Дата рождения: 27.09.1897 Мінск, г.
Дата смерти: 17.04.1975
Краткая справка: беларуская і расійская камерная спявачка (мецца-сапрана), збіральніца народных песень, педагог, заслужаная артыстка Беларусі, народная артыстка Расіі, узнагароджаная ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967)
Имена на других языках: Яунзем Ирма Петровна (русский);
Знакамітая спявачка, выкладчык Ірма Пятроўна Яўнзем належала да лiку тых майстроў, якiя атрымалі прызнанне далёка за межамі нашай краіны. Самабытны талент, прыгожы моцны голас і артыстызм дапамагалі ёй выконваць не толькі класічныя камерныя творы, але і народныя песні.
Нарадзілася І. Яўнзем у Мінску, куды бацькі пераехалі з Латвіі. Яшчэ з дзяцінства захаплялася музыкай. Маці дзяўчынкі спявала ў хоры, часта брала яе з сабой, і тая падпявала дарослым. Пасля заканчэння гімназіі ў 1915 г. паступіла ў Петраградскую кансерваторыю на аддзяленне вакалу і фартэпіяна, але скончыць вучобу не давялося. У сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі 1917 г. вымушана была вярнуцца да родных у Мінск. Сярод тых, хто дапамог спявачцы пачаць канцэртную дзейнасць, быў М.В. Фрунзэ, які служыў начальнікам міліцыі Мінска. У той час ён займаўся арганізацыяй канцэртаў для насельніцтва. У адным з выступленняў і дэбютавала І. Яўнзем, дзе прадстаўляла музычную класіку. У перыяд грамадзянскай вайны выступала ў складзе вандроўных груп, што называліся камернымі тэатрамі мініяцюр. Служыла ў часцях А. Палупанава – удзельніка грамадзянскай вайны, камандзіра браняпоезда «Свабода або смерць!». Разам з іншымі спевакамі і акцёрамі, якія перамяшчаліся ў спецыяльным вагоне, прымацаваным да браняпоезда, давала канцэрты ў вызваленых гарадах і пасёлках. Выконвала оперныя арыі, рамансы, але ўсё большае месца ў яе рэпертуары займалі народныя песні, што вельмі падабаліся простым людзям, дазваляючы ім у думках пераносіцца ў звыклае, мірнае жыццё. Калі скончылася вайна, яна з мужам засталася ў Харкаве, працавала на запалкавай фабрыцы. Лёс зноў звёў спявачку з М.В. Фрунзэ, галоўнакамандуючым войскамі Украіны і Крыма, які дапамог з працаўладкаваннем. Прайшла атэстацыю ў Саюзе работнікаў мастацтва і прыступіла да самастойнай канцэртнай дзейнасці, пачатак якой аказаўся складаным. Яе выступленні адбываліся зусім не ва ўрачыстых канцэртных залах, а ў рабочых клубах, чырвоных кутках, на прадпрыемствах.
У канцы 1921 г. І. Яўнзем вярнулася ў Мінск. Яна не змагла ўладкавацца на працу і ездзіла з адной з сясцёр па беларускіх вёсках, дзе выменьвала свае рэчы на прадукты. Адначасова збірала беларускія народныя песні, сярод якіх «Песня пастуха» і «Калыханачка», што пазней занялі пастаяннае месца ў яе багатым рэпертуары. Ірма Яўнзем запісвала песні ў самых глухіх вёсках краіны, апрацоўвала іх і выконвала ў канцэртах разам з опернымі арыямі і рамансамі. Паспеўшы часткова атрымаць кансерваторскую адукацыю, маючы цёплае мецца-сапрана, цудоўныя артыстычныя даныя, спявачка не пайшла па шляху акадэмічнага мастацтва, бо зразумела, што патрэбна новым, паслярэвалюцыйным, слухачам: чырвонаармейцам, рабочым, сялянам. У 1923 г. яна стала адной з першых, хто атрымаў званне заслужанай артысткі БССР.
