Краткая справка:
заслужаны архітэктар Беларусі, педагог, акадэмік Міжнароднай акадэміі архітэктуры, лаўрэат прэмій Савета Міністраў СССР (1977) і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1994)
Имена на других языках:
Бовт Иван Иванович (русский);
4927 символов
Справка
Нарадзіўся знакаміты архітэктар у Мінску ў сям’і служачага. У дзяцінстве Іван Боўт марыў аб прафесіі авіяцыйнага канструктара, у юнацтве займаўся канструяваннем мадэляў самалётаў, збіраўся паступаць у Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Аднак здзяйсненню гэтай мары перашкодзіла вайна: у гады Вялікай Айчыннай вайны яго сям’я знаходзілася на акупіраванай тэрыторыі. Сваё юнацкае захапленне Іван Іванавіч пранёс праз усё жыццё: ён чэмпіён і рэкардсмен СССР, неаднаразовы чэмпіён БССР, майстар спорту і суддзя Усесаюзнай катэгорыі па авіямадэльным спорце, першы старшыня Беларускай федэрацыі па авіямадэльным спорце (цяпер Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту).
Прафесію архітэктара Іван Боўт выбраў дзякуючы сябру Уладзіміру Сакалоўскаму (пазней заслужаны архітэктар БССР), які прапанаваў разам паступаць у будаўнічы тэхнікум. У 1952 г. І.І. Боўт атрымаў дыплом Мінскага дзяржаўнага будаўнічага тэхнікума па спецыяльнасці “архітэктура” і быў накіраваны на працу ў Беларускі дзяржаўны інстытут прамысловага праектавання “Белпрампраект” (цяпер Праектнае РУП “Белпрампраект”), дзе працаваў да 2001 г. У 1961 г. І.І. Боўт скончыў вячэрняе аддзяленне Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) і пэўны час (1966–2009) з’яўляўся выкладчыкам БПІ–БНТУ.
Іван Іванавіч Боўт – адзін з вядучых спецыялістаў у галіне прамысловай архітэктуры Беларусі, які вызначыў асноўныя канцэпцыі вытворчага і грамадзянскага будаўніцтва. У складзе шэрагу аўтарскіх калектываў ён займаўся распрацоўкай і рэалізацыяй праектаў шэрагу буйных прамысловых комплексаў, прадпрыемстваў, вытворчых, навукова-даследчых, навучальных устаноў, праектных арганізацый, спартыўных збудаванняў. У складзе творчых калектываў архітэктарам была выканана вялікая колькасць праектных работ у Мінску: карпусы гадзіннікавага завода (1954–1963); комплекс завода халадзільнікаў (1965–1990), карпусы завода электронных вылічальных машын (1955–1961), радыёзавода (1960–1963), будынкі Дзіпрасельбуда (1968), СКБ завода працяжных станкоў (1972), аўтатрактарнага факультэта БПІ (1976), цэнтраў па абслугоўванні і продажы аўтамабіляў кампаній “Mercedes-Benz” (1993) і “BMW” (1995).
І.І. Боўт адзін з аўтараў праектаў і забудовы Брэсцкага дывановага (1960–1965) і панчошнага (1965–1968) камбінатаў, прамысловых вузлоў Брэста (прэмія Савета Міністраў СССР, 1977), Віцебска, Жодзіна і Смаргоні. Архітэктар уваходзіў у склад творчага калектыву, які распрацоўваў праект пабудовы Беларускага аўтамабільнага завода (1966–1986), завода цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне (1976–1985), філіяла Мінскага трактарнага завода ў Смаргоні (1985–1990). Іван Іванавіч узначальваў аўтарскі калектыў, які займаўся праектаваннем і будаўніцтвам Лядовага палаца па вул. Прытыцкага ў Мінску, лядовых арэн Брэста, Віцебска, Гомеля. Суаўтар кніг “Архитектура Советской Белоруссии = Architecture of the Soviet Byelorussia” (1973, 1986), “Архитекторы Советской Белоруссии” (1991), навукова-даследчых работ “Архитектура Минска послевоенного периода”, “Промышленная архитектура Белоруссии послевоенного периода”, “Архитектура Белоруссии ХХ века”. Ім падрыхтавана звыш 30 публікацый па актуальных пытаннях архітэктуры прамысловых аб’ектаў. У яго актыве выступленні на міжнародных кангрэсах і сімпозіумах.
У 1962 г. І.І. Боўт быў прыняты ў Саюз архітэктараў БССР, у 1973 г. атрымаў ганаровае званне “Заслужаны архітэктар БССР”, у 1977–1980 гг. – старшыня праўлення Саюза архітэктараў БССР (з 1980 г. – намеснік старшыні), сакратар Саюза архітэктараў СССР (1977–1982). Архітэктар уваходзіў у склад горадабудаўнічага савета Дзяржбуда СССР (1977–1981), Дзяржбуда БССР (1968–1982), упраўлення архітэктуры Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама (шматразова), з’яўляўся дэпутатам Ленінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных г. Мінска (1965, 1967). Іван Іванавіч Боўт – акадэмік Міжнароднай акадэміі архітэктуры. Яго прафесійная і грамадская дзейнасць шматразова адзначалася прэміямі і дзяржаўнымі ўзнагародамі. Ён кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга (1989) і Дружбы народаў (1986), лаўрэат прэмій Савета Міністраў СССР (1977) і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1994), узнагароджаны трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Савета народнай гаспадаркі БССР, вялікім залатым, сярэбраным і трыма бронзавымі медалямі ВДНГ СССР.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Іванавіч аказваў дапамогу Мінскім падпольшчыкам, з’яўляўся сувязным партызан. За выратаванне яўрэйскай дзяўчынкі, якая знаходзілася ў Мінскім гета, Мемарыяльным інстытутам Яд-ва-Шэм у Ізраілі яму прысуджаны тытул “Праведнік Народаў Свету” з узнагароджаннем медалём і ганаровым дыпломам (1995).
12 верасня 2012 г. у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Творчество в небе и на земле”, прысвечанай 80-гадоваму юбілею архітэктара.