Дата рождения:
07.03.1912 Шайтарава, в., Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
14.08.1975
Краткая справка:
пісьменнік, перакладчык, заслужаны работнік культуры Беларусі, кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны"
Псевдонимы:
Вярзіла Тарас; Вяроўка; Вяроўка Т.; Ліпнёвы Тарас
Имена на других языках:
Хадкевич Тарас Константинович (русский);
Криптонимы:
Т. Хад.; Т.В.; Тар. Вяр.; Тар. Х-віч; Тар. Хад.; Х.
3819 символов
Справка
Сярод пісьменнікаў Віцебшчыны імя Тараса Канстанцінавіча Хадкевіча займае пачэснае месца, а пакінутая ім творчая спадчына сведчыць аб тым, што праца яго на літаратурнай ніве была плённай і значнай. На радзіме кнігі таленавітага пісьменніка заўсёды застаюцца ў пашане, бо ён – адзін з тых людзей, якія прынеслі Прыдзвінскаму краю вядомасць і славу.
Нарадзіўся Т. Хадкевіч 7 сакавіка 1912 г. у в. Шайтарава Верхнядзвінскага раёна ў сялянскай сям’і. Лёс звычайнага сялянскага хлопчыка нельга назваць простым, але Тарас заставаўся перакананым аптымістам і нястомным працаўніком. Пад уплывам сястры-настаўніцы ў яго рана выявілася цікавасць да мастацкага слова: яшчэ падчас навучання ў пятым класе сямігодкі ў школьнай сценгазеце быў змешчаны яго першы верш “Да новага жыцця”, а ў 1925 г. ён выступіў са сваімі вершамі ўжо ў часопісе “Малады араты”.
У 1927 г. Т. Хадкевіч паступіў у Полацкі педагагічны тэхнікум, пасля заканчэння якога працаваў у рэдакцыі акруговай газеты “Чырвоная Полаччына” літаратурным работнікам і адказным сакратаром. З 1931 г. малады чалавек у Мінску: вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, працаваў у Беларускім тэлеграфным агенцтве, рэдакцыі газет “Рабселькор”, “Чырвоная змена” і “Звязда”. У гэты перыяд захапляўся паэзіяй, выдаў зборнік вершаў “Смялей, таварыш!” (1932).
У час Вялікай Айчыннай вайны Т. Хадкевіч – камандзір узвода, ваяваў пад Вялікімі Лукамі і Тарапцом (Расія). У верасні 1941 г. паранены трапіў у палон і быў зняволены ў лагер ваеннапалонных у Тарапцы, потым пераведзены ў лагер у Даўгаўпілсе (Латвія). Тройчы ўцякаў з палону: апошні раз, вясной 1945 г., паспяхова. Удзельнічаў у інтэрнацыянальным руху Супраціўлення на тэрыторыі Германіі, у складзе Чырвонай Арміі пабываў у Чэхаславакіі, Венгрыі, Польшчы.
Пасля дэмабілізацыі Тарас Канстанцінавіч вярнуўся ў Мінск, працаваў раз’язным карэспандэнтам у газеце “Звязда”, загадчыкам аддзела публіцыстыкі газеты “Літаратура і мастацтва”, літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1947 г. быў прыняты ў склад членаў Саюза пісьменнікаў БССР.
У пасляваенны час Т. Хадкевіч выступаў як празаік. Яго аповесці “Братэрства”, “Рэха ў гарах” былі прысвечаны інтэрнацыянальнай еднасці антыфашыстаў, аповесць “Вяснянка” – жыццю калгаснай вёскі. Яго аповесці, апавяданні і нарысы друкаваліся ў перыядычных выданнях, выходзілі асобнымі кнігамі, перакладаліся на мовы народаў СССР. Так, у 1959 г. Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла ў свет раман “Даль палявая”, прысвечаны пасляваенным справам савецкіх людзей, крыху пазней – кнігу-нарыс “Мая Беларусь” і зборнік апавяданняў “Сад у квецені”. Людзям новабудоўляў пісьменнік прысвяціў нарыс “Нафтагігант на Дзвіне” (1963) і раман “Песня Дзвіны” (1975). Актыўна працаваў Т. Хадкевіч і ў галіне дзіцячай літаратуры. Надрукаваў зборнікі апавяданняў “За сінім лесам” (1951), “На новым месцы” (1954), “Спеюць яблыкі” (1959), “Жыла-была казка” (1967), “Дзвіна пайшла” (1968). Займаўся пісьменнік і перакладамі: на беларускую мову перакладаў творы М. Горкага (“У Амерыцы”), А. Чайшвілі (“Лело”) і інш. Быў суаўтарам кніг “Беларуская ССР” (1958) і “Мы раскажам пра Мінск” (1964).
Літаратурная і грамадская праца Тараса Канстанцінавіча была адзначана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, медалямі. У 1972 г. яму было прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”. На радзіме пісьменніка ў в. Шайтарава на доме, у якім ён нарадзіўся, усталявана мемарыяльная дошка, у планах – пабудаваць Дом-музей пісьменніка. У мясцовай школе створаны сапраўды ўнікальны музейны куток памяці славутага земляка. Імя Тараса Хадкевіча носяць Верхнядзвінская цэнтральная раённая бібліятэка і вуліца ў Полацку.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2012 г.