Дата рождения:
31.10.1912 Кісцяні, в., Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
23.12.1980
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэнаў "Знак Пашаны", Айчыннай вайны ІІ ст.
Имена на других языках:
Пширков Юлиан Сергеевич (русский);
3579 символов
Справка
Значны ўклад у развіццё беларускага літаратуразнаўства ўнёс даследчык-коласазнавец, вучоны-філолаг Юльян Сяргеевіч Пшыркоў.
Нарадзіўся ён у в. Кісцяні Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Рагачоўскай сямігадовай школы (1928) працягваў адукацыю на двухгадовых педагагічных курсах (1929–1930). Працаваў настаўнікам у Звальніцкай і Буднеўскай пачатковых школах (Клічаўскі раён), Царкоўскай сямігадовай школе Буда-Кашалёўскага раёна. З 1934 па 1939 г. вучыўся на філалагічным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома працаваў выкладчыкам Магілёўскага педагагічнага інстытута (зараз Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова). У час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у баях пад Ленінградам і Кёнігсбергам. З 1945 г. далейшы навуковы і працоўны шлях Ю. Пшыркова звязаны з Інстытутам літаратуры Акадэміі навук Беларусі. З 1954 г. ён быў загадчыкам сектара беларускай дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі. Адначасова выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце (1945–1957), Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) (1966–1968).
Галоўнае месца ў работах Ю. Пшыркова займаў аналіз творчасці Якуба Коласа. Сярод самых значных навуковых прац – манаграфіі «Якуб Колас: жыццё i творчасць» (1951), «Трылогія Якуба Коласа “На ростанях”» (1956), крытыка-біяграфічны нарыс «Якуб Колас» (1952), альбом «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1959), даследаванні «Эпас рэвалюцыі: паэмы Я. Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, трылогія “На ростанях”» (1975), «Летапісец свайго народа: жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа» (1982).
З 1950-х гг. асноўнай навуковай тэмай у работах Ю. Пшыркова стала гісторыя ўзнікнення і развіцця беларускай мастацкай прозы. У 1960 г. была выдадзена манаграфія «Беларуская савецкая проза (20-я – пачатак 30-х гадоў)», за якую яму была прысвоена вучоная ступень доктара філалагічных навук. Даследчык на аснове вялікага фактычнага матэрыялу прадставіў асноўныя аспекты развіцця літаратуры ў міжваенны перыяд, прааналізаваў грамадска-палітычныя тэндэнцыі і ўмовы, у якіх адбывалася станаўленне беларускай прозы. Вучоны ўнёс вялікі ўклад у развіццё тэксталогіі, ён даследаваў творчасць У. Дубоўкі, К. Крапівы, М. Танка, І. Шамякіна. Пад кіраўніцтвам Ю. Пшыркова і пры яго ўдзеле ажыццяўлялася падрыхтоўка і выданне зборнікаў тэкстаў і шматтомных збораў твораў класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, В. Дуніна-Марцінкевіча. Літаратуразнаўчая дзейнасць вучонага вызначалася шматграннасцю. У даследаваннях Ю. Пшыркоў паказаў працэс зараджэння новых жанравых літаратурных формаў, разглядаў творы ў кантэксце гістарычнага развіцця грамадства. Ён з’яўляецца аўтарам прац «Уплыў творчасці А.С. Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры» (1949), «А.Е. Богданович» (1966), адным са складальнікаў зборніка «Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура» (1964), суаўтарам кніг «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1–2, 1968–1969), падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы, рэдактарам і складальнікам мастацкіх і літаратуразнаўчых выданняў.
Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалямі. У 1978 г. атрымаў званне заслужанага дзеяча навукі БССР. У 1980 г. за ўдзел у падрыхтоўцы двухтомнага даследавання «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы» (1977) ён быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа.