Аляксей Сцяпанавіч Бурдзялёў нарадзіўся на Магілёўшчыне. З маленства прывучыўся да сялянскай працы: вадзіў на начлег каня, хадзіў за бараной і плугам, махаў касой і малаціў цэпам. Скончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы, вучыўся ў Касцюковіцкай сямігодцы, Аршанскім педагагічным тэхнікуме, Маскоўскім зоаветэрынарным інстытуце (1935). У якасці ветурача-бактэрыёлага быў накіраваны ва Узбекістан. Пасля працаваў ва ўпраўленні саўгасаў у Мінусінску (Краснаярскі край, Расія), у бактэрыялагічных лабараторыях Масквы і Мінска.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў якасці начальніка палявой лабараторыі Аляксей Бурдзялёў змагаўся з інфекцыямі жывёл. Летам 1945 г. апынуўся на Далёкім Усходзе, у Манголіі і Кітаі: працаваў над ліквідацыяй наступстваў прымянення японскай бактэрыялагічнай зброі. Вайсковая служба капітана Бурдзялёва закончылася толькі ў красавіку 1947 г. А.С. Бурдзялёў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.
У ліпені 1947 г. Аляксей Сцяпанавіч вярнуўся на Радзіму і прысвяціў сваё жыццё літаратуры. Працаваў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР, загадчыкам аддзела публіцыстыкі і рэдактарам аддзела культуры і літаратуры часопіса “Беларусь”, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”. У розныя гады выбіраўся старшынёй секцыі паэзіі, старшынёй Бюро па прапагандзе літаратуры, членам праўлення і прыёмнай камісіі Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшынёй праўлення Беларускага аддзялення Літфонду СССР, з’яўляўся членам рэдкалегіі штотыднёвіка “Дзень паэзіі”. Аднак галоўным у яго жыцці была паэзія.
Выступаць з допісамі ў друку Аляксей Бурдзялёў пачаў у далёкім 1930 г., калі быў селькорам, наведваў школьны гурток аматараў паэзіі. Яго паэтычны дэбют адбыўся ў сярэдзіне 1930-х гг.: у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Полымя рэвалюцыі” з’явіліся вершы “Другое спатканне” (1934), “Спадчына”, “Мой антыпод”, “Песня” (усе – 1936 г.), “У дарозе” (1937) за подпісам А. Бурдзель. У сакавіку 1949 г. Аляксей Бурдзялёў абраў сабе творчы псеўданім “Аляксей Русецкі”.
Першая кніжка – зборнік паэзіі “У заўтрашні свет” – з’явілася ў 1951 г., затым былі кнігі паэзіі “Святло акон тваіх” (1959), “Усход і захад” (1962), “Яго Вялікасць” (1965), “Служба святла” (1967), “Зямля гаворыць зорам” (1971), “Два колеры жыцця” (1973), “Позірк” (1977), “Паэмы” (1979), “Крокі сэрца” (1980, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова 1981), “Хвала жыццю” (1987) і інш.
Аляксей Русецкі – адзін з самых інтэлектуальных паэтаў у беларускай літаратуры. Яшчэ ў юнацтве ён пачаў задумвацца над узаемаадносінамі чалавека і прыроды, адным з першых у беларускай паэзіі адчуў, што чалавек – гэта не толькі свет, але і сусвет. Творчасці Аляксея Русецкага ўласціва ліра-эпічнае светаадчуванне, арганічнае спалучэнне лірычных эмоцый і рацыянальнага мыслення. Асаблівасці таленту паэта – лірызм і публіцыстычнасць, інтымнасць інтанацый і філасофская шырыня гуманістычных даляглядаў. Матывы яго вершаў – роздум аб ролі паэзіі і навукі ў жыцці чалавека, каханне, любоў да роднай прыроды, да Радзімы. Аляксей Русецкі – паэт, надзвычай верны сабе, стрыманы ў выказванні пачуццяў, ашчадны ў словах, схільны да развагі, да навуковага даследавання жыцця. Гэта паэт-дыялектык, якому бліжэй за ўсё чалавек у яго інтэлектуальна асэнсаваных сувязях з асяроддзем, прыродай, грамадствам, гісторыяй.
Многія вершы Русецкага былі прысвечаны Узбекістану – краіне, у якой ён пэўны час працаваў. Наогул, Русецкі – паэт, які пазнаваў свет праз параўнанне былога і сённяшняга. У сваіх творах ён гаварыў аб надзённых праблемах жыцця, паказваў і раскрываў іх ва ўсёй шматграннасці і значнасці і з кожным новым творам усё глыбей пранікаў у сутнасць падзей і з’яў, маштабней глядзеў на сувязь чалавека з часам, на ўзаемаадносіны з людзьмі.
Паэзія Русецкага – паэзія не гучных дэкларацый, а высокага душэўнага напалу, пачуццёвы стан лірычнага героя якой – высокі парог маральнага пастаянства, праз які з гонарам пераступае толькі чалавек, па-сапраўднаму ўлюбёны ў будучае зямлі і ўсяго чалавецтва. Гэта грамадзянскі неспакой, паэтычная заклапочанасць сапраўднымі турботамі, бо паэту наканавана праходзіць выпрабаванне на вернасць свайму часу і зберагаць пры гэтым жывую і чулую да ўсяго жывога душу, што заўсёды знаходзіла адлюстраванне ў яго вершах.
Аляксей Русецкі – адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў беларускай літаратуры. У гэтым жанры ім створаны шэраг твораў: паэмы “Яго Вялікасць”, “Маналог Зямлі”, “Айкумена”, “Хвала жыццю”. Паэма Русецкага “Яго Вялікасць” стала з’явай у беларускай паэзіі, у ёй праявіліся такія асаблівасці паэтычнага таленту, як лірызм і публіцыстычнасць, інтымнасць інтанацый і філасофская шырыня гуманістычных даляглядаў паэта. Са старонак твора паўстае Яго Вялікасць Чалавек – дзейсная, актыўная асоба. Галоўная думка твора – пераадоленне супярэчнасці паміж адзінкавым і супольным, сінтэз асобнага і агульнага, часовага і вечнага. Чалавек як “сын бязмежнай матэрыі”, як частка прыроды – такі лейтматыў ліра-эпічных паэм Русецкага “Маналог Зямлі”, “Айкумена”, “Хвала жыццю”.
У паэме “Поле жыцця” (1974) Аляксей Русецкі паспрабаваў па-філасофску асэнсаваць жыццё тагачаснай вёскі, яе трывогі і клопаты.
Акрамя вершаў Аляксей Русецкі займаўся перакладамі твораў украінскіх, польскіх і рускіх паэтаў. У сваю чаргу творы Русецкага выходзілі на англійскай, армянскай, асецінскай, грузінскай, іспанскай, латышскай, літоўскай, малдаўскай, нямецкай, польскай, рускай, славацкай, таджыкскай, узбекскай, французскай, чувашскай і іншых мовах.
Створанае Аляксеем Русецкім – несумненна каштоўная і эстэтычна значная старонка беларускай паэзіі, якая ў наш час узнялася да шырокіх агульнаеўрапейскіх даляглядаў, закрануўшы свет чалавечай асобы і істотныя аспекты агульначалавечай сацыяльна-філасофскай, інтэлектуальнай праблематыкі. У паэзіі заслужанага работніка культуры БССР (1983) Аляксея Русецкага выразна адлюстраваліся гістарычныя падзеі амаль цэлага стагоддзя, радасць і беды роднай зямлі і яе народа, перажыванні, надзеі і мары звычайных людзей – працаўнікоў, стваральнікаў свайго шчасця.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.