Дата рождения: 31.12.1912
Дата смерти: 06.01.2007
Краткая справка: графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1968)
Имена на других языках: Gutsieu Mikalai Tsimafeevitch (не определен); Гутиев Николай Тимофеевич (русский);
Мікалай Цімафеевіч Гуціеў нарадзіўся ў Растове-на-Доне (Расія) у сям’і ўрача. У родным горадзе скончыў сярэднюю школу і быў прыняты ў штат мастацкага аддзела мясцовага выдавецтва “Калгасная праўда”, хаця спецыяльнай мастацкай адукацыі не меў. Толькі ў 1934 г. Мікалай Гуціеў быў залічаны на другі курс Растоўскага мастацкага вучылішча (цяпер Растоўскі мастацкі тэхнікум імя М.Б. Грэкава). Яго педагогам быў А. Чарных, вучань знакамітага В. Сярова. У якасці дыпломных прац М. Гуціеў стварыў дзве мастацкія работы: “Яны не пройдуць” і “Пётр Першы” і атрымаў накіраванне ў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна).
Аднак павучыцца ў Ленінградзе М. Гуціеву так і не ўдалося: ён спазніўся на ўступныя экзамены і яго прызвалі ў армію. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнах. Восенню 1941 г. у ліку салдат 19-й арміі трапіў у акружэнне і быў узяты ў палон. У канцлагеры быў залічаны ў групу мастакоў, да якіх ставіліся нядрэнна: давалі паперу, фарбы. М. Гуціеў разам з мастаком М. Абрыньбам падрабілі пропускі (так званыя “аўсвайсы”) і ўлетку 1942 г. з групай таварышаў уцяклі з палону і трапілі ў партызанскую брыгаду Дубава (пазней Лепельская партызанская брыгада).
Мікалай Гуціеў удзельнічаў у баях, а ў свабодныя хвіліны рабіў шматлікія замалёўкі баявых аперацый, партрэты партызан. Мастак стварыў больш за 40 антыфашысцкіх плакатаў, больш за 70 малюнкаў і акварэлей. Плакаты і лістоўкі тыражыраваліся ў падпольнай партызанскай друкарні і з дапамогай папяровых змеяў закідваліся ў нямецкія гарнізоны. Найбольш значнымі работамі гэтага часу з’яўляюцца: “Герой Савецкага Саюза У.Е. Лабанок”, “Апергрупа за распрацоўкай аперацыі” (1944).
У 1944 г. М. Гуціеў атрымаў выклік Цэнтральнага штаба партызанскага руху і быў накіраваны ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР (цяпер выдавецтва “Беларусь”). Аднаму з вядучых выдавецтваў рэспублікі мастак аддаў 27 гадоў сваёй дзейнасці. З мэтай павышэння спецыяльнай адукацыі ён паступіў на мастацка-графічны факультэт Маскоўскага паліграфічнага інстытута (цяпер Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт друку імя Івана Фёдарава), які закончыў у 1961 г. Вучыўся ў Л. Дуброўскага, А. Краўчанкі.
Адначасова з працай у выдавецтве “Беларусь” (1944–1972) М. Гуціеў выкладаў асновы кампазіцыі на графічным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, 1962–1977). Сярод яго студэнтаў былі знакамітыя сёння А. Лось, В. Шаранговіч, В. Грамыка, Г. Паплаўскі, А. Дэмарын, М. Селяшчук, У. Савіч, В. Славук. Мікалай Гуціеў выяўляў найбольш таленавітых студэнтаў і рэкамендаваў выдавецтву прыцягваць іх да афармлення кніг.
Асабісты ўклад Мікалая Гуціева ў беларускую кніжную графіку: ілюстрацыі да кніг “Хаджы Мурат” Л. Талстога (1948), “Вечары на хутары ля Дзіканькі” М. Гогаля (1950), “Люба Лук’янская” К. Чорнага (1961), “В боях за Родину” У. Лабанка (1959, 1961, 1964), ілюстрацыі да беларускіх народных казак “Ільюша, Іванаў сын” (1965), “Цудоўная дудка”(1967, 1972). З яго ілюстрацыямі выдаваліся творы М. Багдановіча, У. Шэкспіра, А. Пушкіна. Шырокую вядомасць набыў зборнік партызанскай паэзіі “Лясныя песні”, аформлены ваеннымі замалёўкамі Мікалая Гуціева (1970, 1974). Мастак лічыў, што мастацкае афармленне любой кнігі павінна грунтавацца на сувязі мастацкіх элементаў з уласцівасцямі штыфту і тэксту. Кнігі, аформленыя Мікалаем Гуціевым, неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў “Мастацтва кнігі”.
Сярод работ мастака ў станковай графіцы выдзяляюцца серыі вытворчай тэматыкі: “Наваполацкі нафтазавод” (1959), “Полацкая нафтабудоўля” (1960–1963), “Беларусь індустрыяльная” (1965).
Адной з галоўных тэм у творчасці М.Ц. Гуціева заставлася партызанская тэма. Серыя “Беларусь – край партызанскі” (“І грымнуў бой”, “Гатоўнасць”, “Успаміны”) была створана ў 1969 г. па замалёўках з натуры, створаных Мікалаем Гуціевым у гады Вялікай Айчынай вайны. У 1970-я гг. мастак выконвае кампазіцыі ў тэхніцы акварэлі: “Апергрупа Ушацка-Лепельскага злучэння”, “Партызанскі аэрадром”, “Нарада камбрыгаў партызанскага злучэння Героя Савецкага Саюза У.Е. Лабанка”.
Пасля доўгага перапынку мастак-графік вяртаецца да сюжэтнага жывапісу. Сярод работ – “Нарада камбрыгаў і камісараў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны” (1975), “Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей” (1980), “Таполя-вяшчуння” (1982), серыя пейзажаў – “Нарач”, “Нясвіж”, “Аксакаўшчына” (усе 1980-я гг.).
Паралельна з актыўнай творчасцю М.Ц. Гуціеў праводзіў вялікую грамадскую работу. Некалькі гадоў ён працаваў галоўным рэдактарам “Агітплаката”, з’яўляўся намеснікам старшыні праўлення Саюза мастакоў БССР, уваходзіў у склад шэрагу мастацкіх саветаў, займаўся журналістыкай.
Мікалай Гуціеў – удзельнік многіх рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выставак (з 1945 г.). У верасні 2008 г. у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны экспанавалася персанальная выстаўка мастака пад назвай “Памяць сэрца”. Экспазіцыя складалася з мастацкіх работ з фондаў музея і сямейнага архіва дачкі мастака Вольгі Манько: былі прадстаўлены асабістыя рэчы мастака – эцюднік, палітра, фотаздымкі, граматы і дыпломы.
За актыўны ўдзел у партызанскім руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны М.Ц. Гуціеў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, за паспяховую творчую і грамадскую дзейнасць – Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, званнем заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР.
Творы М.Ц. Гуціева знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Міністэрства культуры Расіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.