Таццяна Піліпаўна Заранок усё сваё жыццё аддана служыла беларускаму тэатру. Яе творчасць стала адной з яркіх старонак гісторыі нацыянальнага мастацтва.
Нарадзілася Т. Заранок у с. Васілевічы Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер г. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці) у сям’і чыгуначніка. У 1930 г. паступіла на Рэспубліканскія драматычныя курсы ў Мінску, выкладчыкам акцёрскага майстэрства якіх быў вядомы рэжысёр і драматург Е. Міровіч. Праз год яе накіравалі на працу ў Беларускі тэатр імя Я. Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа). У 1933 г. скончыла пры ім тэатральную студыю. Творчы шлях Т. Заранок пачынала побач з такімі выдатнымі майстрамі коласаўскай сцэны, як М. Міцкевіч, К. Саннікаў, А. Ільінскі, П. Малчанаў, Л. Мазалеўская і інш. У першых эпізадычных ролях (Малодка «Першая конная» У. Вішнеўскага, Тоня «Цудоўны сплаў» У. Кіршона, Панюша «Недарэчнасць» К. Фіна) у маладой актрысы праявіліся камедыйныя і драматычныя здольнасці. У гэты перыяд яна стварыла шэраг цікавых сцэнічных вобразаў. Сярод іх – Надзея, жонка Шадрына («Чалавек з ружжом» М. Пагодзіна), спекулянтка Дунька («Любоў Яравая» К. Транёва), капрызная і дэспатычная міс Фані («Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г. Бічэр-Стоу), гарэзлівая і разумная Марціна («Лекар паняволі» Ж.-Б. Мальера), юная Аксюша («Лес» А. Астроўскага), мужная і рамантычна ўзнёслая разведчыца Таццяна («Над Бярозай-ракой» П. Глебкі) і інш. Праца над вельмі непадобнымі вобразамі, ад камедыйных да глыбока драматычных, сведчыла аб уменні Т. Заранок раскрываць характары, пераўвасабляцца. Яна імкнулася насычаць ролі бытавымі дэталямі і інтанацыямі, жадаючы ўзбагаціць вобраз. У час Вялікай Айчыннай вайны тэатр быў эвакуіраваны. Актрыса разам з калектывам выступала перад воінскімі часцямі, на фабрыках, заводах, шпіталях. Асноўным рэпертуарам гэтага перыяду была ваенная тэматыка. У спектаклі «Фронт» А. Карнейчука Т. Заранок стварыла вобраз сціплай, сардэчнай, адважнай дзяўчыны Марысі. Бліскуча выканала ролю калгаснага брыгадзіра Кацярыны ў пастаноўцы «Партызаны ў стэпах Украіны» А. Карнейчука. У п’есе «Заложнікі» А. Кучара, прысвечанай легендарнаму беларускаму партызану Бацьку Мінаю, стварыла супярэчлівы, трагічны вобраз Зінкі. Пасля вызвалення Віцебска тэатральны калектыў вярнуўся ў родны горад і адкрыў свой першы пасляваенны сезон. Адной з самых цікавых роляў, сыграных Т. Заранок у гэты перыяд, была Паўліна Бохан у спектаклі «Пяюць жаваранкі» К. Крапівы. Гераіня з першага з’яўлення да апошняй сцэны прыкоўвала ўвагу гледача, захапляючы сваім тэмпераментам і народным гумарам. Вобраз маладой калгасніцы Любы ў лірычнай камедыі «Алазанская даліна» К. Губарэвіча і I. Дорскага актрыса надзяліла шчырасцю пачуццяў, непарушнасцю дадзенага слова, прыгажосцю задум і мар, скромнасцю і воляй. Драматычным і адначасова светлым, чалавечным, абаяльным быў вобраз Людмілы ў спектаклі класічнай драматургіі «Позняе каханне» А. Астроўскага.
У 1951 г. Т. Заранок перайшла ў Брэсцкі абласны драматычны тэатр імя Ленінскага камсамола Беларусі, у якім працавала да 1974 г. Яна хутка заваявала прызнанне гледачоў Брэста, паказала сябе таленавітай разнапланавай актрысай. Таццяна Заранок стала выканаўцай вострахарактарных камедыйных і лірыка-драматычных роляў. Высокае прафесійнае майстэрства ў спалучэнні з арганічным адчуваннем псіхалагічнай праўды паводзін персанажа, разуменне жанравых і стылявых асаблівасцей драматычных твораў, эмацыянальная напоўненасць унутранага жыцця створаных вобразаў характарызуюць яе як самабытную актрысу (Белацелава, Варвара, Людміла («Жаніцьба Бальзамінава», «Навальніца», «Позняе каханне» А. Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А. Чэхава), Наташа, Глафіра («На дне», «Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага), Фаншэта («Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ), Юстына («Юстына» X. Вуаліёкі), Тоня («Цудоўны сплаў» У. Кіршона), Ларыса («Іркуцкая гісторыя» А. Арбузава) і інш.). Сталым прафесійным майстэрствам артысткі адзначаны яркі вобраз удзельніцы абароны Брэсцкай крэпасці Дашы ў спектаклі «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча (каля 15 гадоў выконвала ролю). Вясёлай, працавітай гаспадыняй у сваім калгасе прадставіла вобраз Ганны Чыхнюк у камедыі «Выбачайце, калі лаcка!» А. Макаёнка. Актрыса паказала гледачам, што гераіня зведала нямала гора, прайшла вайну, яе рукі ўмелі рабіць і жаночую, і мужчынскую справу, але выпрабаванні не зламалі веры ў лепшае жыццё. Асобай старонкай ў творчай біяграфіі Т. Заранок стала ленініяна. Над стварэннем сцэнічнага партрэта Н.К. Крупскай актрыса працавала з вялікім натхненнем. У спектаклі «Фінал» П. Строгава Т. Заранок змагла данесці да гледача цеплату ўзаемаадносін У.І. Леніна і Н.К. Крупскай, яе штодзённыя клопаты. У спектаклях «Дзень цішыні» М. Шатрова і «Брэсцкі мір» К. Губарэвіча паказала гераіню не толькі як рэвалюцыянерку і бальшавічку, але і сапраўднага таварыша, уважлівага і шчырага сябра У.І. Леніна.
Больш за 40 гадоў Т. Заранок прысвяціла тэатральнай дзейнасці. Кожны выхад на сцэну вызначаўся пошукамі новых фарбаў і дэталяў, імкненнем наблізіць вобразы да сучаснасці. У 1967 г. актрысе прысвоена званне народнай артысткі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.