Дата рождения:
15.12.1917 Кашалёва, вёска, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
02.07.1972 Мінск, г.
Краткая справка:
ваенны дзеяч, генерал-маёр авіяцыі, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943, 1945), заслужаны ваенны лётчык СССР, ганаровы грамадзянін г. Буда-Кашалёва, узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, шасцю ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны І ст., медалямі
Имена на других языках:
Головачев Павел Яковлевич (русский); Головачёв Павел Яковлевич (русский);
3119 символов
Справка
Павел Якаўлевіч Галавачоў нарадзіўся ў вёсцы Кашалёва Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння сямігодкі і школы фабрычна-заводскага вучнёўства (ФЗВ) працаваў на лесакамбінаце ў Навабеліцы (цяпер раён Гомеля). У вольны час быў нападаючым заводскай футбольнай каманды, вучыўся ў Гомельскім аэраклубе.
У лістападзе 1938 г. П.Я. Галавачоў стаў чырвонаармейцам і быў накіраваны ў 8-ю Адэскую ваенную авіяцыйную школу пілотаў імя П. Асіпенка. Увосень 1940 г. малодшы лейтэнант Галавачоў стаў лётчыкам 168-га знішчальнага авіяцыйнага палка. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у паветраных баях. У кастрычніку 1941 г. быў пераведзены ў склад 69-га авіяцыйнага палка (перайменаваны ў 9-ы гвардзейскі авіяцыйны полк у 1942 г.). Прайшоў шлях ад лётчыка да камандзіра эскадрыллі. Павел Галавачоў ваяваў пад Харкавам, прымаў удзел у Сталінградскай бітве, вызначыўся ў баях пад Растовам-на-Доне і ў Данбасе. У адным з баёў яго самалёт быў падбіты, а лётчык атрымаў раненне і страціў зрок. Складаная аперацыя, праведзеная акадэмікам У.П. Філатавым, дазволіла яму вярнуцца ў свой полк.
Да лістапада 1943 г. П.Я. Галавачоў здзейсніў 225 баявых вылетаў, правёў 92 паветраныя баі ў якіх асабіста збіў 17 самалётаў праціўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 лістапада 1943 г. Паўлу Якаўлевічу Галавачову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Да канца вайны П.Я. Галавачоў ваяваў у складзе 9-га гвардзейскага авіяцыйнага палка. У канцы снежня 1944 г. збіў таранам варожы самалёт-разведчык, а свой пашкоджаны самалёт давёў да аэрадрома. 25 красавіка 1945 г. гвардыі капітан Галавачоў здзейсніў свой апошні баявы вылет і збіў два самалёты праціўніка. Усяго да мая 1945 г. лётчык здзейсніў 457 баявых вылетаў, у 125 паветраных баях знішчыў 31 самалёт праціўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 чэрвеня 1945 г. Павел Якаўлевіч Галавачоў быў узнагароджаны другім медалём “Залатая Зорка” і стаў двойчы Героем СССР.
Пасля заканчэння вайны працягваў вайсковую службу. У 1951 г. скончыў Ваенна-паветраную акадэмію, у 1959 г. – Ваенную акадэмію Генеральнага штаба. Служыў на адказных пасадах у Савецкай Арміі: камандаваў палком і дывізіяй, быў намеснікам камандуючага авіяцыяй адной з ваенных акруг.
Павел Якаўлевіч Галавачоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1943, 1945), шасцю ордэнамі Чырвонага Сцяга (1942, 1943, 1945 (двойчы), 1955, 1968), ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені (1943), двума ордэнамі Чырвонай Зоркі (1954, 1956), медалямі. З’яўляўся ганаровым грамадзянінам г. Буда-Кашалёва.
Вуліцы Галавачова ёсць у Гомелі і Буда-Кашалёва. У гэтых гарадах ўстаноўлены бюсты Героя. У абласным цэнтры знаходзяцца тры мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя знакамітаму лётчыку. У 2021 г. на адным з жылых дамоў па вуліцы Галавачова г. Гомеля з’явіўся вялікі малюнак (мурал) з выявай П.Я. Галавачова. Узнагароды генерал-маёра Галавачова, яго ўспаміны і аўтабіяграфія, лётныя кніжкі, фатаграфіі, копіі узнагародных лістоў захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.