Дата рождения:
14.11.1907 Хварасцяны, в., Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
31.07.1981
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, педагог, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст.
Псевдонимы:
Вісажар Міхась; Святланін М.; Чабор М.
Варианты имени:
Ларчанка Міхась
Имена на других языках:
Ларченко Михаил Григорьевич (русский); Ларченко Михась (русский);
Криптонимы:
М.Л.
5340 символов
Справка
Адным з першых арганізатараў літаратуразнаўчай навукі ў Беларусі быў Міхаіл Рыгоравіч Ларчанка, стваральнік навуковай школы са сваімі метадалагічнымі прынцыпамі даследавання, праблематыкай, паслядоўнасцю і дакладнасцю аналізу.
Нарадзіўся ён у в. Хварасцяны Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля вучобы ў школе сялянскай моладзі паступіў у Магілёўскі педагагічны тэхнікум. У 1929 г. з другога курса перайшоў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у 1931 г. гэты факультэт быў пераўтвораны ў Беларускі вышэйшы педагагічны інстытут). У 1932 г. М. Ларчанка датэрмінова скончыў інстытут і да 1935 г. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1936 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Лірыка Якуба Коласа». Працаваў у гэтым жа інстытуце старшым навуковым супрацоўнікам (1935–1941), чытаў лекцыі ва ўніверсітэце. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён удзельнічаў у баях на Бранскім фронце, у 1942 г. быў цяжка паранены. У 1943 г. дэмабілізаваўся і вярнуўся на працу ва ўніверсітэт. Загадваў кафедрай беларускай літаратуры (1943–1952, 1955–1971), з'яўляўся дэканам філалагічнага факультэта (1944–1952; адначасова быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР). Вучыўся ў дактарантуры Інстытута сусветнай літаратуры імя М. Горкага АН СССР (1952–1955). Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Становление и развитие реализма в белорусской литературе XIX века». Атрымаў званне доктара філалагічных навук (1956), стаў прафесарам (1957). Чытаў лекцыі па беларускай літаратуры ў Варшаўскім (1958) і Сафійскім (1960) універсітэтах.
Паэтычныя творы М. Ларчанкі з'явіліся ў друку ў 1930 г., а першы літаратурна-крытычны артыкул, прысвечаны віцебскай філіі «Маладняка», быў надрукаваны ў 1932 г. у газеце «Віцебскі пралетарый». З гэтага часу і пачаўся творчы шлях літаратуразнаўца, які выступаў таксама пад псеўданімамі Міхась Вісажар, М. Чабор, М. Святланін. Членам Саюза пісьменнікаў Беларусі стаў у 1939 г. Даследаваў праблемы творчага метаду ў беларускай літаратуры, яе ўзаемасувязі з іншымі славянскімі літаратурамі, старажытнабеларускую літаратуру і фальклор, творчасць Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, З. Бядулі, А. Гаруна, Ядвігіна Ш., М. Танка, П. Панчанкі, А. Куляшова, М. Горкага, М. Гогаля, М. Някрасава, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча і інш. Вучонаму належаць каля 180 літаратуразнаўчых прац, артыкулаў, рэцэнзій. У манаграфіях «На шляхах да рэалізма» (1958) і «Па шляху рэалізма» (1959) разглядаў станаўленне і развіццё рэалізму ў беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. У свой час кнігі былі для студэнтаў своеасаблівымі падручнікамі па беларускай літаратуры, сталі значным укладам у беларускае літаратуразнаўства, распрацоўку метаду крытычнага, а затым і сацыялістычнага рэалізму.
Асноўнай тэмай М. Ларчанкі з’яўляецца аналіз гістарычных каранёў узаемасувязей беларускай літаратуры са славянскімі літаратурамі. Яе распрацоўка пачалася яшчэ да вайны з артыкулаў пра сувязі М. Горкага, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча з беларускай культурай. Працягвалася ў пасляваенных выданнях «Творчасць Максіма Багдановіча» (1949), «А.М. Горкі і беларуская літаратура» (1951), «Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры» (1952), у манаграфічным даследаванні «Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове ХІХ ст.» (1958). Аднак найбольш поўнае ўвасабленне тэма набыла ў грунтоўных манаграфіях «Славянская супольнасць» (1963), «Яднанне братніх літаратур» (1974), «Жывая спадчына» (1977) і «Літаратурнае пабрацімства славян» (1984). Паступова пашырылася геаграфія даследаванняў вучонага (з усходнеславянскага літаратурнага ўзаемадзеяння да агульнаславянскага), павялічыліся храналагічныя рамкі літаратуразнаўчага аналізу, была ўдасканалена сама методыка. Многа ўвагі М. Ларчанка ўдзяляў пытанням вуснай народнай творчасці, суадносінам літаратуры вуснай і пісьмовай. Яму належаць артыкул «Аб характары рэалізма ў фальклоры» (1957); прадмова, раздзел «Развіццё беларускай фалькларыстыкі» (разам з В. Бандарчыкам), падраздзел «Песні і частушкі савецкай эпохі» (разам з П. Ахрыменкам) і заключэнне да кнігі «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» (1966). Стварэнне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для сярэдніх школ і вышэйшых навучальных устаноў – яшчэ адна сфера дзейнасці вучонага. Ён з’яўляецца адным з аўтараў дапаможнікаў для студэнтаў «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Старажытная беларуская літаратура» (1968, разам з П. Ахрыменкам), «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979), складальнікам хрэстаматыі для сярэдняй школы «Родная літаратура» (1945).
На працягу ўсяго творчага жыцця М. Ларчанка актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Ён з'яўляўся членам Савета па абароне доктарскіх дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, членам рэдакцыйнай калегіі часопіса «Веснік БДУ», старшынёй секцыі родных моў і літаратур Навукова-метадычнага савета па вышэйшай філалагічнай адукацыі пры Міністэрстве вышэйшых навучальных устаноў СССР і інш. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1977) М. Ларчанка быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.