Дата рождения: 24.12.1917 Загасцінне, фальв., Міёрскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти: 26.06.1986
Краткая справка: польскі пісьменнік, аўтар кніг паэзіі і прозы, перакладчык твораў М. Багдановіча, У. Караткевіча, Я. Брыля і інш.
Имена на других языках: Huszcza (не определен); Гуща Ян (русский);
На творчым рахунку польскага пісьменніка Яна Гушчы больш за 30 арыгінальных кніг прозы, паэзіі, публіцыстыкі. Выпрацаваўшы свой адметны стыль, ён вялікую ўвагу надаваў перакладам і папулярызацыі беларускай літаратуры.
Нарадзіўся Я. Гушча ў фальварку Загасцінне Дзісненскага павета Віленскай губерні (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці). Сярэднюю адукацыю атрымаў у Дзісненскай гімназіі. У 1934 г. паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Адначасова вучыўся ў Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні. Скончыўшы вучобу, Я. Гушча настаўнічаў у заходнебеларускіх вёсках. Вялікая Айчынная вайна застала яго ў Казахстане. Пэўны час займаўся педагагічнай працай. У 1943 г. служыў у 3-й дывізіі пяхоты імя
Р. Траўгута Войска Польскага. Летам 1944 г. знаходзіўся ў Маскве як супрацоўнік двухтыднёвіка «Nowe Widnokregi» («Новыя далягляды»), органа Саюза польскіх патрыётаў. У ліпені 1944 г. ён пераехаў у Польшчу, спачатку жыў у Любліне, а потым у Лодзі. У 1955–1957 гг. супрацоўнічаў з двухтыднёвікам «Kronika» («Хроніка»). У 1970–1971 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам лодзінскага квартальніка «Оsnowa» («Аснова»).
Ян Гушча ўпершыню выступіў у друку з вершам «Горад» у 1933 г. На працягу 1935–1939 гг. публікаваў вершы, эпіграмы і рэцэнзіі ў шматлікіх польскіх часопісах. Актыўны ўдзел Я. Гушчы ў беларускім літаратурным жыцці пачаўся ў другой палове 1930-х гг. Рэдакцыя польскага штотыднёвіка «Poprostu» («Папросту») адкрыла на сваіх старонках беларускую рубрыку, у вядзенні якой прымаў непасрэдны ўдзел пісьменнік. Тут друкаваліся ў арыгіналах вершы М. Танка, М. Васілька, М. Машары і іншых аўтараў, асвятляліся цяжкасці, што паўставалі перад маладой беларускай літаратурай. У 1938 г. у Вільні выйшла першая невялічкая кніга вершаў «Балада пра падарожных» пад псеўданімам Ян Алехна. У 1950–1980 гг. пісьменнік публікаваў паэтычныя творы, прозу і пераклады, галоўным чынам з беларускай мовы. Вершаваныя творы апублікаваны ў зборніках «Штодзённасць кахання», «Выбраныя вершы», «Сентыментальнае падарожжа», «Размовы і заклёны», «Гады сярод гадоў». 3борнік вершаў «Стары павільён» у 1969 г. атрымаў узнагароду за найлепшую паэтычную кнігу 25-годдзя. Ян Гушча з’яўляецца аўтарам кніг прозы «Мястэчка над Альшанкай» (1948), «З далёкіх дарог» (1957), «Кругі» (1964), «Пярсцёнак з кайданоў» (1974). 3 яго эсэістыкі вылучаюцца «Успаміны не заўсёды журботныя», якія тычацца літаратурнага жыцця Вільні ў міжваенны перыяд, зборнік успамінаў і рэпартажаў «Здарэнні і прызнанні», а таксама «Урыўкі, эпізоды, нарысы» з нарысам «Паэт Белай Русі» пра
