Краткая справка:
акцёр, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1966)
Имена на других языках:
Стомма Здислав Францевич (русский);
3335 символов
Справка
У сузор’і таленавітых майстроў нацыянальнай сцэны яркай зоркай ззяе імя самабытнага акцёра-купалаўца, народнага артыста Беларусі і СССР Здзіслава Францавіча Стомы.
Нарадзіўся З. Стома ў Мінску ў рабочай сям’і. Каб дапамагчы бацькам, падлеткам быў вымушаны працаваць на будоўлі, дзе прайшоў жыццёвыя “універсітэты”, якія навучылі будучага акцёра не толькі лепш разумець людзей, але і спрыялі выхаванню волі, характару, мэтанакіраванасці. У вольны час юнак пісаў вершы, прыпеўкі для мастацкай самадзейнасці, быў пастаянным удзельнікам агітканцэртаў “Сіняй блузы”. У 1926 г. Стому прынялі ў Саюз работнікаў мастацтваў (РАБМАС), а ў 1928 г. ён паступіў у драматычную студыю Польскага дзяржаўнага вандроўнага тэатра БССР, пасля заканчэння якой у розныя гады працаваў у гэтым тэатры, а таксама ў тэатрах Украіны. У 1937 г. ён стаў акцёрам Беларускага тэатра юнага гледача імя Н.К. Крупскай. Трыццатыя гады сталі важным этапам у станаўленні творчай індывідуальнасці акцёра. Яго настаўнікамі былі таленавітыя майстры сцэны Е. Міровіч, М. Кавязін, М. Зораў. Менавіта ў гэты час З. Стома выявіў сябе як камедыйны акцёр. У 1940 г. у поўным росквіце творчых сіл ён прыйшоў у цяперашні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, на сцэне якога з поспехам стварыў цэлую галерэю выдатных вобразаў. Але вядучым акцёрам купалаўскай сцэны ён стаў не адразу. Спачатку выконваў эпізадычныя ролі. Вучыўся ў такіх майстроў як Б. Платонаў, Г. Глебаў, У. Уладамірскі, а калі прыйшоў час, замяніў іх і зрабіў гэта выдатна. У камедыі “Паўлінка” Я. Купалы ён выконваў ролі Быкоўскага і Пустарэвіча замест Б. Платонава і Г. Глебава, у спектаклі “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы замяніў Г. Глебава ў ролі Тулягі, а ў “Лявонісе на арбіце” А. Макаёнка іграў Лявона Чмыха паралельна з Б. Платонавым. Гэтыя работы сталі значнымі вяхамі ў творчай біяграфіі акцёра. Ён не капіраваў сваіх славутых папярэднікаў, а ствараў яркія вобразы, цікавыя сваёй мастацкай адметнасцю. Да найбольш выдатных работ З. Стомы адносяцца таксама Сенька-заіка з камедыі “Каб людзі не журыліся” А. Макаёнка, Бураўчык з “Канстанціна Заслонава” А. Маўзона, Караўкін з “Брамы неўміручасці” К. Крапівы, дзед Савось з камедыі “Адкуль грэх?” А. Петрашкевіча. З. Стома – артыст характарнага, пераважна камедыйнага плана, як з вадэвільным, так і з сатырычным ухілам. Прынцыповай удачай майстра, якому быў падуладны і тонкі псіхалагізм, і буфанадны бурлеск, і лёгкая імправізацыя, стала роля Глап’е са спектакля “Тысяча франкаў узнагароды” паводле В. Гюго. Значнай работай у творчай біяграфіі З. Стомы была роля старога Глушака са спектакля “Людзі на балоце” паводле І. Мележа. Гэты вобраз акцёр стварыў двойчы: на тэатральнай сцэне і ў аднайменным тэлевізійным спектаклі, за выкананне ролі ў якім быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР 1966. Трагедыйнае гучанне вобраза сведчыла аб невычэрпных творчых магчымасцях артыста. Расказаць пра ўсе ролі З. Стомы немагчыма. Ён ніколі не адмаўляўся ні ад невялікіх, ні ад эпізадычных роляў. Здымаўся ў кіно (фільмы “Чырвонае лісце”, “Міколка-паравоз”, “Канстанцін Заслонаў”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы” і іншых) і на тэлебачанні (“Руіны страляюць…”, “Нас выбраў час”), выступаў на радыё. Зробленае акцёрам назаўсёды засталося ў гісторыі беларускага мастацтва, гісторыі тэатра, ва ўдзячнай памяці гледачоў.