Краткая справка:
вучоны-гісторык, усходазнавец, фалькларыст, дзяржаўны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, член-карэспандэнт АН СССР, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1944, 1957)
Имена на других языках:
Никольский Николай Михайлович (русский);
5219 символов
Справка
Мікалай Міхайлавіч Нікольскі з’яўляецца адным з самых таленавітых вучоных, вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён даследаваў гісторыю Старажытнага Усходу, этнаграфію і фальклор Беларусі, вывучаў рэлігію Расіі.
Нарадзіўся ў сям’і гісторыка-ўсходазнаўца, заснавальніка асірыялогіі ў Расіі М.В. Нікольскага. У 1896 г. з залатым медалём скончыў VI Маскоўскую гімназію. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце (1896–1900 гг.). У 1901 г. М.М. Нікольскі быў членам Маскоўскага педагагічнага таварыства пры ўніверсітэце, у 1903–1905 гг. яго сакратаром. Выкладаў гісторыю і геаграфію ў жаночай гімназіі О.Ф. Пратапопавай. У канцы 1918 г. яго запрасілі на пасаду прафесара ў Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці М.М. Нікольскі актыўна займаўся арганізацыйна-адміністрацыйнымі справамі: быў старшынёй гаспадарчага камітэта, членам праўлення, галоўным бібліятэкарам. Фонд створанай пад яго кіраўніцтвам бібліятэкі налічваў 100 тыс. тамоў кніг. З 1922 г. з’яўляўся прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), у гэтым жа годзе быў прызначаны намеснікам дэкана педагагічнага факультэта, а з 1924 па 1926 г. узначальваў яго. У 1931 г. М.М. Нікольскі стаў акадэмікам АН БССР. У 1931–1936 гг. працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР загадчыкам сектара этнаграфіі і фальклору, у 1937–1941, 1944–1953 гг. з’яўляўся дырэктарам інстытута. У 1934 г. ён стаў доктарам гістарычных навук, у 1938 г. заслужаным дзеячам навукі БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў звязаны з мінскім падполлем, у 1943–1944 гг. знаходзіўся ў партызанскай зоне, затым быў вывезены ў Маскву. У 1945 г. вучоны вярнуўся ў Мінск і прадоўжыў сваю працу ў Інстытуце гісторыі АН БССР, а таксама ўзначальваў кафедру гісторыі старажытнага свету ў БДУ (да 1954 г.). Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле М.М. Нікольскага ва ўніверсітэце быў створаны гісторыка-археалагічны музей. У 1946 г. ён выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР. З’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР двух скліканняў (з 1947 г.).
У студэнцкія гады М.М. Нікольскі вывучаў старажытнаяўрэйскую мову, клінапісь і біблейскую крытыку. Цікавіўся гісторыяй Старажытнага Усходу, асабліва Ізраіля і Іўдзеі, займаўся навуковай працай. У 1901 г. была выдадзена яго дыпломная работа «Иудея при Маккавеях и Асмонеях». Праз некаторы час выйшлі з друку працы даследчыка «Царь Давид и псалмы» (1908), «Древний Израиль» (1911; 2-е выданне ў 1922), «Древний Вавилон» (1913) і інш. У кнізе «Культура древней Вавилонии» (1959), дзе сабраны і абагульнены вялікі матэрыял, асаблівае месца адведзена сацыяльна-палітычнай і культурнай гісторыі старажытнага царства. Ён распрацоўваў гісторыю ранняга хрысціянства, царквы і сектанцтва ў Расіі. Вялікае навуковае значэнне мела даследаванне гісторыі рэлігіі ў такіх працах М.М. Нікольскага, як «Иисус и первые христианские общины» (1918), «Мировой и социальный переворот по воззрениям раннего христианства» (1922), «История русской церкви» (1-е выданне ў 1930 г., 2-е дапоўненае ў 1931 г.; неаднаразова перавыдавалася), «Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі» (1931) і інш. Вучоны падтрымліваў сувязі з заходнееўрапейскімі даследчыкамі, двойчы быў у Германіі (у 1925 і 1928 гг.), апублікаваў там тры манаграфіі ў перакладзе на нямецкую мову. Нават у часы акупацыі М.М. Нікольскі працягваў займацца навукай, працаваў над манаграфіямі «Этюды по истории финикийских общинных и земледельческих культов» і «Частное землевладение и землепользование в Древнем Двуречье» (1948). Аўтар даказаў існаванне абшчыннага ладу і хатняга рабства ў Двурэччы і Фінікіі. Ён вывучаў старажытныя вераванні і абрады беларусаў, даследаваў паходжанне абрадавых песень, прасачыў гісторыю ўзнікнення і відазмянення шлюбных рытуалаў да канца ХIХ ст. Найбольш значныя працы даследчыка ў галіне фалькларыстыкі – «Міфалогія і абрадавасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераваннях беларускага сялянства» (1933), «Происхождение и история белорусской свадебной обрядности» (1956).
Мікалай Міхайлавіч Нікольскі з’яўляецца таксама аўтарам і адным са складальнікаў дапаможнікаў па гісторыі старажытнага свету для студэнтаў ВНУ, школьнікаў. Ім былі напісаны шэсць глаў для «Русской истории с древнейших времен» М.М. Пакроўскага (т. 1–5, 1909–1912), а таксама дзве главы для «Всемирной истории», якая выдавалася АН БССР. Аўтарству даследчыка належаць больш за 150 публікацый па гісторыі Усходу, рэлігіі і царквы ў «Большой советской энциклопедии». Па запрашэнні выдавецтва Д.П. Канчалоўскага «Піраміда» гісторык рэдагаваў серыю арыгінальных і перакладных брашур пад агульнай назвай «Рэлігія і царква ў святле навуковай думкі і свабоднай крытыкі». Супрацоўнічаў з многімі папулярнымі ў той час часопісамі і газетамі.
Круг навуковых пытанняў, над якімі працаваў М.М. Нікольскі, быў шырокім і шматгранным. Навуковая спадчына прафесара складае больш за 500 публікацый, у тым ліку некалькі дзясяткаў манаграфій. Яго работы і зараз не страцілі сваёй пазнавальнай каштоўнасці. Вучоны быў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1944, 1948), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1957), медалямі. У Мінску на доме, дзе жыў М.М. Нікольскі, устаноўлена мемарыяльная дошка.