Дата рождения:
19.08.1912 Бабруйск, г., Магілёўская вобласць
Дата смерти:
17.06.1954
Краткая справка:
пісьменнік, крытык
Псевдонимы:
Барыс М.; Міхайлаў Б.
Имена на других языках:
Микулич Борис Михайлович (русский);
Криптонимы:
Б.М-ч; Б.М.; БаМ; М.Б.
5848 символов
Справка
Чалавек нялёгкага, нават трагічнага лёсу Барыс Міхайлавіч Мікуліч заўсёды з годнасцю і чыстым сумленнем перамагаў цяжкасці. Жыццём, а не проста любімым заняткам ці працай была для яго літаратура. На шчасце, творчая спадчына пісьменніка захавалася. Лепшыя апавяданні, аповесці майстра прозы вылучаюцца псіхалагізмам, глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары, жывой вобразнай мовай.
Нарадзіўся Б. Мікуліч у г. Бабруйску ў сям’і медыкаў. Бацькі, Міхаіла Вікенцьевіча (фельчара), не стала ў 1919 г., маці, Марыя Антонаўна (акушэрка), памерла ў 1927 г. Дома была багатая бібліятэка, і будучы пісьменнік яшчэ з маленства далучыўся да сусветнай класікі. Ужо ў другім класе пачаў пісаць вершы. Пазней разам з аднакласнікамі выпускаў школьны часопіс. У 1927 г. з’явіліся першыя апавяданні. Творы падпісваў псеўданімамі Б. Міхайлаў і Барыс М. Прымаў актыўны ўдзел у рабоце Бабруйскай філіі “Маладняка”, у 1928 г. стаў яе членам. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1929) працаваў у рэдакцыі бабруйскай газеты “Камуніст”. У 1930 г. пераехаў у Мінск. З гэтага часу працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, газеце “Літаратура і мастацтва”, у 1936 г. запрошаны чытаць курс тэорыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Камуністычны інстытут журналістыкі. Адначасова вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце (1930), на літаратурных курсах у Маскве (1934–1935). З 1934 г. з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Менавіта на 1930-я гг. прыйшоўся росквіт літаратурнай дзейнасці Б. Мікуліча. Друкаваўся ў часопісах “Маладняк”, “Вясна”, газетах “Савецкая Беларусь”, “Літаратура і мастацтва”. Пісаў рэцэнзіі, крытычныя артыкулы. У творах пісьменніка гэтага перыяду можна выявіць некаторыя агульныя тэндэнцыі літаратурнага працэсу ў Беларусі канца 1920-х – пачатку 1930-х гг. Вострасюжэтная, прасякнутая пафасам тагачаснага будаўніцтва проза Б. Мікуліча адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна (зборнікі апавяданняў “Удар” і “Чорная вірня” (абодва 1931), “Яхант” (1935), аповесці “Наша сонца”, “Ускраіна” (абедзве 1932), “Дужасць” (1934), “Дружба” (1936)). Тэматыка твораў пісьменніка даваеннага перыяду самая разнастайная: падзеі грамадзянскай вайны (апавяданні “Адыйшло... Адкацілася...”, “Раяль”), замалёўкі з вясковага і грамадскага побыту (апавяданні “Акалічнасць”, “Воля сыновая”), паслякастрычніцкая рэчаіснасць (апавяданні “Ворагі”, “Цагельня”) і інш. Ён адлюстраваў рамантыку рэвалюцыйнай эпохі, небывалы ўздым і працаздольнасць свайго пакалення і, паспяваючы за гарачымі падзеямі, імкнуўся аператыўна раскрываць іх у творах. Для Б. Мікуліча індустрыялізацыя краіны – гэта грандыёзная па сваіх маштабах і значнасці падзея, якая патрабавала наватарскіх сродкаў мастацкага ўвасаблення. Апавяданні аўтара вылучаюцца метафарычнасцю мовы, лозунгавасцю, дэкларатыўнасцю. У імкненні пісьменніка да шырокага ахопу падзей, жаданні адлюстраваць жыццё ў самых разнастайных яго праявах выявілася і агульная для ўсёй савецкай літаратуры таго перыяду тэндэнцыя да эпічнасці, шматграннага рэалістычнага паказу жыцця. Барыс Мікуліч напісаў п’есу “Rot Front” (1933). Пераклаў на беларускую мову раман А. Вясёлага “Краіна родная”(з Р. Бахтам, 1932), аповесць У. Лідзіна “Магіла невядомага салдата” (1934).
