Краткая справка:
спартсмен і трэнер (барацьба вольная), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён XVIII, XIX і XX летніх Алімпійскіх гульняў (1964, Токіа; 1968, Мехіка; 1972, Мюнхен), заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларусі, заслужаны трэнер Беларусі і СССР, спартыўны дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), кавалер ордэна Леніна, ордэна Пашаны (2017)
Варианты имени:
Мядзведзь Аляксандр Васілевіч
Имена на других языках:
Medved Aleksandr (английский); Медведь Александр Васильевич (русский);
3736 символов
Справка
Своеасаблівай эпохай у спорце стаў славуты беларускі спартсмен і трэнер, трохразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў, сяміразовы чэмпіён свету, трохразовы – Еўропы, дзевяціразовы – Савецкага Саюза па вольнай барацьбе Аляксандр Васілевіч Мядзведзь.
Нарадзіўся і вырас ён на Украіне, у г. Белая Царква. Службу ў арміі праходзіў у Беларусі, з якой і звязаў назаўсёды свой далейшы лёс. У 1961 г. скончыў школу трэнераў пры Беларускім дзяржаўным інстытуце фізічнай культуры, а ў 1965 г. – гэты інстытут.
Яшчэ ў арміі А. Мядзведзь удзельнічаў у армейскіх спартыўных спаборніцтвах. Ужо ў дваццаць год на чэмпіянаце Беларускай ваеннай акругі стаў пераможцам спаборніцтваў па самба і вольнай барацьбе і заняў 3-е месца па класічнай. Яго настаўнікамі былі трэнеры П. Грыгор’еў і Б. Рыбалка, разам з якімі ён прайшоў праз гарніла самых прэстыжных барцоўскіх турніраў.
Бліскучая спартыўная кар’ера А. Мядзведзя пачалася ў 1959 г. з II Спартакіяды народаў СССР – спаборніцтваў вельмі прадстаўнічых і аўтарытэтных, на якіх беларускі армеец заваяваў бронзавы медаль. Праз два гады на чэмпіянаце Савецкага Саюза ў Мінску спартсмен атрымаў свой першы залаты медаль. У 1961 г. ён стаў бронзавым прызёрам, а ў 1962 і 1963 гг. – чэмпіёнам свету па вольнай барацьбе ў паўцяжкай вагавай катэгорыі. Зорны час прабіў для А. Мядзведзя ў кастрычніку 1964 г. на XVIII Алімпійскіх гульнях у Токіо, дзе ён у фінале перамог свайго саперніка балгарына С. Мустафава. Другое алімпійскае золата прынесла спартсмену XIX Алімпіяда ў Мехіка (1968), дзе ён выйграў у алімпійскага чэмпіёна XVII Алімпіяды ў Рыме немца В. Дзітрыха.
Яшчэ раз на Алімпійскі п’едэстал спартсмен узышоў у Мюнхене ва ўзросце 35 год (XX Алімпійскія гульні 1972 г.). У паўфінале гэтага чэмпіянату, на якім А. Мядзведзь выступаў ужо ў цяжкай вагавай катэгорыі, ён перамог надзею і гонар Амерыкі Крыса Тэйлара, які быў амаль у два разы цяжэйшы за яго, а ў фінальнай схватцы, нягледзячы на траўму, – балгарына А. Дураліева. Гэта быў трэці і апошні алімпійскі трыумф нашага славутага волата. Развітваючыся на гэтым турніры, А. Мядзведзь стаў на калені і пацалаваў паліты потам дыван, які пакінуў непераможаным.
На вастрыні спартыўнага жыцця застаўся А. Мядзведзь і пасля таго, як перастаў выступаць. З 1972 па 1992 г. ён вёў вялікую работу ў якасці трэнера зборнай СССР і БССР. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле беларускія барцы вольнага стылю дабіліся высокіх спартыўных вынікаў. З 1976 г. А. Мядзведзь – загадчык міжвузаўскай кафедры спартыўнага ўдасканалення Мінскага радыётэхнічнага інстытута (зараз Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), мае званне прафесара. А. Мядзведзь – віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, член Еўрапейскага камітэта СЕЛА Міжнароднай федэрацыі барацьбы, прэзідэнт Беларускай федэрацыі барацьбы, акадэмік Расійскай народнай акадэміі навук. Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь 1998. Заслужаны майстар спорту, заслужаны трэнер СССР і Беларусі, заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларусі. Ганаровы грамадзянін гарадоў Мінск і Махачкала. Кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” (два), сярэбранага ордэна Міжнароднага алімпійскага камітэта і прыза “За высокароднасць у спорце” (ЮНЕСКА), кавалер ордэна ФІЛА “Лепшы спартсмен планеты XX стагоддзя па вольнай барацьбе”, залатога ордэна і залатой галіны ФІЛА. Пачынаючы з 1970 г. у гонар славутага барца-вольніка ў Мінску праводзіцца міжнародны турнір па вольнай барацьбе на прызы А. Мядзведзя. Гэтаму турніру прысвоена вышэйшая катэгорыя “Гран-пры”. Паралельна з дарослымі праводзяцца і падлеткавыя спаборніцтвы, якія называюцца “Медзведзяня”.