Ф. Багушэвіча. Сатырычныя творы Я. Гушчы ўвайшлі ў зборнікі «Ані так, ані сяк», «Дажынкі ў Адамове», «Аб людзях з людзьмі», «Розныя нашыя справы», «Ноч перад агульным сходам», «Зачараваны банкнот», «Жарты, сатыры, эпіграмы». У творах пісьменніка лірычны герой пераўтварыўся ў постаць апавядальніка, набыў знешнюю біяграфію, што аб’яднала ў агульны цыкл кароткія аповесці, апавяданні, навелы і мініяцюры. Тэматыка падзяляецца на тры асноўныя цыклы: заходнебеларускі, ваенны і пасляваенны. Падзеі ваенных твораў адбываюцца пераважна ў глыбокім савецкім тыле – Сярэдняй Азіі, дзе нарыхтоўваўся правіянт для фронту, а потым у цэнтральнай Расіі, дзе праходзіла арганізацыя польскага войска. Апавяданні пазнейшага перыяду прысвечаны землякам, рэпатрыянтам, якія пасля вайны пачалі вяртацца з розных куткоў свету ў Польшчу і абжываць заходнія землі. Асобнымі выдзяляюцца гістарычная тэма і сатыра. Проза Я. Гушчы ахоплівае вострыя, драматычна напружаныя і цяжкія ў ідэалагічных адносінах пласты жыцця. У творах чытачы знойдуць не толькі праўду дэталяў, але і змястоўны сацыяльна-псіхалагічны аналіз рэчаіснасці. Пісьменнік арыентуецца ўвогуле на жыццё грамадска актыўных пластоў насельніцтва ў Заходняй Беларусі. Пад уражаннем перажытага ў вайну ў свядомасці Я. Гушчы склалася агульная канцэпцыя подзвігу і гераізму, каштоўнасці чалавека і сэнсу жыцця. Гэта ідэя стала галоўным стрыжнем лепшых яго твораў. У іх прысутнічае многа паэтычных малюнкаў, элегічных роздумаў.
Ян Гушча пераклаў з беларускай мовы апавяданні 20 аўтараў, выдадзеныя пад назвай «Мае мядзведзі і іншыя беларускія апавяданні» (1975), выбраныя апавяданні У. Караткевіча пад агульнай назвай «Блакіт і золата дня» (1976), Я. Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). Рэдагаваў польскае выданне выбраных вершаў М. Багдановіча са сваёй прадмовай і каментарыямі. У перакладах Я. Гушча імкнуўся перадаць агульны дух, глыбінны сэнс асобных вершаў паэта, паэмы «Страцім-лебедзь», апавядання «Апокрыф». Хараство перакладаў твораў М. Багдановіча «Стары сад», «Вечар», «Страсць» і іншых менавіта ў трапнай перадачы рытмікі і ўсёй гукамеладычнай інструментоўкі арыгінала. Ян Гушча – складальнік зборнікаў «Беларускія вершы» (1971), «Анталогія беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў большасць вершаў. У падборку ўвайшлі тыя, што тэматычна звязаны з польскай гісторыяй, культурай. Уключыў аўтараў дарэвалюцыйнай пары, якія карысталіся адначасова беларускай і польскай мовамі, іх польскія творы ў арыгіналах. Вершы самога пісьменніка ў перакладзе на беларускую мову шырока прадстаўлены ў зборніку «Горад мільённы і мы» (1972). У беларускім перакладзе выйшла таксама яго кніга «Пан Грацыян і іншыя» (1976). Многія творы тэматычна звязаны з Беларуссю (апавяданне «Лямпа», вершы «Да сябра-беларуса», «Вязынка» і інш). У зборніку эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) Я. Гушча апісаў падарожжа па Беларусі, расказаў пра творчасць Ф. Багушэвіча, П. Багрыма, М. Багдановіча. На беларускую мову яго творы перакладалі П. Пестрак, М. Танк, Я. Брыль,
Р. Барадулін, У. Караткевіч, А. Лойка, В. Зуёнак, М. Татур, Т. Зарыцкая, Я. Міско, Я. Семяжон, Я. Сіпакоў, А. Марціновіч, А. Клышка, Я. Бяганская, К. Цвірка і інш.
У 1975 г. Я. Гушча атрымаў узнагароду г. Лодзі за дасягненні ў галіне навукі і культуры. Адзначаны Залатым крыжам заслугі (1955), Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы (1969). У Дзісне ў 2013 г. усталявана памятная дошка ў гонар пісьменніка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.