Краткая справка:
кампазітар, піяніст, педагог, заслужаны артыст Беларусі
Имена на других языках:
Клумов Алексей Константинович (русский);
4917 символов
Справка
Актыўнай формай барацьбы насельніцтва супраць нямецкага рэжыму ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў патрыятычны падпольны рух. Восенню – зімой 1941 г. на акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі дзейнічалі Аршанская, Асіповіцкая, Асіноўская (Дубровенскі раён Віцебскай вобласці), Брэсцкая, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Пінская і іншыя антыфашысцкія арганізацыі. Узорным прыкладам барацьбы з ворагам стала Мінскае падполле. Па афіцыйных звестках, у яго пярвічных арганізацыях і структурных групах налічвалася каля 7 тыс. чалавек. Гэта былі сапраўдныя патрыёты, якія дзейнічалі ў вельмі складаных умовах з вялікай рызыкай для жыцця. Да іх адносіўся і прафесар Яўген Уладзіміравіч Клумаў (падпольны псеўданім Самарын).
Ён нарадзіўся 16 снежня 1876 г. у Маскве ў сям’і адваката. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Першай класічнай гімназіі. У 1895 г. паступіў на медыцынскі факультэт Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта. Гады вучобы супалі з бурным уздымам рэвалюцыйнага руху ў Расіі, у якім Я. У. Клумаў прымаў актыўны ўдзел. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1902) працаваў два гады ардынатарам хірургічнага аддзялення Нова-Кацярынінскай бальніцы ў Маскве. Потым удасканальваў веды па акушэрстве і гінекалогіі ў Маскоўскім гінекалагічным інстытуце ўдасканалення ўрачоў. У час Руска-японскай вайны (1904–1905) быў прызваны ў армію. Служыў малодшым ардынатарам у Нова-Кіеўскім ваенным шпіталі ў Прыамурскай ваеннай акрузе. У 1905 г. прызначаны земскім урачом у в. Суткава Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1908 і 1910 гг. Я. У. Клумаў удзельнічаў у ліквідацыі эпідэміі халеры, за што быў двойчы прадстаўлены да ўзнагароды. У 1911 г. выступіў на ІІ з’ездзе ўрачоў Мінскай губерні з дакладам «Желательный тип участковой больницы». З 1913 па 1914 г. загадваў Лоеўскай земскай бальніцай. Ён, вучань М. В. Скліфасоўскага, адным з першых земскіх урачоў арганізаваў на тэрыторыі Беларусі стацыянарную хірургічную дапамогу ва ўмовах участковай бальніцы.
У час Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў Я. У. Клумаў працаваў у шпіталях на Заходнім фронце, з 1921 г. у медыцынскіх установах Мінска. Загадваў хірургічным і гінекалагічным аддзяленнямі ў Мінскай губернскай савецкай бальніцы (1921–1924), быў кансультантам-хірургам Мінскага ваеннага шпіталя (1924–1932) і адначасова загадчыкам цыкла гінекалогіі на курсах удасканалення ўрачоў (1925–1932). У 1927 г. ён кіраваў гінекалагічным аддзяленнем 1-й гарадской бальніцы ў Мінску (цяпер 3-я гарадская клінічная бальніца імя Я. У. Клумава). З 1934 па 1941 г. быў дырэктарам 2-й гінекалагічнай клінікі, адначасова з’яўляўся загадчыкам кафедры акушэрства і гінекалогіі Беларускага медыцынскага інстытута. У 1935 г. атрымаў званне кандыдата медыцынскіх навук, у 1938 г. стаў прафесарам. Ён праводзіў вялікую навукова-даследчую работу: займаўся вывучэннем хвароб нырак, працаваў над праблемамі гінекалогіі (асабліва аператыўнай). У перадваенны перыяд Я. У. Клумаў лічыўся адным з вядучых спецыялістаў рэспублікі ў галіне хірургіі і гінекалогіі.
У час Вялікай Айчыннай вайны ён стаў актыўным удзельнікам патрыятычнага падпольнага руху. Працуючы ў 1-й гарадской бальніцы, лячыў партызан і байцоў Чырвонай Арміі, якіх хавалі мясцовыя жыхары. Па ініцыятыве Я. У. Клумава ў бальніцы была арганізавана падпольная група, якую ён узначаліў. Медыцынскія работнікі пад кіраўніцтвам прафесара забяспечвалі партызанскія атрады медыкаментамі, перавязачнымі матэрыяламі, хірургічнымі інструментамі. Дзякуючы Я. У. Клумаву былі поўнасцю абсталяваны два партызанскія шпіталі. Члены падпольнай групы распаўсюджвалі сярод хворых і жыхароў Мінска зводкі Савецкага інфармбюро, лістоўкі, савецкія газеты; даставалі і перадавалі партызанам розныя даведкі, бланкі, што дапамагалі трапіць у горад і выйсці з яго. У бальніцы многія салдаты і камандзіры Чырвонай Арміі, якія пасля абарончых баёў 1941 г. апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, забяспечваліся дакументамі і перапраўляліся за лінію фронту ці ў партызанскія атрады. Пад кіраўніцтвам прафесара небяспечную работу праводзілі медыцынскія работнікі ў так званых урачэбна-экспертных камісіях, якія разглядалі заявы аб інваліднасці. Яны выдавалі фіктыўныя дакументы, каб выратаваць людзей ад угону ў Германію. Амаль два гады дзейнічалі медыкі-падпольшчыкі групы Я. У. Клумава. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі мужнасць і высокі аўтарытэт урача-спецыяліста, з якім лічыліся нават немцы. У кастрычніку 1943 г. прафесар разам з жонкай былі арыштаваны. Ён адмовіўся ад супрацоўніцтва з акупантамі і ў 1944 г. загінуў у душагубцы ў лагеры смерці каля в. Малы Трасцянец.
У дні святкавання 20-годдзя разгрому нямецка-фашысцкіх захопнікаў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 г. Я. У. Клумаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імем у Мінску названы вуліца і завулак, 3-я гарадская клінічная бальніца, на будынку якой устаноўлена мемарыяльная дошка.