Дата рождения: 11 ці 24 мая 1897 Ковенская губерня
Дата смерти: 22.12.1986
Краткая справка: мастак, які працаваў у розных тэхніках станковай і кніжнай графікі, станковым жывапісе, адзін з заснавальнікаў беларускай кніжнай графікі
Имена на других языках: Tytchyna Anatol Mikalaevitch (не определен); Тычина Анатолий Николаевич (русский);
Анатоль Мікалаевіч Тычына, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай школы графікі, вядомы майстар экслібрыса, увайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як мастацкі летапісец Мінска.
Ён нарадзіўся ў в. Грузджай Ковенскай губерні (цяпер Літва) у сям’і служачага валасной управы. Пасля смерці бацькі маці ў 1898 г. пераехала ў Коўна, потым у Шаўляй, дзе Анатоль паступіў у двухкласнае гарадское вучылішча. Першыя ўрокі па малюнку і кампазіцыі атрымаў у мастака І. Севасцьянава, які пазнаёміў яго з творчасцю лепшых рускіх і заходнееўрапейскіх жывапісцаў, навучыў карыстацца акварэльнымі і алейнымі фарбамі. Пад кіраўніцтвам настаўніка таленавіты вучань рабіў натурныя замалёўкі, копіі з класічных твораў. У 1911 г. ён удзельнічаў у сельскагаспадарчай выстаўцы Паўночна-Заходняга краю, якая адбылася ў Шаўляі, дзе прадставіў свае творы – натурныя эцюды, гарадскія пейзажы, копіі з работ А. Бёкліна, К. Сомава, А. Васняцова і інш. Работы былі заўважаны і адзначаны дыпломам І ступені. Пасля заканчэння вучобы А. Тычына працягваў адукацыю ў Пензенскім мастацкім вучылішчы імя М.Д. Селіверстава. Гэта навучальная ўстанова, дзе выкладалі вядомыя рускія жывапісцы К. Савіцкі, І. Горушкін-Саракапудаў і іншыя, лічылася адной з лепшых мастацкіх школ таго часу. Падзеі Першай сусветнай вайны прымусілі А. Тычыну пакінуць вучылішча і пераехаць у Омск. Там ён працаваў чорнарабочым, табельшчыкам на чыгунцы і адначасова займаўся на мастацкіх курсах, заснаваных пры Таварыстве мастакоў і аматараў вытанчаных мастацтваў Стэпавага краю. Выкладчыкамі А. Тычыны былі вопытныя педагогі А. Кліменцьеў, Ю. Куртукоў і інш. Падчас вучобы будучы мастак асноўную ўвагу ўдзяляў малюнку, рабіў злепкі з антычных фігур і выконваў эцюды з натуры, займаўся гравюрай. У сваіх першых творах «У сібірскім займішчы», «На рацэ Іртыш», «Вярблюды» (усе 1920), «Аўтапартрэт» (1921), «Вандроўны кітайскі тэатр» (1922) і іншых ён выпрацоўваў уласны аўтарскі почырк, ствараў асаблівы стыль, у якім спалучаліся мадэрн і канструктывізм.
У 1922 г. А. Тычына пераехаў у Мінск і адразу ўключыўся ў творчае, культурнае і грамадскае жыццё рэспублікі. Працаваў мастаком пры ўпраўленні Заходняй чыгункі, пісаў дэкарацыі для драматычнага гуртка, выкладаў маляванне ў мінскай чыгуначнай школе, з сярэдзіны 1920-х гг. з’яўляўся супрацоўнікам Музея рэвалюцыі БССР. У 1926–1927 гг. уваходзіў у камісію гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры, быў абраны захавальнікам фонду экслібрыса Беларускага таварыства бібліяфілаў (1926–1929). Ён удзельнічаў у экспедыцыях па зборы каштоўнасцей мастацтва, у тым ліку слуцкіх паясоў, стварэнні ўзораў набіванкі для выкарыстання ў сучаснай вытворчасці, абнаўленні традыцыйных матываў беларускага экслібрыса і інш. У 1932 г. і пазней (1938–1941) займаўся афармленнем беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. З 1936 па 1941 г. выконваў мастацка-афарміцельскія работы па дагаворах з Упраўленнем па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР, Мінскім гаркамам, выдавецтвамі, Белдзяржэстрадай, Белдзяржкіно і іншымі ўстановамі.
Сяброўства з дзеячамі культуры і літаратуры, творчыя камандзіроўкі, наведванне прадпрыемстваў, беларускіх гарадоў і вёсак стваралі тую атмасферу, у якой мацнеў талент мастака. Яго работы «На электрастанцыі» і «Слясарны цэх» (1925), «На Мінскай чыгуначнай станцыі», «На шпалернай фабрыцы», «Ля чыгуначнага дэпо» (усе 1926), «На скураным заводзе» і «На будаўніцтве шашы» (1931) і іншыя аб’ядноўвае адна агульная тэма – працоўнае жыццё рэспублікі. Вынікам падарожжаў па Гомельшчыне, Мазыршчыне, Случчыне, Лепельшчыне, Міншчыне сталі замалёўкі, якія потым былі выкарыстаны ў лістах «Гомель. Былы палац» (1923), «Стары Лепель» і «З поўным» (1927), «На Палессі» і «Млыны Палесся» (1941) і інш. З 1924 г. А. Тычына пачаў займацца кніжнай ілюстрацыяй. Ён аформіў першае выданне паэм «Магіла льва» і «Над ракой Арэсай» Я. Купалы, зрабіў малюнкі да кнігі «Чалавек ідзе» Я. Маўра, твораў К. Крапівы, З. Бядулі, А. Гурло. Адным з першых беларускіх мастакоў савецкага перыяду А. Тычына асвоіў малыя графічныя формы – часопісную графіку і паштовыя знакі. Асобнай старонкай творчасці стала захапленне экслібрысам. У 1928 г. была выдадзена кніга А.А. Шлюбскага «Exlibris’ы Тычыны», якая стала ўзорам паліграфічнага мастацтва БССР 1920–30-х гг. Экслібрысы мастака знаходзяцца ў зборах музеяў і бібліятэк Беларусі, Расіі, Літвы.
