Нарадзіўся мастак у Арлоўскай вобласці (Расія), аднак яго жыццёвы і творчы лёс трывала звязаны з Беларуссю. Менавіта тут Іван Ціханавіч атрымаў прафесійную адукацыю, за заслугі ў развіцці выяўленчага мастацтва і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці быў ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1983 г. яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны І. Ціханаў стаў курсантам Арлоўскага пяхотнага вучылішча. Пасля вайны яму выпала служба на Далёкім Усходзе. Пра баявы шлях салдата коратка, але ёмка сведчаць яго ўзнагароды: медалі “За абарону Масквы”, “За ўзяцце Кёнінгсберга”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”, ордэн “Чырвонай Зоркі” і два медалі “За баявыя заслугі”. Пасля дэмабілізацыі І. Ціханаў працаваў мастаком у Мінскім Доме афіцэраў. У 1959 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (вучыўся ў В. Волкава, А. Мазалёва). Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1947 г., у 1964 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу і ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Яго творы вызначаюцца літаратурным характарам вобразнасці, публіцыстычнасцю, манументальнасцю і дэкаратыўнасцю жывапіснай мовы. Значнае месца ў творчасці займае ваенна-гістарычная тэма: “Сустрэча партызан з Чырвонай Арміяй (1960), “На сопках Маньчжурыі” і “Думы пра Радзіму” (1967), “Пад чырвоны сцяг народ збіраўся” (1968), “Выхад з блакады” (1969, 1982), “Год 1941. Цяжкі час” і трыпціх “Край партызанскай славы” (1978), “Кастрычнік 1941 года” і “Маці партызанская” (1979), “Заклік” (1982), “Май. 1946 год” (1983), “Пераход з Бабініч на Вілейку” (1984), “Возера Чырвонае. Студзень 1943-га” (1985) і інш.
І.Ц. Ціханаў – аўтар партрэтаў Герояў Савецкага Саюза Ц.П. Бумажкова, М.П. Шмырова, Ф.І. Паўлоўскага, А.Ф. Данукалава, І.Д. Чарняхоўскага (усе 1981), П.М. Машэрава (1982), акадэміка Г.І. Гарэцкага (1984), партрэтаў перадавікоў сельскай гаспадаркі, рабочых. У 1993 г. ім напісаны партрэт Я. Коласа. Шматгранны вобраз сучаснага жыцця створаны мастаком у карцінах “Бульба” (1960), “Вечарэе” (1963), “Адпачынак” і “Араты” (1967), “Рабіна горкая” (1974), “Юнацтва” (1981) і інш. Ім напісаны лірычныя і індустрыяльныя пейзажы Беларусі: “Возера Ліпна” і “Беларускі пейзаж” (1961), “Вечар”, “Жыта” і “Лён” (1962), “Пад вечар” і “Нафтаправод. Прыпяць” (1963) і інш.
І.Ц. Ціханаў выканаў манументальныя роспісы ў мінскім кінатэатры “Піянер” (у суаўтарстве з Я. Зайцавым), у Беларускім НДІ аховы раслін у в. Прылукі Мінскага раёна (абедзве 1965), Палацы культуры ў в. Турэц Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці (1967) і інш.
Творы І.Ц. Ціханава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.