Творчая праца пісьменніка была гвалтоўна спынена: 26 лістапада 1936 г. яго беспадстаўна арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў спачатку ў Новасібірскай вобласці, затым – у Краснаярскім краі. У 1943 г. пераведзены ў катэгорыю ссыльнага, працаваў інжынерам, пасля – начальнікам аддзела працы і зарплаты аднаго з лагераў. Пасля вызвалення ў 1946 г. Б. Мікуліч паехаў да сястры Кацярыны ў Ашхабад. Там напісаў першую частку гістарычнага рамана “Адвечнае” (надрукавана ў 1972 г.) з задуманай эпапеі пра змаганне беларускага народа ў Айчынную вайну 1812 г. Занатоўваў па памяці вершы, якія былі створаны ў гады зняволення (“Вяшчун”, “Прымета”, “9 мая”, “Крыніца”, “Казбек” і інш.). Барыс Мікуліч не мог больш чакаць рэабілітацыі: яго нястрымна цягнула на радзіму. У чэрвені 1947 г. пісьменнік вярнуўся ў Беларусь, жыў у Бабруйску, Цераховічах на Лагойшчыне, працаваў у адной з бабруйскіх бібліятэк (1947–1949). Пачынаючы з 1946 г. шмат пісаў, асабліва пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны (аповесці “Цяжкая гадзіна”, “Жыццяпіс Вінцэся Шастака”, “Палеская аповесць”; у той час не друкаваліся). Ён аўтар аповесці пра М. Багдановіча “Развітанне” (апублікавана ў 1959 г.), у якой расказаў пра апошнюю сустрэчу паэта з Беларуссю. У 1946–1948 гг. напісаў дакументальную “Повесть для себя” ў жанры дзённікавых запісаў (у 1987–1988 гг. надрукавана ў часопісе “Нёман”, у 1993 г. выйшла асобным выданнем на беларускай мове). У ёй Б. Мікуліч змясціў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыццё Беларусі ў 1920–1950 гг, сваё жыццё ў турмах і лагерах. У творах, напісаных пасля вайны, выявілася імкненне пісьменніка заглыбіцца ў мінулае беларускага народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях. Судзімасць была знята ў лістападзе 1947 г. У 1949 г. зноў арыштаваны і высланы ў Сібір. Жыў у с. Машукоўка Краснаярскага краю, працаваў дыспетчарам у канторы леспрамгаса, іграў у аматарскім тэатры, арганізаваным рэпрэсіраванымі. Ён вельмі часта хварэў, цяжкія ўмовы падрывалі і без таго слабае здароўе пісьменніка. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1954 г.
Пісьменнік пражыў усяго 42 гады, але, нягледзячы на гэта, паспеў пакінуць пасля сябе значную творчую спадчыну. Дакументы і матэрыялы Б. Мікуліча сабрала і перадала ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ў 1988 г. яго сястра Марыя Мікуліч. Гэты фонд складаецца з рукапісаў, дзённіка “Повесть для себя”, сшытка з вершамі, напісанымі ім у гады зняволення, канспектаў прачытаных кніг з уласнымі каментарыямі пісьменніка, перапіскі з блізкімі, а таксама Я. Брылём, П. Глебкам, С. Грахоўскім, М. Лыньковым, М. Танкам і інш.