Краткая справка:
акцёр, рэжысёр, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2000)
Имена на других языках:
Шмаков Фёдор Иванович (русский);
3314 символа
Справка
Вялікае, цікавае жыццё народнага артыста Беларусі (1959) і СССР (1975) Фёдара Іванавіча Шмакава ўвабрала ў сябе цэлую эпоху.
Нарадзіўся ён у Петраградзе за месяц да таго, як апошні расійскі імператар Мікалай II адмовіўся ад прастола. Праз год сям’я пераехала ў невялікі гарадок Рашаль Маскоўскай вобласці. Бацька пачаў працаваць на заводзе, куды пасля заканчэння сямігодкі прыйшоў і Фёдар. Хлопец удзельнічаў у заводскай самадзейнасці, марыў пра тэатр. Яму параілі вучыцца, і Ф. Шмакаў паступіў у Ленінградскі тэатральны інстытут на курс В. Мяркур’ева, які скончыў у 1939 г. Мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Магілёва народны артыст Беларусі Дз.А. Арлоў запрасіў увесь мяркур’еўскі курс да сябе ў тэатр. Так Ф.І. Шмакаў апынуўся ў Беларусі. Летам 1941 г. ён разам з тэатрам быў на гастролях у Беластоку. Тут іх і застала вайна. Ваенныя дарогі прывялі Фёдара Іванавіча ў Віцебск, дзе ён уступіў у трупу Другога беларускага дзяржаўнага тэатра, з якім звязаў сваё жыццё назаўсёды.
За гады працы ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа Ф.І. Шмакаў стварыў вялікую галерэю самых розных вобразаў. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, ён з аднолькавым поспехам выступаў як у сучасным рэпертуары (Горлаў з п’есы А. Карнейчука “Фронт”, Каравай з “Таблеткі пад язык” А. Макаёнка, Салавейчык з “Амністыі” М. Матукоўскага, Альховік з “Трывогі” А. Петрашкевіча, Васкоў з “А досвіткі тут ціхія…” паводле Б. Васільева), так і ў творах класічнай драматургіі (Акім з “Улады цемры” Л. Талстога, Прысыпкін з “Клапа” У. Маякоўскага, Гараднічы з “Рэвізора” М. Гогаля, Гразноў з п’есы А. Астроўскага “Праўда – добра, а шчасце лепш”, Берлі з “Марыі Сцюарт” Ф. Шылера). Акцёр выконваў ролі драматычныя, вострахарактарныя, камедыйныя - больш за дзвесце роляў.
Творчым дасягненнем Ф. Шмакава стала роля Несцеркі з аднайменнай камедыі В. Вольскага, якую ён выканаў пасля незабыўнага А. Ільінскага. Асобнае месца ў творчасці артыста займаў вобраз У.І. Леніна, увасоблены ў спектаклях “Сям’я” (І. Папова), “Вечная крыніца” (Дз. Зорына), “Трэцяя патэтычная” (М. Пагодзіна). За выкананне ролі Леніна ў спектаклі “Шостае ліпеня” (М. Шатрова) артыст атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі 1968.
Каля пяцідзесяці роляў сыграў Ф.І. Шмакаў у кіно. Здымаўся ў фільмах “Бессмяротная песня”, “Качубей”, “Узнятая цаліна”, “Балтыйскае неба”, “Доўгія вёрсты вайны”, “Першыя выпрабаванні”, “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і інш.
З 1960-х гадоў выступае Ф. Шмакаў як рэжысёр. Ім пастаўлены спектаклі “Бацькаўшчына” (К. Чорнага), “Шануй бацьку свайго” (В. Лаўрэнцьева), “Трывога” (А. Петрашкевіча), “Семнаццаць імгненняў вясны” (Ю. Сямёнава і У. Токарава), “Несцерка” (В. Вольскага). Менавіта праз рэжысёрскую працу перадаваў Шмакаў маладым свой багаты акцёрскі вопыт.
У 1998 г. акцёр сыграў у сваім бенефісным монаспектаклі “Лебядзіная песня” (А. Чэхава), у 2000 г. паставіў п’есу А. Астроўскага “Праўда дабра, а шчасце лепш”, а ў 2006 г. сказаў у інтэрв’ю: “…хочацца добрую драматычную ролю, якую, нягледзячы на свой узрост, я іграў бы з поўнай аддачай. Хацелася б аддавацца тэатру поўнасцю – калі ты патрэбны, тады і сілы аднекуль бяруцца для таго, каб яшчэ працаваць і працаваць”*.