Краткая справка:
лётчык, удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг., абароны Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1941), кавалер ордэна Леніна
Имена на других языках:
Гастелло Николай Францевич (русский);
4162 символа
Справка
Будучы лётчык-герой нарадзіўся 6 мая 1907 г. у Маскве ў сям’і рабочага Франца Гастэлы, які паходзіў з в. Плужыны, што на Карэліччыне (Гродзенская вобласць). Дзяцінства Мікалая прайшло ў Сакольніках, вучыўся ён у Сакольніцкім гарадскім мужчынскім вучылішчы. У 1918 г. з-за голаду Мікалая разам з іншымі вучнямі пераправілі ў Башкірыю, дзе ў адным з былых памешчыцкіх уладанняў пад Уфой была створана школа-калонія для эвакуіраваных дзяцей. У хуткім часе Уфа была захоплена белагвардзейскімі групоўкамі Калчака, школа-калонія разбурана, а дзеці ў пошуках сродкаў на жыццё разышліся на сельскагаспадарчыя работы ў бліжэйшыя вёскі. Пайшоў у вёску і малады Гастэла. Толькі праз год ён здолеў вярнуцца да бацькоў у Маскву і працягнуць сваю вучобу ў школе.
У 1925 г. уся сям’я перабралася ў г. Мурам (Уладзімірская вобласць, Расія). Шэсць гадоў, праведзеных тут, сталі для Мікалая самымі насычанымі і шчаслівымі: ён уладкаваўся на працу на паравозарамонтны завод, удзельнічаў у заводскай мастацкай самадзейнасці, вёў актыўнае грамадскае жыццё, арганізаваў футбольную каманду, паступіў на агульнаадукацыйныя трохгадовыя курсы мурамскага аддзела асветы Маскоўска-Казанскай чыгункі, сустрэў асабістае шчасце і стварыў уласную сям’ю.
У 1930 г. М. Гастэла перабраўся ў Маскву, дзе ўладкаваўся слесарам на Першы дзяржаўны механічны завод будаўнічых машын імя Першага Мая. У Асаавіяхіме захапіўся парашутным спортам. У маі 1932 г. стаў курсантам Луганскай ваеннай школы лётчыкаў № 11, пасля заканчэння якой быў накіраваны ў Растоўскую лётную часць. У 1935 г. малады лётчык атрымаў вайсковае званне старшага лейтэнанта, у хуткім часе быў прызначаны камандзірам атрада, а ў 1940 г. – памочнікам камандзіра цяжкой эскадрыллі. У гэты перыяд ён лятаў на цяжкім чатырохматорным бамбардзіроўшчыку ТБ-3, які быў абсталяваны складаным тэхнічным і моцным для свайго часу ўзбраеннем, удзельнічаў у паветраных баях на Халхін-Голе і ў Фінляндыі, выконваў даручэнні па транспартыроўцы параненых.
У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны М.Ф. Гастэла кіраваў авіяэскадрылляй ужо ў званні капітана. За першыя пяць дзён вайны лётчык здзейсніў 3 баявыя вылеты. Падчас гэтых аперацый быў нанесены моцны ўдар па групоўках ворага на дзяржаўнай мяжы ў раёне Брэста, Пружан і Кобрына, знішчана каля 40 нямецкіх самалётаў на Віленскам аэрадроме.
26 чэрвеня 1941 г. Мікалай Францавіч здзейсніў свой апошні вылет, які стаў гераічным подзвігам і прыкладам мужнасці. У баявую задачу экіпажаў трох самалётаў, што вылецелі на заданне, уваходзіла бамбёжка групоўкі праціўніка, якія ішлі з Вільні на Мінск. У раёне в. Радашковічы (Маладзечанскі раён, Мінская вобласць) лётчыкі адшукалі вялікую матарызаваную калону ворага і нанеслі па ёй бомбавы ўдар. Самалёты М. Гастэлы і А. Маслава былі падбіты. Капітан Гастэла разам з астатнімі членамі свайго экіпажу – штурманам А.А. Бурдзенюком, стралком-радыстам А.А. Калініным, стралком Р.М. Скарабагатым – накіравалі моцна пашкоджаны і ахоплены полымем самалёт на варожыя танкі, аўтамашыны і бензацыстэрны каля в. Дзякшняны. Самалёт і экіпаж загінулі, знішчыўшы пры гэтым дзясяткі адзінак варожай тэхнікі і больш за сотню салдат. Усе члены экіпажа М.Ф. Гастэлы былі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, а камандзіру было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. З баявога задання вярнуўся толькі экіпаж Ф. Вераб’ёва. Прызнанне подзвігу другога загінуўшага ў гэтай аперацыі экіпажа пад камандаваннем А. Маслава прыйшло толькі ў 1990-я гг., дагэтуль яны лічыліся прапаўшымі без вестак. Лётчыкі пасмяротна былі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені і прызнаны Героямі (Расіі і Казахстана).
На месцы тарана на шашы Маладзечна-Радашковічы ўстаноўлены помнік-мемарыял. Помнікі ў гонар М.Ф. Гастэлы ўстаноўлены ў в. Радашковічы, г. Мінску, г. Сухумі (Абхазія), на радзіме бацькі героя (в. Плужыны) і на тэрыторыі Луганскага вышэйшага авіяцыйнага вучылішча. На будынку школы № 370 г. Масквы, у якой вучыўся Герой, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя носяць вуліцы ў Беларусі, Расіі, Казахстане і Украіне.