Дата рождения: 06.01.1912 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерти: 03.12.1985
Краткая справка: кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках: Абелиович Лев Моисеевич (русский);
Імя Льва Майсеевіча Абеліёвіча вядома аматарам музыкі не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Творы кампазітара – сімфанічныя, камерна-інструментальныя і вакальныя – вылучаюцца высокім прафесійным майстэрствам, эмацыянальнасцю, выразнас цю, вытанчанасцю гучання.
Нарадзіўся Л. Абеліёвіч у Вільні ў сям’і служачага. Атрымаўшы сярэднюю і музычную адукацыю, стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. За некалькі месяцаў да абароны дыплома пакінуў вучобу і ў 1935 г. паступіў у Варшаўскую кансерваторыю. У студэнцкія гады з’явіліся першыя творы Л. Абеліёвіча – рамансы на вершы польскіх кампазітараў, фартэпіянныя п’есы. У 1939 г. ён пераехаў у Мінск, дзе быў залічаны на чацвёрты курс Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў клас кампазіцыі В. Залатарова, якую скончыў перад Вялікай Айчыннай вайной. У час вучобы захапіўся музыкай Д. Шастаковіча, шмат увагі надаваў ігры на фартэпіяна, займаўся кампазіцыяй. Сярод лепшых студэнцкіх твораў – скрыпічная саната і ўверцюра для сімфанічнага аркестра. Восенню 1941 г. Л. Абеліёвіча прызвалі ў армію і накіравалі ў школу артылерыстаў, якая знаходзілася ў Горкім. Потым служыў у палкавым ансамблі і аэрагеадэзічным атрадзе. З 1944 г. жыў у Маскве, дзе ўдасканальваў сваё майстэрства ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Два гады вучобы пад кіраўніцтвам вядомага музыканта М. Мяскоўскага былі вельмі напружанымі для Л. Абеліёвіча. Ён працаваў над выразнасцю музычнай мовы, раз настайнымі прыёмамі тэматычнага развіцця, вывучаў партытуры П. Чайкоўскага, С. Танеева, С. Пракоф’ева, Д. Шастаковіча і іншых знакамітых кампазітараў. Вынікам сталі Першая саната для фартэпіяна (1945), Другая скрыпічная саната (1946), рамансы на вершы А. Пушкіна, В. Брусава. Былі напісаны таксама п’есы для скрыпкі, якія атрымалі высокую ацэнку Д. Ойстраха. Найбольш ярка талент кампазітара праявіўся ў песнях на вершы беларускіх паэтаў у перакладзе на рускую мову К. Клёнава. Сярод іх – «Трудовая», «Заздравная» (словы А. Астрэйкі) і «Колыбельная» (словы А. Вялюгіна). Творчую дзейнасць Л. Абеліёвіч сумяшчаў з выкладаннем у адной з маскоўскіх музычных школ.
У 1951 г. кампазітар пераехаў у Мінск. Выхаваны на польскім і беларускім фальклоры, ён пачаў працаваць над стварэннем свайго ўласнага стылю, імкнуўся аднаўляць музычныя вобразы і жанры. Яго п’есы для скрыпкі і фартэпіяна, створаныя ў пачатку 1960-х гг., вызначаюцца яскравай вобразнасцю, мастацкай цэльнасцю, у іх адчуваецца ўвасабленне беларускага фальклору. Каб глыбей перадаць прыгажосць народнай музыкі, Л. Абеліёвіч напісаў Уверцюру для секстэта домр (1952), якая пабудавана на развіцці дзвюх тэм – танцавальнай, заснаванай на беларускай песні «Пайшоў Ясь», і лірычнай аўтарскай мелодыі, якая падобна на народную. Творам, дзе кампазітар больш поўна раскрыў сваё шматбаковае самабытнае дараванне, стала Трэцяя саната для фартэпіяна (1953). У ёй з’явіліся рысы, характэрныя для будучага стылю кампазітара: народна-песенны меладызм, адчуванне формы і імкненне да тэматычнага адзінства, якія найбольш ярка праявіліся ў вакальных жанрах, асабліва