Краткая справка:
вучоны-медык, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік аховы здароўя Беларусі, удзельнік Першай сусветнай вайны
Имена на других языках:
Трусевич Борис Ипполитович (русский);
5251 символ
Справка
Выдатны ўрач Барыс Іпалітавіч Трусевіч шмат зрабіў для развіцця медыцыны ў нашай краіне. Ён паспяхова сумяшчаў урачэбную, педагагічную і навуковую працу, актыўна займаўся грамадскімі справамі.
Нарадзіўся Б.І. Трусевіч у Віцебску ў сям’і служачага. У 1910 г. скончыў гімназію ў Кіеве, у 1916 г. медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Быў вучнем акадэміка Ф.Г. Яноўскага і прафесара В.П. Абразцова. У студэнцкія гады апублікаваў вучэбныя дапаможнікі па фармацыі і якасным хімічным аналізе. У гэты час яшчэ ішла Першая сусветная вайна, і Б.І. Трусевіч быў напраўлены ў дзеючую армію малодшым урачом 7-га чыгуначнага батальёна (1917–1918). У 1918–1920 гг. працаваў у Кіеўскім універсітэце штатным ардынатарам, а таксама загадчыкам лабараторыі факультэцкай тэрапеўтычнай клінікі. Там Б.І. Трусевіч праводзіў эксперыментальныя і клінічныя даследаванні, займаўся пытаннямі ўдасканалення фізічных метадаў абследавання хворых. Вывучаў патагенез гіпертаніі, стэнакардыі, інфаркту міякарда, рэўматычнага пароку сэрца. У 1920–1921 гг. ён з’яўляўся тэрапеўтам, галоўным урачом эпідэмічнай бальніцы ў Растове-на-Доне, у 1921–1924 гг. працаваў у абласной бальніцы. Меў схільнасць да навуковай працы, асабліва яго цікавілі пытанні кардыялогіі. Вёў даследаванні ў лабараторыях акадэмікаў І.П. Паўлава, М.М. Анічкава і прафесараў М.П. Краўкова і С.В. Анічкава, якія займаліся фізіялогіяй, фармакалогіяй, агульнай паталогіяй. Так у Б.І. Трусевіча фарміраваўся талент эксперыментатара, пашыраўся дыяпазон яго пазнанняў. У 1924–1928 гг. быў галоўным урачом туберкулёзнай бальніцы ў Новачаркаску. З 1928 г. працаваў на медыцынскім факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1930 г. у Мінскім медыцынскім інстытуце. У 1934–1941 гг. ён быў загадчыкам 2-й тэрапеўтычнай клінікі ў Мінску. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі, узначальваў кафедры Самаркандскага і Сталінабадскага медыцынскіх інстытутаў. З 1943 па 1961 г. загадваў кафедрай Мінскага медыцынскага інстытута і адначасова ў 1945–1949 гг. кафедрай Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. У 1952–1954 гг. з’яўляўся галоўным тэрапеўтам Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1943 г. Б.І. Трусевіч атрымаў званне доктара медыцынскіх навук, у 1947 г. заслужанага дзеяча навукі БССР. У 1953 г. стаў членам-карэспандэнтам, а ў 1956 г. акадэмікам АН БССР.
Барыс Іпалітавіч Трусевіч – аўтар больш за 60 работ, у тым ліку 4 манаграфій. Пісаў аб клінічных і эксперыментальных даследаваннях унутранай паталогіі і інфекцыйных захворванняў, удасканаленні фізічных метадаў абследавання хворых. Вывучаў пытанні паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы, лёгкіх, стрававальна-кішачнага тракту і інш. Упершыню даследаваў сутнасць парушэння кровазвароту пры недастатковасці прытоку крыві да сэрца, прапанаваў шляхі лячэння. Гэта значна ўдасканаліла дыягностыку ўнутраных і інфекцыйных захворванняў. Яго манаграфія «Материалы к проблеме острой сосудистой недостаточности (острый застой в воротной системе)» (1950) мае эксперыментальны характар. У ёй вучоны напісаў не толькі пра метады непасрэднай фізіялагічнай рэгістрацыі важнейшых функцый, але і пра біяхімічныя метады даследавання, электракардыяграфію, вызначэнне хуткасці току крыві і інш. Акадэмік М.М. Анічкаў пісаў, што настолькі падрабязнага і рознастаронняга аналізу такога стану вострай сасудзістай недастатковасці яшчэ не было, таму ў гэтых адносінах праца можа лічыцца вызначальнай. Аб розных спосабах дыягностыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў і такія работы Б.І. Трусевіча, як «К вопросу о клиническом значении непосредственной аускультации», «О непрерывной перкуссии сердца», «О клиническом значении выслушивания сонных артерий», «К вопросу о распознавании функциональных пресистолических шумов», «К генезу шума Флинта» і інш. Ён распрацаваў методыку пальпацыі нырак, выяўлення шуму трэння плеўры і перыкарда, выслухвання сонных артэрый і інш. Шматгадовы вопыт фармакатэрапіі захворванняў унутраных органаў абагульніў у «Сборнике клинических рецептов» (1947, 1954, у суаўтарстве з У.В. Карабко). У дапамогу студэнтам падрыхтаваў метадычны дапаможнік «Примерный план обследования больного в терапевтической клинике» (1952), які вытрымаў чатыры выданні.
Барыс Іпалітавіч Трусевіч быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 4-га склікання, намеснікам старшыні вучэбна-метадычнага савета Міністэрства аховы здароўя БССР, членам праўлення Усесаюзнага і Рэспубліканскага навуковых таварыстваў тэрапеўтаў. Пад яго кіраўніцтвам вялася падрыхтоўка высокакваліфікаваных урачоў і навукоўцаў. Ён вядомы як лектар, які ўмеў у жывой і займальнай форме данесці да аўдыторыі сур’ёзныя і складаныя пытанні клінікі ўнутраных захворванняў. Быў членам рэдакцыйных саветаў часопісаў «Терапевтический архив», «Клиническая медицина», «Здравоохранение Белоруссии». Дапамагаў маладым аўтарам у падрыхтоўцы матэрыялаў да друку, выступаў на канферэнцыях з дакладамі.
Вучоны-медык майстэрскі валодаў аўскультацыяй, перкусіяй і пальпацыяй, што дазваляла паспяхова вызначаць многія рэдкія і цяжкія ў дыягностыцы захворванні. Дзякуючы сваім здольнасцям Б.І. Трусевіч атрымаў вялікую папулярнасць сярод многіх пацыентаў і ўрачоў. Быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1953), медалямі і інш.