Краткая справка:
кампазітар, педагог, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1997, 2003), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2013)
Имена на других языках:
Смольский Дмитрий Брониславович (русский);
3905 символов
Справка
Творчасць аднаго з вядучых кампазітараў, народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Браніслававіча Смольскага – яркая старонка беларускага летапісу сучаснай музыкі.
Нарадзіўся Дз. Смольскі ў Мінску ў сям’і вядомага музыказнаўца Б.С. Смольскага. Ужо ў 1949 г., калі хлопчыку было толькі 12 гадоў, ён напісаў музыку да песні на словы А. Астрэйкі “Дзень добры, школа!”. Скончыў спецыяльную школу пры кансерваторыі, Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара А.В. Багатырова, а потым аспірантуру педагагічнага інстытута імя Гнесіных у Маскве. Некаторы час Дз. Смольскі займаўся педагагічнай дзейнасцю ў Магілёўскім музычным вучылішчы, а з 1962 г. – у Белдзяржкансерваторыі (цяпер Беларускай акадэміі музыкі). З 1986 г. ён прафесар гэтай установы.
Творчая палітра Дз. Смольскага вельмі разнастайная. Ён аўтар опер і араторый, харэаграфічных кампазіцый, музыкі да народных інструментаў, вакальных цыклаў, сачыненняў для камернага аркестра і хору…
У пачатку сваёй творчай дзейнасці, у 60-я гг., Дз. Смольскі захапляўся найноўшымі кампазітарскімі тэхнікамі, што знайшло адлюстраванне ў яго камернай араторыі “Песні Хірасімы” (1966), фартэпіяннай сюіце “Ігра святла” (1964), сімфоніі “Актафонія” (1967), якія ашаламілі музычнае асяроддзе сваёй нязвыкласцю. З цягам часу цікавасць да канструктыўнай музыкі ў кампазітара змянілася цікавасцю да музыкі традыцыйнай, што асабліва яскрава выявілася ў араторыі “Мая Радзіма”, напісанай у 1970 г. на творы беларускіх паэтаў і адзначанай Прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі 1972. У 70-я гг. кампазітарам былі створаны адметныя вакальныя цыклы на вершы Ф. Гарсіі Лоркі, Ф. Цютчава, Я. Палонскага, Г. Ахматавай, М. Цвятаевай. Асобнае месца ў творчасці Дз. Смольскага займае араторыя “Паэт” (1980), напісаная на тэксты Я. Купалы, у якой класік айчыннай літаратуры прадстаўлены ва ўсёй псіхалагічнай складанасці і супярэчлівасці. У гэтай араторыі кампазітар звяртаецца да гарадскога песеннага фальклору і інтанацый сялянскай песні.
У канцы 70-х гг. Дз. Смольскі стварае сваю першую оперу “Сівая легенда” (1978) на лібрэта У. Караткевіча. Крытыкі адзначалі багатую разнастайнасць эмацыянальнага ладу музыкі, шматпланавасць музычнай драматургіі. Вялікім дасягненнем кампазітара стала тое, што менавіта вакальнымі сродкамі ім была разгорнута шырокая панарама пачуццяў герояў – кахання і рэўнасці, вернасці і здрады, нянавісці і помсты. Спектакль атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі 1980. Опера была запісана для фонду Беларускага радыё, а на Беларускім тэлебачанні на аснове фанаграмы быў пастаўлены аднайменны фільм-опера. Потым кампазітар напісаў оперы “Францыск Скарына” (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні) і “Апалон-заканадаўца” (па матывах аднайменнай оперы Р. Вардоцкага, канцэртнае выкананне).
Але галоўным для Дз. Смольскага, яго alter ego, стаў жанр сімфоній. Пасля стварэння першай сімфоніі, якая прагучала ў 1962 г., быў амаль дваццацігадовы перапынак. З 1984 г. у творчасці Дз. Смольскага адбыўся сапраўдны “сімфанічны выбух”, які прывёў да стварэння дванаццаці сімфоній, прычым Сімфонія № 12 упершыню прагучала на адкрыцці з’езда Беларускага саюза кампазітараў у снежні мінулага года. Кожная са створаных кампазітарам сімфоній непаўторна, але ёсць у іх некаторыя агульныя рысы. Яны выяўляюцца ў калажнай тэхніцы, заснаванай на “інкруставанні” аўтарскага матэрыялу музыкай класікаў, у цікавасці кампазітара да розных інструментальных саставаў з вылучэннем аднаго інструмента ў якасці саліруючага. Так, Трэцяя сімфонія напісана для аркестра і фартэпіяна, у Чацвёртай – саліруе скрыпка, у Дзесятай – альт, у Восьмай сімфоніі (з тэкстамі Іосіфа Бродскага) кампазітар упершыню ў сваёй творчасці ўвёў голас чытальніка. Сімфоніі Дз. Смольскага з’явіліся важным этапам у развіцці беларускай сімфанічнай музыкі. Яны вядомы не толькі беларускаму слухачу, але і далёка за межамі рэспублікі.