У 1923 г. І. Яўнзем была накіравана ў Маскву на выкладчыцкую работу ў Беларускую драматычную студыю. У 1925 г., пасля заканчэння камандзіроўкі, засталася ў сталіцы і да 1963 г. з'яўлялася салісткай Маскоўскай філармоніі. У 1930 г. упершыню ў гісторыі музычнага мастацтва спявачка выканала народныя песні ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра. У гады Вялікай Айчыннай вайны І. Яўнзем выступала з канцэртамі на перадавой і ў тыле. Яна стала першай выканаўцай вядомай ваеннай песні «У лесе прыфрантавым» (музыка М. Блантара, на словы М. Ісакоўскага). З 1950 г. выкладала ў Маскоўскай музычнай школе імя М. Іпалітава-Іванова. Падтрымлівала маладыя таленты, яе вучнямі былі К. Шаўрына, В. Варанец, Ж. Бічэўская, В. Шутава, Л. Зыкіна, А. Камбурава і інш.
На працягу свайго творчага жыцця Iрма Пятроўна назапасiла вялікі рэпертуар народных песень i песень савецкiх кампазiтараў (больш за 5 тыс. песень на 64 мовах і дыялектах, у актыўным канцэртным рэпертуары – каля 500 твораў). Слухачы з усіх куткоў Савецкага Саюза змаглі пазнаёміцца з лепшымі песнямі беларусаў, рускіх, украінцаў, латышоў, калмыкаў і прадстаўнікоў іншых народаў свету. Яна валодала талентам пранiкаць у самую глыбiню зместу кожнай нацыянальнай песнi, захоўваючы яе ў поўным аўтэнтычным варыянце. Валодаючы цудоўнай вакальнай школай, увесь свой рэпертуар выконвала ў строгай акадэмiчнай манеры. Спяваючы песню, І. Яўнзем старалася перадаць нацыянальны характар твора дакладнымі, яркімі, выразнымі, пранiкнёнымі гукамі. Імкнулася ўлавіць самае важнае ў інтанацыі, рытмічнай адметнасці музычнай культуры кожнай нацыі. Спецыяльна дзеля гэтага яна ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі. Пабывала на Каўказе,Урале, у Сібіры, Казахстане, Сярэдняй Азіі, Алтаі. Асабліва карыснымі былі паездкі да малых народаў і народнасцей: эвенкаў, якутаў, чукчаў, тувінцаў і інш. Лепшыя ўзоры іх песеннага фальклору не зніклі бясследна. Дзякуючы спявачцы, яны спачатку прагучалі са сцэны, а потым асобныя былі запісаны на грампласцінкі. Ірма Яўнзем выступала з канцэртамі па ўсім Савецкім Саюзе і ў іншых краінах свету. У 1926 г. была на гастролях у Кітаі, Карэі, Японіі. Праз год прымала ўдзел у Міжнароднай музычнай выстаўцы, што праходзіла ў Франкфурце-на-Майне, дзе выканала песні на 17 мовах. Усе яе гастролi, у тым лiку замежныя, суправаджалiся велiзарным поспехам. Так упершыню народныя песні загучалі ў прафесійным выкананні ў канцэртных залах, на радыё і грампласцінках.
У 1931 г. быў выдадзены зборнік «Революционные песни народов», падрыхтаваны спявачкай. У 1968 г. выйшла кніга «Человек идет за песней », у якой І. Яўнзем успамінае найбольш значныя падзеі свайго жыцця; расказвае, як уваходзіла ў мастацтва; піша пра Беларусь, што стала для яе радзімай. Апавяданне вядзецца эмацыянальна, месцамі з гумарам, а нярэдка і лірычна-пранікнёна. Многа старонак у кнізе адведзена тым, з кім давялося ў розны час працаваць.
Народная артыстка РСФСР (1957) І. Яўнзем стала пачынальнiцай новага жанру ў савецкай музычнай культуры. Глыбiня i праўдзiвасць выканальнiцкай манеры таленавітага майстра і сёння здзiўляюць знаўцаў фальклору, аматараў прыгожага. Ірме Пятроўне прысвечаны дакументальны фільм «Мелодыя для голасу з аркестрам» (1986). У 1967 г. яна ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.