Дата рождения:
26.12.1937 Кругель, в., Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
03.11.2024
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, пісьменнік, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі (2017), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка (1996), прэміі НАН Беларусі (2005), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2009)
Варианты имени:
Гніламёдаў Уладзімір Васільевіч
Имена на других языках:
Gnilomyodov Vladimir Vasiliyevich (не определен); Гниломёдов Владимир Васильевич (русский);
3331 символ
Справка
Доктар філалагічных навук, аўтар літаратуразнаўчых кніг, зборнікаў манаграфій, Уладзімір Васілевіч Гніламёдаў шмат гадоў прысвяціў вывучэнню беларускай літаратуры.
Нарадзіўся У.В. Гніламёдаў у вёсцы Кругель Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Шлях у сталае жыццё здольнага і ўдумлівага юнака пачаўся ў сценах філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна (1955–1959), потым была служба ў арміі. Некаторы час ён працаваў завучам у Тамашоўскім дзіцячым доме, у Камароўскай сярэдняй школе на Брэстчыне. Але навука паклікала таленавітага педагога. У. Гніламёдаў закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1969 па 1976 г. быў на партыйнай рабоце. У 1976 г. вярнуўся ў Інстытут літаратуры, дзе працаваў намеснікам дырэктара і адначасова загадчыкам аддзела тэорыі літаратуры, а ў 1998 г. узначаліў гэты інстытут. Зараз У. Гніламёдаў – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы.
Галоўным аб'ектам даследчых інтарэсаў У. Гніламёдава стала беларуская лірыка і ліраэпас, унутраныя заканамернасці іх развіцця, нацыянальная своеасаблівасць, жанравая і стылёвая разнастайнасць. Плённасць дзейнасці даследчыка ў гэтым напрамку засведчылі шматлікія манаграфічныя працы. Сярод іх – “Традыцыі і наватарства” (1972), “Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс” (1983), “Ад даўніны да сучаснасці: нарыс пра беларускую паэзію” (2001). Аўтар распрацоўвае тэарэтыка-метадалагічны аспект літаратуразнаўства, даследуе творчасць беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Пры гэтым ён абавязкова ўвязвае іх набыткі з сучасным літаратурна-мастацкім працэсам, што дазваляе яго даследаванням быць асабліва актуальнымі і грунтоўнымі (“Іван Мележ: нарыс жыцця і творчасці”, 1984; “Ля аднаго вогнішча”, 1984; “Класікі і сучаснікі”, 1987; “Праўда зерня: творчы партрэт В. Зуёнка”, 1992; “Я. Купала: новы погляд”, 1995, за апошнюю кнігу даследчыку прысуджана Літаратурная прэмія імя У. Калесніка). У.В. Гніламёдаў – адзін з аўтараў і рэдактараў новай фундаментальнай працы “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” у 4-х тамах (т. 2–4), якая стала значным дасягненнем усёй беларускай навукова-тэарэтычнай думкі.
Вялікае месца ў дзейнасці вучонага займалі пытанні падрыхтоўкі кадраў у галіне гісторыі і тэорыі літаратуры, тэксталогіі, крыніцазнаўства, вучобы маладых спецыялістаў. Прадметам клопатаў вучонага заўсёды з'яўлялася дзейсная сувязь акадэмічнай навукі з вышэйшай і агульнаадукацыйнай школай. Шэраг яго прац непасрэдна адрасаваны таксама школьнаму настаўніку.
На працягу многіх гадоў У. Гніламёдаў вёў вялікую навукова-арганізацыйную работу, шмат увагі надаваў пашырэнню і далейшаму ўмацаванню навуковых сувязей і кантактаў беларускіх даследчыкаў з вучонымі іншых краін, прадстаўнікамі блізкага і далёкага замежжа.
У 2000 г. вядомы літаратуразнавец прыйшоў у мастацкую літаратуру. У часопісе “Маладосць” у гэтым годзе быў надрукаваны яго раман-хроніка “Уліс з Прускі”, у цэнтры якога – лёсы жыхароў вёскі Пруска паўночна-заходняй ускраіны Беларускага Палесся ў пачатку ХХ ст. Працягам гэтага твора сталі раманы “Усход” і “Вяртанне”. Трылогія У. Гніламёдава – сур'ёзная заяўка на новае, важкае слова ў беларускай мастацкай літаратуры.