Антон Аляксандравіч Семяновіч, даследчык беларускай прозы і драматургіі, шмат гадоў займаўся навукова-творчай і педагагічнай дзейнасцю. Яму належыць шэраг грунтоўных прац, прысвечаных асэнсаванню гісторыі нацыянальнай літаратуры, сучасных літаратурных твораў.
Нарадзіўся А. Семяновіч у в. Шабунеўшчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Дзяцінства было нялёгкім, давялося шмат працаваць, галоўным жа выпрабаваннем стала высылка ў 1930 г. у Котлас Архангельскай вобласці, затым у Вялікі Усцюг. Ён трапіў пад амністыю як малалетні і некаторы час жыў у сваякоў у в. Крупіца каля Мінска. Пасля заканчэння сямігодкі і прафесіянальнай школы фабрычна-заводскага навучання металістаў пры заводзе «Ударнік» у Мінску і «Чырвоны металіст» у Віцебску, працаваў на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя К.Я. Варашылава (1934–1938).
З юнацкіх гадоў А. Семяновіч палюбіў паэзію, захапляўся прыгодніцкімі творамі, фантастыкай. Удзельнічаў у пастаноўках невялікіх п’ес, выступаў з дэкламацыяй вершаў. Вялікай падзеяй для вяскоўцаў і асабіста для А. Семяновіча стаў прыезд вясною 1931 г. тэатральна-мастацкай трупы У. Галубка. Прадстаўленні выдатных майстроў аказалі вялікае ўздзеянне на будучага крытыка і літаратуразнаўца. Пазней у сваіх мемуарах ён напісаў, што менавіта тады першы раз у жыцці адчуў вялікую сілу народнага мастацтва і мастацкага слова. У 1938 г. паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага на факультэт мовы і літаратуры. У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Семяновіч быў сувязным партызанскага атрада імя Д. Фурманава брыгады № 200 імя К. Ракасоўскага (Дзяржынскі раён). Адначасова з’яўляўся кіраўніком падпольнай рэзервовай партызанскай групы, якая трымала сувязь з камандзірам роты М. Белавусавым, знаходзіла і перадавала зброю, іншыя патрэбныя рэчы для партызан. Пасля вайны скончыў інстытут (1945), працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Івацэвічах Брэсцкай вобласці (1945–1946). Затым вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1946–1949), дзе набыў новыя веды па гісторыі беларускай, рускай і ўкраінскай літаратуры. Там працавалі вядомыя беларускія пісьменнікі К. Крапіва, М. Лынькоў, П. Глебка, В. Вольскі, П. Пестрак, літаратуразнаўцы В. Барысенка, Л. Фіглоўская, М. Ларчанка, Ю. Пшыркоў, якія вельмі станоўча паўплывалі на фарміраванне навукова-даследчых здольнасцей А. Семяновіча, уменне аналізаваць мастацкія творы, сам літаратурны працэс у сувязі з рознымі аспектамі гістарычнага развіцця грамадства. У 1949–1963 гг. ён супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Некаторы час працаваў у ім вучоным сакратаром, пазней вучоным сакратаром спецыялізаванага Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый па літаратуразнаўстве і мовазнаўстве. Антон Семяновіч з’яўляўся таксама выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ. З 1963 г. ён дацэнт кафедры рускай і зарубежнай літаратуры ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага, з 1971 па 1992 г. быў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры, з 1992 г. прафесарам-кансультантам гэтай кафедры. У 1971 г. стаў доктарам філалагічных навук, прафесарам. З 1954 г. з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Друкавацца А. Семяновіч пачаў з 1949 г. Многія работы прысвечаны гісторыі беларускай літаратуры дакастрычніцкага і савецкага перыядаў. У 1953 г. выйшла першая кніга «Проза Якуба Коласа (дакастрычніцкі перыяд)», дзе літаратуразнавец прааналізаваў апавяданні народнага песняра, у тым ліку з цыкла «Казкі жыцця», на багатым фактычным матэрыяле паказаў своеасаблівасць мастацкага свету пісьменніка. Пазней былі выпушчаны брашуры «Кандрат Крапіва» (1956) і «Змітрок Бядуля» (1960). Антон Семяновіч – аўтар кніг «Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд)» (1961), «Беларуская савецкая драматургія, 1917–1932» (1968), «Ад вытокаў да сталасці: беларуская драматургія 1917–1945 гг.» (1978), «Гісторыя беларускай драматургіі, ХIХ – пачатак ХХ ст.» (1985), «Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917–1955 гады» (1990). Яны ўражваюць сваёй грунтоўнасцю, узроўнем аналізу складанага і супярэчлівага матэрыялу. Асабліва напружанай аказалася праца па даследаванні беларускай дакастрычніцкай драматургіі. Шмат часу спатрэбілася на архіўныя пошукі, частымі былі камандзіроўкі ў Маскву і Ленінград. Многія факты гісторыі беларускай драматургіі і тэатра ў навуковы ўжытак увёў упершыню А. Семяновіч. Разглядаючы творы вядомых майстроў слова У. Галубка, Е. Міровіча, М. Чарота, В. Гарбацэвіча, В. Вольскага і многіх іншых, даследчык выявіў ідэйна-тэматычныя і мастацка-стылявыя асаблівасці п’ес драматургаў, прааналізаваў творы, якім раней не надавалася належнай увагі. Ён з’яўляецца адным з аўтараў «Нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1–2, 1965–1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), зборніка навуковых артыкулаў «Янка Купала і Якуб Колас: некаторыя аспекты творчасці» (1982).
Многія з работ А. Семяновіча сталі этапнымі ў асэнсаванні гісторыі нацыянальнай літаратуры. Сапраўднае задавальненне прыносіла праца выкладчыка, сустрэчы з цікаўнай і дапытлівай моладдзю. У той жа час яму было прыемна ўсведамляць свой непасрэдны ўдзел у фарміраванні вялікай кагорты беларускай творчай інтэлігенцыі. Антон Семяновіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.