Имена на других языках:
Дворников Николай Николаевич (русский);
2676 символов
Справка
Мікалай Дворнікаў нарадзіўся 19 снежня 1907 г. у Гомелі ў сям’і рабочага. Пасля заканчэння школы працаваў будаўніком на “Гомсельмашы”. У 1929 г. быў абраны сакратаром камсамольскай арганізацыі завода. З лістапада 1932 г. накіраваны на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь: спачатку ў якасці сакратара Беластоцкага, а потым – Брэсцкага акруговых камітэтаў камсамола. Падчас сваёй працы з’яўляўся адным з арганізатараў узброенага выступлення сялян у Кобрынскім павеце летам 1933 г. У 1935 г. рэвалюцыянер быў прызначаны першым сакратаром Цэнтральнага Камітэта камсамола Заходняй Беларусі і ўзначаліў барацьбу моладзі за стварэнне адзінага народнага фронту.
Калі ў сярэдзіне 1930-х гг. у Іспаніі пачалася грамадзянская вайна, многія рэвалюцыянеры з усяго свету, нягледзячы на складанасці і небяспеку, імкнуліся далучыцца да гэтай барацьбы. Мікалай Дворнікаў пад псеўданімам Стах Тамашэвіч пад уплывам палітычных абставін (яму пагражаў арышт з боку ўлад) таксама накіраваўся ў Іспанію і добраахвотнікам уступіў у Рэспубліканскую армію. У 1937–1938 гг. ён з’яўляўся камісарам польскага батальёна добраахвотнікаў імя Х. Палафокса, потым – камандзірам роты імя Т. Шаўчэнкі ў складзе інтэрнацыянальнай брыгады імя Я. Дамброўскага. Дэвізам брыгады стаў лозунг “За вашу і нашу свабоду!”. Ваяваў рэвалюцыянер у Альбасэтэ, пад Мадрыдам, Брунетэ, Тэруэлем, Вільямаёр дэ Галега, Сарагосай, у правінцыі Эстрамадура. Падчас штурму фашысцкіх пазіцый у іспанскіх гарах Эстрамадуры 16 лютага 1938 г. Мікалай Дворнікаў загінуў: цяжка паранены і акружаны праціўнікам, ён падарваў сябе і ворагаў гранатай.
Працяглы час імя маладога рэвалюцыянера не мела шырокай вядомасці: захавалася вельмі мала дакументальных сведчанняў і здымкаў, якія б маглі расказаць пра яго жыццё. Упершыню яно згадваецца ў друку ў 1958 г. ва ўспамінах С.В. Прытыцкага “За шчасце працоўнага народа” і В.П. Ласковіча “Узброенае выступленне сялян у вёсцы Навасёлкі”. Гэтыя ўспаміны былі змешчаны ў мемуарах С.Р. Анісава і зборніку ўспамінаў членаў КПЗБ “У суровыя гады падполля”. На аснове ўспамінаў членаў сям’і, сяброў і паплечнікаў Мікалая Дворнікава Я.І. Драбінскім была напісана дакументальная аповесць “Ад Гомеля да Эстрамадуры” (1971). Мікалаю Мікалаевічу прысвечана таксама паэма “Мікалай Дворнікаў”, аўтарам якой з’яўляецца класік беларускай літаратуры і паплечнік героя па падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі М. Танк. Імем рэвалюцыянера названы вуліцы ў Брэсце і Гомелі. На доме, у якім жыў Мікалай Дворнікаў і каля прахадной завода “Гомсельмаш” устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Традыцыйнай стала і штогодняя лёгкаатлетычная эстафета у гонар яго памяці.