Краткая справка:
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Баранавіцкай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1944), ганаровы грамадзянін Ліды, імя якога носяць вуліцы ў Гродне, Дзятлаве, Лідзе
Имена на других языках:
Булат Борис Адамович (русский);
3014 символа
Справка
Камандзір Ленінскай партызанскай брыгады, Герой Савецкага Саюза, Барыс Адамавіч Булат нарадзіўся ў г. Тула (Расія). Працаваў на заводах рабочым. У 1932 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1936 г. скончыў 1-ю Савецкую аб'яднаную ваенную школу імя ВЦВК і стаў кадравым афіцэрам. Завочна вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя М.В. Фрунзэ. Вялікая Айчынная вайна застала Б.А. Булата на заходняй граніцы. Ён займаў пасаду памочніка начальніка аператыўнага аддзела штаба 31-й танкавай дывізіі 13-га механізаванага корпуса ў Беластоцкай вобласці. 27 чэрвеня 1941 г. быў цяжка паранены і трапiў у палон, праз некалькі месяцаў уцёк з канцлагера. Яму ўдалося знайсці прытулак у в. Бердавічы ў былога члена КПЗБ М.М. Утліка. Разам з гаспадаром Б.А. Булат усю зіму рыхтаваўся да партызанскай барацьбы. У канцы красавіка 1942 г. з невялікай групай байцоў яны пачалі актыўныя дзеянні: напалі на памяшканне гміны ў в. Сянькоўшчына, забілі трох паліцэйскіх, узялі ў палон начальніка паліцэйскага ўчастка, захапілі некалькі вінтовак, шмат патронаў. Так узнікла партызанская група, у якой было 27 чалавек. Камандзірам выбралі Б.А. Булата. Затым да іх далучыліся групы У. Лябецкага, П. Булака, В. Пішчуліна, Г. Караля. На агульным сходзе прынялі пастанову ўтварыць аб'яднаны партызанскі атрад, камандзірам якога стаў Б.А. Булат.
Аб'яднанне партызанскіх груп, утварэнне адзінага камандавання дазволілі палепшыць агульнае кіраўніцтва, распрацоўку баявых аперацый. Прыкладам стала аперацыя па разгроме варожага гарнізона ў в. Дзярэчын Зэльвенскага раёна, у час якой больш 50-ці фашыстаў было забіта, 20 узята ў палон, захоплены багатыя трафеі. Яшчэ больш узмацніліся ўдары партызан па ворагу, калі ў снежні 1942 г. была створана Ленінская брыгада, камандзірам якой быў прызначаны Ф.М. Сінічкін, а начальнікам штаба Б.А. Булат. Брыгадзе давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні ў час першай блакады Ліпічанскай пушчы ў снежні 1942 г. Умелым, вопытным камандзірам і смелым воінам паказаў сябе Б.А. Булат у адной з найбольш вялікіх аперацый брыгады – разгроме варожага гарнізона ў райцэнтры Жалудок у маі 1943 г. Тут ён зноў атрымаў раненне і як толькі паправіўся, быў прызначаны камандзірам Ленінскай партызанскай брыгады. Восенню 1943 г. Б.А. Булат стаў начальнікам аператыўнага аддзела абласнога партызанскага цэнтра. Аднак не па душы была Барысу Адамавічу штабная работа, ён рваўся ў бой. Гэта заўважылі і даручылі яму аб'яднаць у адну брыгаду некалькі разрозненых атрадаў, якія дзейнічалі на заходняй ускраіне Налібоцкай пушчы. Заданне было паспяхова выканана.
Пасля вайны Барыс Адамавіч скончыў Вышэйшую школу харчовай прамысловасці, працаваў на розных пасадах: намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама (1944), з 1947 г. – намеснікам дырэктара велазавода, у 1951–1973 гг. дырэктарам кандытарскай фабрыкі “Камунарка”.
Б.А. Булат з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Ліды, яго імем названа адна з вуліц гэтага горада.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Баранавiцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. Таўлая.