Адметнае месца сярод беларускіх пісьменнікаў належыць Леаніду Януаравічу Прокшу, які плённа працаваў у жанры сатырычнай і гумарыстычнай прозы.
Нарадзіўся ён у Полацку ў сям’і рабочага. У 1931 г. скончыў Мінскі педагагічны тэхнікум. З 1931 па 1934 г. быў загадчыкам пачатковай школы ў в. Кустаўніца Нараўлянскага раёна (зараз Мазырскі раён Гомельскай вобласці), затым з 1934 па 1935 г. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе і на рабфаку ў Барысаве. Служыў у Чырвонай Арміі (1935–1937). Працаваў літсупрацоўнікам у газеце «Віцебскі рабочы» (1937–1940), у польскай газеце «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды») (1940–1941), рэдактарам польскай рэспубліканскай дзіцячай газеты «Pionier» («Піянер») (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны быў інструктарам-літаратарам аддзела палітупраўлення Заходняга, затым 3-га Беларускага франтоў, працаваў ваенным журналістам. У 1955 г. скончыў ваенна-палітычную акадэмію імя У.І. Леніна. У 1956–1958 гг. быў загадчыкам аддзела часопіса «Коммунист Белоруссии», у 1958–1969 гг. – рэдактарам газеты «За вяртанне на Радзіму» (з 1960 г. «Голас Радзімы»). З 1969 па 1972 г. з’яўляўся галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Друкаваўся Л. Прокша з 1937 г. Спачатку дасылаў творы ў газету «Віцебскі пралетарый», затым выступіў у рэспубліканскім друку. Пісаў на беларускай, рускай і польскай мовах. Першае апавяданне «Порка» ўвайшло ў зборнік «Франтавыя апавяданні» (1942). Леанід Прокша працаваў у розных празаічных жанрах, імкнуўся да адкрыцця новых творчых гарызонтаў. Вастрынёй гумару вызначаюцца яго памфлеты, фельетоны, апавяданні, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі. Пісьменнік звяртаўся да актуальных сацыяльных тэм, выкрываў маральныя заганы людзей, уздымаў праблемы агульначалавечых каштоўнасцей, нормаў і правілаў грамадства. Апісаныя сатырыкам гісторыі вызначаюцца цікавасцю, запамінальнасцю, рэалістычнасцю характараў герояў, падрабязнасцю бытавых дэталяў.
Літаратурная спадчына Л. Прокшы прадстаўлена зборнікам апавяданняў і нарысаў «Источник красоты» (1960); кнігамі гумарыстычных апавяданняў і памфлетаў «Каб жылося-вялося» (1961), «Камедыянты» (1961), «Кантроль сумлення» (1963), «Праз туманы» (1964), «След вядзе за мяжу» (1965), «Інтрыгі прэзідэнцкага двара» (1967), «Не ў тым поездзе» (1971), «Самадзейнасць у ліфце» (1972), «Зося смяецца» (1982), «Призраки и президенты» (1988); раманамі «Пакуль жывеш на свеце» (1980), «Туника Несса» (1986), «Урок любві і нянавісці» (1990). Ён з’яўляецца аўтарам аповесці «Ці варта было жаніцца» (1968), дакументальнай аповесці «За Добрыцай рэчкай» (1975), нарыса «Герои Олерона» (1965, у суаўтарстве з В. Андрэевым і У. Сасінскім), кніг публіцыстыкі «По обе стороны океана» (1968), «Туман развеецца» (1970), «Візітная картка народа» (1972). Пісаў Л. Прокша і для дзяцей (аповесці «Мальчик в больших башмаках» (1963), «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі» (1973), «Стрэлы над ярам» (1974)). Творы пісьменніка ўключаны ў калектыўныя зборнікі «Крывавы бізнес» (1966), «Вожык у дарозе» (1966), «На перекрестках планеты» (1970), «Боевые дороги» (1985) і інш. Апавяданні, нарысы, памфлеты, фельетоны, рэцэнзіі, гумарэскі публікаваліся ў газетах «Звязда», «Советская Белоруссия», «Сельская газета», «Во славу родины», «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», «Піянер Беларусі», «Зорька», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Работніца і сялянка», «Промышленность Белоруссии», «Служба быта Белоруссии», «Вожык», «Бярозка». Творы Л. Прокшы перакладзены на рускую, азербайджанскую, армянскую, балгарскую, казахскую, латышскую, літоўскую, татарскую, украінскую, эстонскую мовы.
Пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР, польскім Залатым крыжам за заслугі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.