Адметнае месца ў развіцці беларускай прозы належыць Паўлу Нічыпаравічу Кавалёву. Нарадзіўся ён у в. Склімін Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, потым скончыў Мілаславіцкую сямігодку і паступіў на педагагічныя курсы ў Магілёве. Пасля заканчэння (1930) выкладаў беларускую мову і літаратуру ў пачатковай школе ў в. Пожар. Некаторы час П. Кавалёў сумяшчаў настаўніцкую працу з работай у Клімавіцкай раённай газеце «Камуна». У 1932 г. быў пераведзены ў смалявіцкую газету «Шлях калектывізацыі». У гэтым жа годзе паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М. Кірава ў Мінску, які скончыў у 1936 г. Быў накіраваны на работу ў рэдакцыю рэспубліканскай газеты «Звязда». У гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», якая знаходзілася ў Маскве. У 1943 г. адкліканы на работу ў Цэнтральны штаб партызанскага руху, дзе да 1944 г. служыў старшым памочнікам начальніка аддзялення друку. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працаваў у ЦК КП(б)Б. З 1946 па 1955 г. быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Потым (да 1967 г.) – рэдактарам часопіса «Вожык». З 1967 па 1972 г. з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». У складзе дэлегацыі Беларускай ССР П. Кавалёў прымаў удзел у рабоце ХХІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1966). У 1978 г. стаў заслужаным работнікам культуры БССР. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны 2-й ступені, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі.
Першыя нарысы П. Кавалёва былі надрукаваны ў клімавіцкай раённай газеце «Камуна» (1929). У 1930 г. яго верш «Жыццё iмчыцца» змясцiла рэспублiканская газета «Пiянер Беларусi». У час вайны ў штабе партызанскага руху пісьменнік атрымліваў інфармацыю з партызанскіх атрадаў. Апрацаваныя ім матэрыялы друкаваліся ў газеце «Правда», выкарыстоўваліся ў ТАСС і на радыё. На іх аснове з’явіўся цыкл пад агульнай назвай «З часоў партызанскіх», многія апавяданні якога былі перакладзены на рускую мову і ўвайшлі ў зборнік «Рассказы» (надрукаваны ў Маскве ў 1960 г.). У 1943 г. там жа асобнай брашурай выдадзены нарыс «Герой Савецкага Саюза Аляксей Антоненка». У творах, прысвечаных вайне, П. Кавалёў ствараў вобразы герояў, якія самаахвярна змагаліся, паказвалі ўзоры гераізму, не шкадавалі жыцця ў барацьбе з фашызмам. Гэта сціплая партызанка Марына з апавядання «Пятнаццаць яблыкаў», якая падрывае варожы цягнік і сама гіне; невядомы хлопец-партызан (апавяданне «Кірылаў сказ»), спалены немцамі за тое, што не сказаў, дзе размешчаны атрад; Зінаіда Антонаўна (аповесць «Андрэйка»), якая адважна вяла гітлераўцаў да партызанскай засады. У 1945 г. выйшла кніга апавяданняў і нарысаў П. Кавалёва «Прага бою», аднаактовыя п’есы «Подзвіг; Родная кроў», дзе аўтар паказаў героіку Вялікай Айчыннай вайны. У творах на сучасную тэматыку ўзнімаў маральна-этычныя праблемы, імкнуўся да стварэння яркіх запамінальных характараў, дакладнасці псіхалагічнай матывацыі ўчынкаў. Вялікай папулярнасцю карысталіся кнігі «Аповесць пра добрае сэрца» (1950), «У новы дзень» (1952), «Каб шчасліва жыць» (1953), «Сонца ў вокны» (1962), «Падзенне Хвядоса Струка» (1967), «Пакінь нас, трывога» (1977), «Дзень першы, ноч апошняя» (1980) і інш.
Асобнай старонкай творчай дзейнасці П. Кавалёва з’ўлялася дзіцячая літаратура. Юнаму чытачу адрасаваны аповесці «Андрэйка» (1948), «Лёнька Гром» (1961), «Чырвоны лядок» (1969), «Спытай сябе, Аніска» (1985); зборнікі апавяданняў «Згублены дзённік» (1954), «Сябры мае, дзеці» (1959), «Малы мужчына» (1966), «Пра нашу Дашу» (1982), «Намеснік бабулі» (1992). У гэтых і іншых творах пісьменнік раскрывае сэнс такіх паняццяў, як сумленне, грамадзянскі абавязак, патрыятычная адданасць, вернасць сяброўству, чуласць, дабрата. Шмат твораў П. Кавалёў прысвяціў ахове прыроды. Яго апавяданні «Наш сакрэт» (1972), «Пчолка» і «Жыві сабе, зайчык!» (1975), «Расце дрэўца» (1978) і іншыя паэтызуюць гармонію ўзаемаадносін чалавека і прыроды, якая дорыць людзям сваю красу і багацце.
Творчасць П. Кавалёва багатая і разнастайная як у тэматычных, так і ў жанравых адносінах. Ён з’яўляецца аўтарам сатырычных зборнікаў «Пісьмо ў два адрасы» (1959), «Павер, кахаю…» (1969), «Як здароўе, доктар?» (1972) і інш. Пісьменнік выступаў і як літаратуразнаўца. Былі выдадзены яго брашуры «Беларуская савецкая літаратура ў пасляваенны перыяд» (1950) і «Беларуская савецкая літаратура ў барацьбе за мір» (1951). Вядомы П. Кавалёў і як перакладчык на беларускую мову твораў М. Твэна, Ю. Збанацкага, М. Горкага, А. Чэхава, С. Баруздзіна і іншых пісьменнікаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.