Дата рождения:
22.07.1942 Ветка, г., Гомельская вобласць
Краткая справка:
тэатразнавец, мастацтвазнавец, даследчыца праблем драматургіі і тэатральнага мастацтва
Варианты имени:
Гаробчанка Тамара Яўгеньеўна
Имена на других языках:
Горобченко Тамара Евгеньевна (русский);
4594 символа
Справка
У 1960-х гг. вядомасць і папулярнасць пачала набываць беларуская тэатральна-крытычная школа. Непасрэднай сведкай, а затым і ўдзельніцай яе развіцця стала Тамара Яўгенаўна Гаробчанка. Прафесію тэатральнага крытыка яна заўсёды лічыла важнай і вельмі патрэбнай галіной у сцэнічнай творчасці. У перыяд сваёй дзейнасці ўважліва сачыла за творчымі здабыткамі і пошукамі айчынных драматургаў, рэжысёраў, акцёраў у тэатральных сезонах розных гадоў. Ёю створана вялікае мноства работ, у якіх даследуюцца праблемы сучаснага беларускага тэатра. Тамара Гаробчанка ўдзельнічала ў шматлікіх фестывалях, аглядах, конкурсах, з’яўлялася дакладчыкам на навуковых канферэнцыях, сімпозіумах. Дзякуючы таленту, высокай працаздольнасці яна па праву лічыцца вельмі важнай асобай у беларускай тэатральнай культуры ХХ ст.
Тамара Гаробчанка нарадзілася ў г. Ветка Гомельскай вобласці. Бацькі былі акцёрамі Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра (БДТ-3). Ужо ў дзяцінстве Т. Гаробчанка захапляла гэта прафесія, і мары пра будучае былі звязаны менавіта з тэатрам. Скончыла тэатразнаўчае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1967). Гэта выпуск першага набору студэнтаў па спецыяльнасці «тэатральная крытыка і тэатразнаўства», дзе выкладалі У. Няфёд і А. Сабалеўскі (апошні – кіраўнік яе дыпломнай работы). Як пісала сама Т. Гаробчанка, у першага з іх студэнты вучыліся ўменню спакойна, разважліва ацэньваць мастацкія творы, асабліва іх грамадска-сацыяльную значнасць, у другога – эмацыянальна захапляцца гэтымі работамі і акцэнтаваць увагу на эстэтычныя вартасці. З 1970 па 2014 г. працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1971 г. атрымала ступень кандыдата мастацтвазнаўства.
Менавіта з 1970-х гг. пачалася плённая творчая праца тэатразнаўцы. Тамара Гаробчанка з’яўляецца аўтарам манаграфіі «Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне» (1976), біяграфічных нарысаў «Вольга Галіна» (1980) і «Зінаіда Канапелька» (1999, спецыяльны дыплом імя У. Няфёда Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў (2000)). У 2002 г. выйшла кніга Т. Гаробчанка «На мяжы стагоддзяў: сучасны беларускі драматычны тэатр», у якой разглядаецца тэатральнае жыццё Беларусі канца ХХ – пачатку ХХI ст. Для падачы матэрыялу быў выбраны тэматычны прынцып, спектаклі згрупаваны паводле пастановак беларускіх, рускіх і заходнееўрапейскіх класічных твораў, работ сучасных аўтараў, казак для дзяцей і дарослых і інш. Разам з навуковым аналізам сустракаюцца эмацыянальна ўражлівыя замалёўкі асобных карцін, эпізодаў, вобразна-мастацкіх дэталяў пастановак, а таксама звесткі пра падзеі і факты з рэалій жыцця. Сярод работ навукоўцы – напісаныя ў суаўтарстве кнігі «Культура Беларусі» (Парыж, 1979), «Тэатры Беларусі» (1998), «Беларускі тэатр у пачатку ХХI стагоддзя» (2004). Яна ўдзельнічала ў напісанні раздзелаў па тэатральнай крытыцы і тэатразнаўстве ў такіх працах, як «История театроведения народов СССР: очерки 1917–1941» (1985), «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1–3, 1983–1987), «Інстытут беларускай культуры» (1993), «Очерки истории науки и культуры Беларуси IX – начала XX в.» (1996), «Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей» і «Сучасная беларуская рэжысура: пошукі мастацкай адметнасці ў кантэксце традыцый еўрапейскага тэатра» (1998), «Беларускі тэатр у прасторы ХХI стагоддзя: праблемы развіцця і адаптацыі» (2009), «Беларусы. Тэатральнае мастацтва» (т. 13, 2012) і інш.
Шэраг работ Т. Гаробчанка змешчаны ў перыядычным друку. Гэта аглядавыя артыкулы аб тэатры, рэцэнзіі на новыя спектаклі і інш. Прадметам даследавання ў іх выступаюць драматургія і тэатральнае мастацтва. Ёю створаны творчыя партрэты беларускіх акцёраў Т. Бандарчык, Г. Маркінай, рэжысёраў В. Маслюка, У. Караткевіча, тэатразнаўцаў У. Няфёда, А. Сабалеўскага, драматургаў К. Губарэвіча, З. Бядулі і інш. Многія са знакамітых дзеячаў сталі для Т. Гаробчанка сапраўднымі сябрамі.
Даследуючы беларускае сцэнічнае мастацтва, Т. Гаробчанка выяўляла духоўныя вытокі нацыі, звязаныя з хрысціянскай традыцыяй, засцерагала ад распаўсюджвання антыкультуры. Характэрныя рысы яе работ – графічная адточанасць фраз, дакладнасць і лаканічнасць выказаных думак, іх сэнсавая глыбіня. Эмацыянальна насычаныя замалёўкі некаторых эпізодаў, вобразаў у працах тэатразнаўцы выклікаюць шчыры інтарэс, даюць магчымасць атрымліваць сапраўднае эстэтычнае задавальненне. У 2003 г. Т. Гаробчанка атрымала прэмію імя К. Крапівы і прыз «Натхненне» Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.