Дата рождения:
07.08.1932 Расолы, в., Астравецкі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
03.01.2022
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, празаік, публіцыст, грамадскі дзеяч, заслужаны дзеяч польскай культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980), кавалер ордэна Францыска Скарыны
Имена на других языках:
Мальдис Адам Иосифович (русский);
4734 символа
Справка
Калі знаёмішся з навуковай і літаратурнай дзейнасцю Адама Восіпавіча Мальдзіса, здзіўляешся энцыклапедычнасці яго ведаў, а прафесійныя інтарэсы, навуковыя званні і грамадскія пасады сведчаць пра яго неардынарнасць.
Вёска Расолы, у якой ён нарадзіўся, адносілася да Віленска-Трокскага павета Віленскага ваяводства тагачаснай Польшчы (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці). Гэты край здаўна лічыўся месцам, дзе блізка сутыкаліся і цесна перапляталіся беларускія, літоўскія і польскія ўзаемасувязі. Тут, на паграніччы моў і культур, скрыжоўваліся і ўзаемадзейнічалі самыя розныя народныя традыцыі. Мясцовыя паданні і звычаі, цікавая гісторыя з дзяцінства абуджалі інтарэс А. Мальдзіса да мінулага, вытокаў культуры. У 1951 г. пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы ён стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Займаючыся на аддзяленні журналістыкі, А. Мальдзіс выступаў з артыкуламі на старонках універсітэцкай шматтыражкі, рэспубліканскага друку, актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх навуковых гуртках. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у раённай газеце “Сцяг Ільіча” ў Радашковічах. У 1959 г. паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, з якім было звязана больш за 30 гадоў напружанай працы. Тут А. Мальдзіс абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1987 г. стаў доктарам філалагічных навук, пазней – прафесарам (1990). У Інстытуце літаратуры на поўную моц раскрыўся рознабаковы талент Адама Восіпавіча як літаратуразнаўца, даследчыка, пісьменніка, вучонага, грамадскага і культурнага дзеяча.
Ужо першая яго кніга “Творчае пабрацімства: беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.” (1966) звярнула на сябе ўвагу. Стала відавочна, што ў беларускім літаратуразнаўстве з’явіўся захоплены, апантаны даследчык, які комплексна падыходзіў да вывучэння пытанняў літаратуры і культуры, імкнуўся да жывой размовы з шырокім чытачом. Другая кніга “Падарожжа ў XIX стагоддзе” (1969) стала настольнай для ўсіх, хто цікавіўся культурнай спадчынай Беларусі. У ёй дадзены мастацкія партрэты не толькі пісьменнікаў, але і музыкантаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху. Захапіла А. Мальдзіса і літаратура так званага пераходнага перыяду. Што было паміж надзвычай багатай старажытнай літаратурай Беларусі і новай, прадстаўленай імёнамі Я. Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны і іх сучаснікаў? Даследчыку ўдалося адказаць на гэта пытанне невядомымі раней фактамі і імёнамі. Міжнароднае прызнанне прынесла кніга “На скрыжаванні славянскіх традыцый” (1980), дзе разгледжаны беларуская літаратура і культура XVII–XVIII стст., у перыяд пераходу ад адной эпохі да другой. У гэтым выданні, як і іншых, выкарыстаны рукапісныя матэрыялы, знойдзеныя ў архівах і бібліятэках Мінска, Вільнюса, Масквы, Ленінграда, Львова, Кракава, Варшавы і іншых гарадоў. Таксама былі выпушчаны кнігі “Шляхі вялі праз Беларусь” (1980, у суаўтарстве з В. Грыцкевічам), “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя” (1982, перавыдадзена ў 2001), “Восень пасярод вясны” (1984), “З літаратуразнаўчых вандраванняў” (1987), “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” (1990) і інш. Навуковым подзвігам літаратуразнаўца з’явілася падрыхтоўка і выданне шасцітомнага біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі” (1992–1995).
Немагчыма ахапіць і раскрыць усе бакі шматграннай дзейнасці і творчасці А. Мальдзіса. Ён з’яўляўся стваральнікам і першым дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны; заснавальнікам (цяпер ганаровы старшыня) грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”; старшынёй камісіі “Вяртанне” пры Беларускім фондзе культуры; членам дзвюх спецыяльных міжведамасных камісій пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Без дапамогі А. Мальдзіса не абышлося стварэнне Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку, унікальнай бібліятэкі Скарынаўскага цэнтра. Дзякуючы яму былі выдадзены дзясяткі цікавых зборнікаў “Беларусіка = Albaruthenica”, “Вяртанне”, штомесячны бюлетэнь “Кантакты і дыялогі”. У апошнія гады вучоны працуе ў вядомых газетах “Голас Радзімы” і “СБ. Беларусь сегодня”.
Плённая праца А. Мальдзіса ўшанавана высокімі айчыннымі і замежнымі ўзнагародамі. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980), заслужаны дзеяч польскай культуры, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У многіх краінах свету ведаюць беларускага вучонага. У знакамітым Кембрыджы існуе Міжнародны біяграфічны цэнтр. Кожны год ён прысвойвае ганаровае званне “Чалавек года”. Атрымаць яго няпроста: трэба ўнесці значны ўклад у развіццё навукі, культуры, літаратуры. Двойчы Чалавекам года ў галіне культуралогіі станавіўся А. Мальдзіс – літаратар, асветнік, гісторык.