ў рамансах. Найбольш вядомымі сярод іх з’яўляюцца «Ноч», «На новай зямлі» і «Дзень добры вам, лясы і далі» (словы Я. Коласа), «На палях» і «Юнацтва» (словы А. Бачылы), «Днём прыгожым» і «Успамін» (словы М. Танка). Шырокую папулярнасць набыў цыкл рамансаў на вершы М. Багдановіча («Над магілай», «Ты быў, як месяц, адзінокі», «Завіруха», «Вечнасць», «Зімовы вечар»), у якіх раскрыты глыбокі лірызм вершаў, увасоблены свет чалавечых перажыванняў, адлюстравана прыгажосць беларускай прыроды. У гады інтэнсіўнай працы над вакальнымі жанрамі Л. Абеліёвіч звяртаўся і да напісання харавых і камерна-інструментальных твораў. Яго Фартэпіяннае трыа і «Беларуская ўверцюра» (1955), «Гераічная паэма» (1957), «Сімфанічныя карціны» (1958) сталі важнымі крокамі на шляху да галоўнага сачынення – сімфоніі. У сакавіку 1962 г. на IV з’ездзе кампазітараў БССР адбылася прэм’ера Першай сімфоніі Л. Абеліёвіча. Потым былі напісаны яшчэ тры. Найбольшым поспехам карысталася Другая сімфонія (1964) – усхваляваны ўспамін пра Вялікую Айчынную вайну. Водгукам на яе трагічныя падзеі стала і Трэцяя сімфонія (1967), якой уласцівы вобразная канкрэтнасць, драматызм і напружанасць музычнага развіцця. Галоўная асаблівасць Чацвёртай сімфоніі (1970) – жанрава-лірычны тып сімфанізму. Важная рыса твора – народна-песенная аснова. У сярэдзіне 1960-х гг. быў падрыхтаваны першы сшытак цыкла фартэпіянных п’ес «Фрэскі». Гэты твор не мае сюжэтнага развіцця і ўяўляе сабой паслядоўнасць кантрасных музычных партрэтаў і карцін «Крокі ў начы», «Уцякач», «Смутны час», «Парыў», «Цішыня», «Шэсце», «Рэквіем» і інш. У 1950–1960-я гг. Л. Абеліёвіч супрацоўнічаў з Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек. Ён напісаў музыку да спектакляў «Канёк-гарбунок» (паводле казкі П. Яршова, 1953), «Лясун» (1961) і «Цвёрды арэшак» (М. Алтухова, 1963) і іншых, а таксама да радыёпастановак «Пунсовыя ветразі» (1953), «Машанька і гарошынка» (1954), «Сказ пра дровы, нафту і газ» (Я. Пермяка, 1961) і тэлефільмаў «Стары човен» і «Пяцёрка адважных» (рэжысёр Л. Мартынюк, 1971) і інш. У 1970-я гг. Л. Абеліёвіч галоўным чынам працаваў у жанрах інструментальнай і вакальнай музыкі. У гэты час былі напісаны санаты для кларнета і фартэпіяна, інструментальныя мініяцюры, другі сшытак цыкла фартэпіянных п’ес «Фрэскі» (1972), а таксама Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам (1977). Кампазітар працягваў работу над вакальнымі цыкламі. Найбольш вядомыя сярод іх – «Военные баллады» (словы С. Яўсеевай, С. Віленскага і Л. Абеліёвіча, 1974) і «Партызанскія балады» (словы А. Астрэйкі, М. Танка, У. Дубоўкі, 1979). Характэрнай асаблівасцю творчасці Л. Абеліёвіча 1980-х гг. стала паглыбленне ў сферу вакальнай лірыкі: ён працаваў над другім сшыткам рамансаў на вершы Ф. Цютчава, паэзіяй якога захапляўся на працягу ўсяго жыцця.
Творчасць Л. Абеліёвіча адыграла значную ролю ў фарміраванні музычнай культуры Беларусі. Ён прызнаны адным з вядучых кампазітараў нашай краіны. У 1963 г. стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1972), ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і СССР. У снежні 1985 г., у час падрыхтоўкі да запісу санаты «1984» і цыкла «Тры рамантычныя прэлюдыі і Тарантэла» ў выкананні А. Крымера, Л. Абеліёвіч памёр. Кампазітар пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.