Дата рождения: 22.11.1937
Краткая справка: артыстка оперы (лірыка-каларатурнае сапрана), народная артыстка Беларусі
Имена на других языках: Златова Людмила Ивановна (русский);
Людміла Іванаўна Златава нарадзілася ў г. Чыта (Расія). Яе дзяцінства прайшло на Украіне ў закарпацкім горадзе Мукачава, дзе скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Марыла стаць піяністкай і паступіла на фартэпіяннае аддзяленне Ужгарадскага музычнага вучылішча. Педагогам спадабалася цудоўнае выкананне раманса “Салавей” А.А. Аляб’ева, і Людміла пачала адначасова вучыцца і на вакальным аддзяленні. Л. Златава выдатна скончыла вучылішча і паступіла на вакальны факультэт Маскоўскай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, дзе конкурс складаў 30 чалавек на месца.
У 1962 г. пасля заканчэння кансерваторыі па запрашэнні дырыжора І.С. Абраміса маладая спявачка прыехала ў Мінск і была прынята ў трупу Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). У 1962–1991 гг. Людміла Златава з’яўлялася салісткай, а ў 1991–1993 гг. – дырэктарам опернай трупы тэатра.
Дэбют маладой спявачкі адбыўся ў оперы “Рыгалета” Д. Вердзі, дзе Людміла Златава выконвала галоўную жаночую партыю Джыльды. Дзякуючы цёпламу серабрыстаму лірыка-каларатурнаму сапрана яна хутка заваявала прызнанне публікі. Л. Златава ўдала выконвала лірычныя, драматычныя і камедыйныя ролі. Створаныя ёю вобразы заўсёды вылучаліся праўдай характараў, шчырасцю пачуццяў і жаноцкасцю.
У ролі Царліны (“Дон Жуан” В.А. Моцарта) спявачка стварыла выразны партрэт маладой гарэзлівай жанчыны, якая даволі смела ўступіла ў паядынак з Дон Жуанам. Л. Златава з артыстычнай прыемнасцю паглыбілася ў стыхію жаночых хітрыкаў і какетлівасці, дзівоснага жыццярадаснага настрою. Шчыра і пералівіста, захоўваючы ўсё багацце партыі, з тонкімі нюансамі, з прытоеным падтэкстам артыстка будавала свой вобраз, абапіраючыся на характар і музычную плынь музыкі Моцарта. Яе Царліна – таямнічая і чароўная, практычная і па-сялянску гаспадарлівая ў сваіх жыццёвых разліках. Нягледзячы на тое, што спектакль ішоў на сцэне Вялікага тэатра доўгі час, Л. Златава зноў і зноў знаходзіла новыя адценні, дэталі і нюансы гучання гэтай партыі.
За час працы ў тэатры спявачка выканала каля 40 оперных партый. Слухачоў заўсёды ўражвала ўлюбёнасць Л. Златавай у музыку, рамантычная ўзнёсласць выканання, поўная творчая самааддача, яркі, гучны, срэбны голас. У операх нацыянальнага рэпертуару артыстка выступала ў ролі Марфачкі (“Алеся” Я. Цікоцкага), Ірыны, Маці (“Калючая ружа”, “Зорка Венера” Ю. Семянякі), Янінкі (“Сцежкаю жыцця” Г. Вагнера), Ганначкі (“Брэсцкая крэпасць” К. Малчанава). Ролі класічнага опернага рэпертуару дазволілі спявачцы праявіць на поўную сілу і свой драматычны талент. Сярод лепшых работ Людмілы Златавай у опернай класіцы: Джыльда, Віялета (“Рыгалета”, “Травіята” Д. Вердзі), Разіна (“Севільскі цырульнік” Д. Расіні), Адзіна, Нарына (“Любоўны напітак”, “Дон Паскуале” Г. Даніцэці), Серпіна (“Служанка-пані” Д.Б. Пергалезі), Мюзета (“Багема” Д. Пучыні), Царліна, Сюзана, Папагена і Першая дама (“Дон Жуан”, “Вяселле Фігара”, “Чароўная флейта” В.А. Моцарта), Мікаэла, Лейла (“Кармэн”, “Шукальнікі жэмчугу” Ж. Бізэ), Маргарыта (“Фаўст” Ш. Гуно), Марфа, шамаханская царыца, Снягурачка (“Царская нявеста”, “Залаты пеўнік”, “Снягурачка” М. Рымскага-Корсакава).
Адной з любімых роляў Людмілы Златавай з’яўляецца партыя Лейлы з оперы Ж. Бізэ “Шукальнікі жэмчугу”. Артыстка змагла дакладна перадаць свет драматычных перажыванняў і эмоцый сваёй гераіні. Яшчэ адной запамінальнай роляй стала Віялета з оперы “Травіята” Д. Вердзі. Людміла Златава ў ролі Віялеты проста і натуральна даносіла да слухачоў трагедыю жыцця і кахання.
Спявачцы была вельмі блізкая камерная музыка, яна ўпэўнена і свабодна адчувала сябе на канцэртнай эстрадзе, выступала з Мінскім камерным аркестрам. У яе камерным рэпертуары вялікае мноства твораў, многія з якіх выконваліся вельмі рэдка. Разам з аркестрам Л. Златава выконвала “Рэквіем” В.А. Моцарта, месу Ф. Шуберта, араторыю “Поры года” І. Гайдна, Дзевятую сімфонію Бетховена. З гэтым калектывам артыстка запісала грампластынку з творамі старадаўняй музыкі замежных кампазітараў – фрагменты з опер “Радрыга” і “Радэлінда” Г.Ф. Гендэля, “Дырэктар тэатра” В.А. Моцарта, “Каралева фей” і “Дзідона і Эней” Г. Пёрсэла, а таксама фрагменты з твораў Д. Пергалезі, Т Джардані, А. Страдэлы, А. Скарлаці на англійскай, рускай, італьянскай і лацінскай мовах.
Спявачка выступала разам са славутым піяністам Святаславам Рыхтэрам. У яе выканні гучалі творы Г. Пёрсэла, Ж.Б. Люлі, Ф. Рамо, А. Грэтры. З камерным ансамблем старадаўняй музыкі “Кантабіле” выконвала музыку Гендэля, Пёрсэла, Пергалезі, Букстэхудэ. Нямала канцэртаў адбылося ў Л.І. Златавай з камерна-інструментальным ансамблем Беларускага тэлебачання і радыё, з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам БССР. Гастраліравала яна ў Венгрыі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Егіпце.
У 1980 г. Л.І. Златавай было прысуджана ганаровае званне “Народная артыстка Беларусі”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.