Значнае месца ў творчасці А. Тычыны займаў вялікі цыкл «Мой Мінск», які адлюстраваў гісторыю горада. Першыя малюнкі «Стары Мінск» і «З былога Мінска» (1922) былі зроблены адразу пасля пераезду з Омска. У іх мастак перадаў свае ўражанні ад гарадскіх краявідаў, адлюстраваў характэрнае аблічча беларускай сталіцы – грунтоўныя будынкі гістарычнай часткі горада, вузкія старыя вуліцы, пагоркі. Наступныя творы «Мінск. Дом на Камсамольскай вуліцы (былая Багадзельная)» (1924), «Ля вежы-званіцы» (1926), «Стары Мінск» (1930), «Плац Волі» (1931) з’яўляюцца жывымі замалёўкамі з натуры, гістарычнымі дакументамі тагачаснай архітэктуры. Пашыраючы кола мінскіх матываў, А. Тычына маляваў і новыя будынкі. Гэта адлюстравана ў работах «Ля дома Чырвонай Арміі», «Бібліятэка імя У.І. Леніна», «Савецкая вуліца» (усе 1940) і іншых, дзе ўвага мастака сканцэнтравана на самых выразных дэталях (помніках, вазах, калонах, адметных фасадах), якія з’яўляліся найбольш тыповымі для гарадскога будаўніцтва таго часу. У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Тычына заставаўся ў Мінску. Мастак адразу ўзяўся за аловак, каб адлюстраваць цяжкае жыццё людзей і вобраз горада, якія апынуліся пад уладай нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маўклівыя руіны, спаленыя бязлюдныя вуліцы, дэфармаваныя будынкі без дахаў былі намаляваны на многіх яго аркушах. У гады вайны А. Тычына працаваў таксама над тэмай беларускіх народных казак. Самымі даступнымі сродкамі (туш, пяро, чорная акварэль, бялілы) яму ўдалося стварыць цудоўныя эпічныя малюнкі. Невялікія па памерах, яны нагадваюць велічныя роспісы, габелены, у ніжняй частцы якіх знаходзіцца дэкаратыўны бардзюр, дзе напісаны назвы казак на беларускай мове. Кожны аркуш выразна перадае напружаную барацьбу светлых і цёмных кантрастаў, а таксама веру ў перамогу станоўчага, народнага, шчырага. У 1960 г. гэтыя ілюстрацыі былі перададзены з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Дзяржаўны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Менавіта яны паклалі пачатак эпічным распрацоўкам беларускай паэзіі ў кніжнай графіцы 1960–1970 гг.
У пасляваенныя гады А. Тычына працягваў працаваць над цыклам «Мой Мінск». Яго работы «Мінскі вакзал» (1946), «Аднаўленне Мінска» (1948), «Вуліца Карла Маркса», «Новы бульвар на Камсамольскай вуліцы» (усе 1949) і іншыя, выкананыя ў тэхніцы каляровай лінагравюры, спалучаюць у сабе лірызм, дакладнасць адлюстравання характэрных рыс горада, адбудаванага на руінах і папялішчы. Мінск 1950-х гг. паўстае на гравюрах А. Тычыны адной з самых маладых сталіц СССР, якая мае свой вобразны характар. «Новыя дамы на Прывакзальнай плошчы» (1952), «Над ракой Свіслач» (1954), «Плошча Перамогі» (1956), «Ля Цэнтральнага сквера» (1957) – лінарыты, зробленыя ў гонар адбудаванага новага Мінска. Асаблівую ўвагу мастак надаваў старому гораду. Акцэнтуючы ўвагу на рэштках даўніны і даваеннага часу, маляваў старажытныя помнікі: Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, Дом работнікаў мастацтва (былы Мінскі царкоўна-археалагічны музей), Дом-музей Першага з’езда РСДРП, Мінскі акружны Дом афіцэраў (пабудаваны на падмурку сабора былога архірэйскага падвор’я) і інш. Цыкл «Мой Мінск», дзе сканцэнтраваліся ўсе лепшыя бакі творчасці А. Тычыны (завершанасць, стрыманасць, пераемнасць мастацкіх традыцый), стаў кульмінацыяй, апагеем развіцця яго таленту. Работы мастака 1970–80-х гг. адрозніваюцца разнастайнасцю і багаццем матываў. Шмат твораў гэтага перыяду прысвечана стваральнай працы («У аэрадоку», 1976; трыпціх «Над ракою Арэсай», 1980); дзеячам беларускай культуры («Я. Купала ў камунараў Палесся», 1981; «М. Багдановіч у Ялце», 1982); беларускай прыродзе («На возеры», 1976). Графічныя работы «На дзіцячай чыгунцы», «Зона адпачынку (Зялёны луг)», «Праспект Леніна (Усход 1)» , напісаныя ў 1984 г., адлюстроўваюць вобразы роднага горада.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.