харавое аддзяленне кансерваторыі, працягваючы заняткі па фартэпіяна. Акрамя таго, яна працавала канцэртмайстрам у прыватных харэаграфічных студыях. Гэта праца была вельмі карыснай для будучага кампазітара, бо ёй даводзілася часта імправізаваць. У 1938 г. з’явіліся першыя музычныя творы – дзве песні для выпускнога экзамену па пастаноўцы голасу на харавым аддзяленні. Фартэпіяннае аддзяленне Варшаўскай кансерваторыі ёй скончыць не давялося. Пачалася Другая сусветная вайна. У канцы 1939 г. Э. Тырманд стала студэнткай фартэпіяннага аддзялення Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага ў класе А. Клумава. У час Вялікай Айчыннай вайны яна знаходзілася ў эвакуацыі ў Фрунзэ. Там працавала канцэртмайстрам, кіравала самадзейным эстрадным аркестрам на ваенным заводзе, выступала на канцэртах у шпіталях, арганізавала хор у дзіцячым доме, дзе ў асноўным былі дзеці з блакаднага Ленінграда, вучыла іх ігры на фартэпіяна, акампаніравала на занятках балетнага гуртка. У гэты перыяд пісала музыку для калектываў, якімі кіравала. Вярнуўшыся ў 1948 г. у Мінск, Э. Тырманд была залічана ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага адразу на другі курс кампазітарскага аддзялення ў клас А. Багатырова (скончыла ў 1952 г.), працягвала навучанне на фартэпіянным аддзяленні ў класе Р. Шаршэўскага (скончыла ў 1949 г.). У 1949–1989 гг. выкладала ў кансерваторыі, адначасова ў 1949–1962 гг. у Рэспубліканскай музычнай школе пры ёй. У 1954 г. стала членам Саюза кампазітараў СССР.
Творчасці Э. Тырманд уласцівы канкрэтнасць і шырокі дыяпазон вобразнага мыслення, экспрэсіўная манера пісьма, нацыянальная характэрнасць музычнай мовы, абумоўленая чуйным услухоўваннем у інтанацыйную і ладавую будову беларускай народнай песні. Пісала інструментальную музыку розных жанраў (ад буйных цыклічных твораў да характарыстычных мініяцюр), выяўляючы дасканалае веданне інструментаў, фактурную вынаходлівасць, разнастайнасць рытмікі. Такія тэмы, як цесная сувязь з Радзімай, бацькоўскім домам, лёсам роднага краю, філасофская праблема жыцця і смерці, былі знойдзены Э. Тырманд у паэзіі беларускіх класікаў і адлюстраваны ў яе вакальнай і харавой творчасці. Сімвалічнасць, глыбокі падтэкст, паэтыка алегорый і асацыяцый, шматзначнасць фарбаў прыцягвалі кампазітара ў паэзіі М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Танка, А. Дзеружынскага і інш. Цесная ўзаемасувязь з паэтычнай асновай, імкненне да музычнай дэталізацыі тэксту, сімвалічнае бачанне вобразаў прыроды, супастаўленне іх з унутраным станам чалавека – характэрныя рысы харавых твораў Э. Тырманд. Сярод вакальных цыклаў найбольш паказальнымі з’яўляюцца «Зямное прыцягненне» (1969) і «Мой хлеб надзённы» на вершы М. Танка. У паэзіі паэта кампазітар знаходзіць блізкія яе творчасці вобразы. У вакальным цыкле «Зямное прыцягненне» вобраз Радзімы паўстае праз розныя жыццёвыя ўспаміны – матчыну любоў і пяшчоту, светлыя дні маладосці, пакуты і нягоды вайны, радасць Перамогі. Для Э. Тырманд, якая ў вайну страціла ўсіх блізкіх і родных і ў 22 гады апынулася на чужыне, што стала ёй другой радзімай, гэты цыкл у пэўнай ступені з’яўляецца аўтабіяграфічным. Дыптых «Мой хлеб надзённы» ўяўляе сабой два рознахарактарныя рамансы. Першы «А што гэта за даліна?» – усхваляваны зварот да Радзімы, захапленне прыгажосцю роднай прыроды. Другі раманс «Мой хлеб надзённы» – думы пра будучыню роднай зямлі і сувязь чалавечых лёсаў з лёсам Радзімы. Поўны фарбаў і зачаравання зімовы цыкл на вершы М. Багдановіча «Зімой», «Завіруха», «Зімовая дарога» (усе 1955 г.). Да любоўна-пейзажнай лірыкі адносяцца «Шэпчуць тонкія рабіны» і «Блізіцца вечар» (1957) на вершы А. Дзеружынскага. Звярнуўшыся да паэтычнай творчасці Я. Купалы з яго багаццем вобразаў, Э. Тырманд стварыла музычна-паэтычны пейзаж «Восень» (1958), у якім апісанне прыроды аб’ядноўваецца з унутраным станам чалавека. Гэты хор уяўляе сабой карціну восеньскай прыроды, прасякнуты настроем суму. Для яго характэрны карцінна-маляўнічы пачатак. Цікавыя вакальныя творы, што напісаны на тэксты замежных аўтараў (Р. Бёрнса, Ф. Гарсія Лоркі, Б. Дадзье і інш.), якія ўсхваляюць ідэалы волі і роўнасці.
Многа ўвагі Э. Тырманд удзяляла інструментальнай, асабліва фартэпіяннай, музыцы. Для яе характэрна імправізацыйнасць, свабоднае выказванне. У п’есах для альта, віяланчэлі, скрыпкі ў суправаджэнні фартэпіяна Э. Тырманд паўстае як яркі і самабытны кампазітар, які арыгінальна выкарыстоўвае розныя стылявыя якасці. Сярод твораў – другі канцэрт для фартэпіяна з аркестрам (1956), санаты для фартэпіяна (1969), альта і фартэпіяна (1961), віяланчэлі і фартэпіяна (1971), скрыпкі і фартэпіяна (1972), а таксама саната і п’есы для цымбалаў і фартэпіяна; санаціны, сюіты, такаты для фартэпіяна, «Сюіта ў стылі рэтра» для домры і фартэпіяна (1977) і інш.
Багаты свет дзіцячай музыкі кампазітара. Ёй створаны санаціна, варыяцыі, сюіты і цыклы мініяцюр для фартэпіяна, складаныя хары а капэла і простыя двухгалосныя песні для дзіцячых калектываў. Ёсць і шмат забаўных песенек для дзяцей, разлічаных на выкананне дарослымі спевакамі.
У сваіх творах Э. Тырманд увасобіла яркія вобразы, насычаную эмацыянальную гаму, тонкі лірызм, маляўнічую музычна-выразную палітру. Творчасці кампазітара ўласцівы змястоўнасць, жанравая разнастайнасць і прафесіяналізм. У 2007 г. адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя ў гонар 90-годдзя Э. Тырманд, прысвечаная праблемам навучання канцэртмайстарскаму майстэрству.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.