Паэтэса вядома аматарам лірыкі сваім асаблівым голасам і стылем, сваёй манерай пісьма: яе паэзія заўжды светлая і сумная, узвышаная і чуллівая, чалавечная і мудрая.
Нарадзілася Вера Вярба (сапраўднае імя Сакалова Гертруда Пятроўна) у в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых. Нарадзілася ў час ваеннага ліхалецця, і гэтыя жудасныя гады не сталі для яе проста гісторыяй. Давялося спазнаць горыч страты роднага чалавека: не вярнуўся з пекла Вялікай Айчыннай бацька. У сваіх будучых творах, якія стануць выяўленнем уласна адчутага і перажытага драматызму, паэтэса аддасць даніну тым, хто цаной свайго жыцця заваяваў для нас перамогу. Маці стала для В. Вярбы самым дарагім чалавекам. Менавіта дзякуючы маці, чысты вобраз якой таксама асветлены ў вершах («У поле гойдае вятрыска...», «Няма дзіцяці, каб з калыскі...» і інш.), паэтэса набыла сваю жыццесцвярджальную веру.
У 1964 г. В. Вярба скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у гэтым жа годзе стала членам Саюза пісьменікаў СССР. Працавала старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку (1969–1971), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1972–1977), у часопісе «Беларусь» (1980–1983).
Тонкі лірык і сапраўдны майстар слова, В. Вярба да свайго чытача прыйшла з пяшчотаю, любоўю і цеплынёю сваіх радкоў. Рэдка каму з творцаў выпадае такое шчасце, каб верш, напісаны ў семнаццацігадовым узросце, стаў народнай песняй. Менавіта, так здарылася з В. Вярбой. На арбіту ўсеагульнай вядомасці і прызнання вывеў яе верш «Ручнікі». Створаны ў той час, калі ў паэтэсы не было яшчэ ніводнага зборніка, а толькі з дзесятак вершаў, надрукаваных у газетах і часопісах. З лёгкай музычнай рукі кампазітара М. Пятрэнкі і дзякуючы выканальніцкаму майстэрству ансамбля «Песняры» верш В. Вярбы стаў выключна паспяховай, сапраўды народнай песняй.
Потым выйшлі паэтычныя зборнікі «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Яраслаўна» (1986) і іншыя, якія значна ўзбагацілі беларускую паэзію. Калі ўсе кнігі паэтэсы скласці ў адну, то атрымаецца не што іншае, як вершаваны лірычны дзённік, напоўнены летуценным, рамантычна прыўзнятым настроем. Творчасць В. Вярбы шматгранная і шырокая. Тэма кахання, незабыўнай пары маладосці набывае ў яе творах глыбокі лірычны змест. Аднак каханне, па меркаванні пісьменніцы, – гэта не толькі пачуццё радасці найвялікшай асалоды, але і душэўныя пакуты, смутак, боль:
У мяне каханне,
Як з палынных рос:
Стрэчы і расстанні
Поўны горкіх слёз.
«У мяне каханне...»*
Гэтай тэме прысвечаны паэмы «Сіняя бухта», «Альфа», вершы «Партрэт», «Цераз нягоды і гады...», «Тваё імя», «Мімозы» і шмат іншых. Каханне ў творчасці В. Вярбы непарыўна звязана са светлым і растрывожаным, мяккім і балючым жаночым лёсам. З цягам часу лірычная гераіня паэтэсы мяняецца: гэта ўжо не бесклапотная і наіўная дзяўчына, а сталая жанчына, якая ведае цану і каханню, і ростаням, і здрадзе:
Не дакарай мяне, жанчыну, –
Я зведала кахання мала.
Усё адшукваю прычыны:
Чаму, чаму цябе спаткала?
«Не дакарай мяне...»**
Замілавана піша паэтэса пра дзяцінства і мацярынства («Мама», «Казкі», «Вяртанне», «Сны» і інш.), многія старонкі яе кніжак прысвечаны прыродзе («Сакавік», «Летнія грамы», «Песня зімовага лесу» і інш.). Сведчаннем добрага ведання дзіцячай псіхалогіі і здольнасці пісаць ярка і займальна стала выданне кнігі вершаў для маладых чытачоў «Пралеска» (1968).
Аб шматграннасці таленту В. Вярбы сведчыцьі яе перакладчыцкая дзейнасць. Пісьменніца перакладала з украінскай, яўрэйскай, рускай, літоўскай, узбекскай і некаторых іншых моў, а самым прыкметным і плённым стаў яе пераклад на беларускую мову аповесці Р. Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, або Аповесць пра першае каханне» (1975).
Творы В. Вярбы – гэта лірычная споведзь пра таямніцы чалавечай душы, узор тонкай, пранікнёнай, сапраўднай Паэзіі, перад якой бяссільны час.
* Белыя пісьмы / Вера Вярба. – Мінск, 1987. – С. 33.
** Там жа. – С. 267.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.