Дата рождения:
31.07 ці 12.08.1817 Каханавічы, маёнт., Дрысенскі павет, Віцебская губерня (цяпер в. Каханавічы, Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць)
Дата смерти:
25.12.1893 ці 06.01.1894
Краткая справка:
паэт, фалькларыст, грамадскі дзеяч
Варианты имени:
Даніловіч-Храпавіцкі Ігнат Яўстахавіч
Имена на других языках:
Chrapowicki Ignacy (польск.) (не определен); Храповицкий Игнат Евстафьевич (русский); Храповицкий Игнатий Евстафьевич (русский);
3342 символа
Справка
Сярод збіральнікаў і даследчыкаў беларускага фальклору першай паловы XIX ст. прыкметнае месца займае Ігнат Яўстахавіч Храпавіцкі, сапраўдны знаўца беларускай духоўнай і матэрыяльнай культуры.
Пра яго жыццё вядома няшмат. Нарадзіўся ў сям’і камергера царскага двара ў родавым маёнтку Каханавічы Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер вёска ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў дома, у далейшым, напэўна, вучыўся ў гімназіі ў Санкт-Пецярбургу і краінах Еўропы. Пасля вяртання на радзіму ў дваццацішасцігадовым узросце быў абраны на грамадскую пасаду наглядчыка сельских «ссыпных магазінаў» Дрысенскага павета. У яго службовыя абавязкі ўваходзіла вывучэнне жыцця сялян і патрэб вёскі.
Як і большасць прадстаўнікоў роду Храпавіцкіх, Ігнат вылучаўся дэмакратычнасцю поглядаў і абвостраным пачуццём справядлівасці. Менавіта таму ў студзені 1850 г. ён разам са сваімі аднадумцамі С. Убры і Ю. Шчытом распрацаваў праект скасавання прыгоннага права і правёў яго большасцю галасоў на з’ездзе дваран Віцебскай губерні. Праект гэты, аднак, не набыў законнай сілы, а аўтары трапілі ў апалу. Ігнат Яўстахавіч быў вызвалены ад сваёй пасады і на некалькі гадоў адышоў ад грамадскіх спраў. У 1858 г. увайшоў у склад Віцебскага губернскага камітэта для выпрацоўкі прапаноў па паляпшэнні жыцця прыгонных сялян. За ўдзел у працы па скасаванні прыгоннага права І.Я. Храпавіцкаму ўручаны медаль (1861). Таксама ён быў абраны маршалкам дваран Дрысенскага павета і Віцебскай губерні, узначальваў Віцебскае таварыства сельскіх гаспадароў, з’яўляўся правадзейным членам Віцебскага губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў і членам губернскага статыстычнага камітэта.
Ігнат Яўстахавіч Храпавіцкі займаўся навуковай і літаратурнай дзейнасцю. Яшчэ ў маладым узросце пачаў пісаць вершы на польскай мове. Стаў таксама адным з ініцыятараў выдання ў Вільні ў 1842–1849 гг. альманаха «Rubon» («Рубон»), дзе меркаваў друкаваць фальклорныя, гістарычныя матэрыялы, а таксама матэрыялы, прысвечаныя помнікам старажытнасці Паўночнай Беларусі. Сярод яго публікацый – верш «Дзвіна», гістарычны дакумент «Інструкцыя панам паслам Полацкага ваяводства на элекцыйны сейм 1764 г.» і інш. У 1845 г. у альманаху была змешчана праца «Погляд на паэзію беларускага народа» (з дадаткам назіранняў над асаблівасцямі беларускай мовы на матэрыяле гаворкі Віцебшчыны), якая была першай гісторыка-параўнальнай характарыстыкай беларускай фальклорнай спадчыны. Ігнат Яўстахавіч цікавіўся мовай, вусна-паэтычнай творчасцю, звычаямі і гісторыяй роднага краю. У сваіх шматлікіх паездках па Віцебшчыне, Падняпроўі, Палессі, Панямонні займаўся сур’ёзнай даследчыцкай і збіральніцкай працай: запісваў песні і казкі сялян, апісваў іх звычаі і хатні побыт. У далейшым сістэматызаваў сабраны матэрыял, праводзіў параўнанне фальклору розных рэгіёнаў, аналізаваў, рабіў высновы, рыхтаваў пераклады на польскую мову. Працаваў таксама над вялікім выданнем «Поўны беларускі песнязбор», для якога назапашваў тэксты і распрацоўваў класіфікацыю. Работа гэта не была апублікавана, а рукапіс знік.
Даследчыцкая кампетэнтнасць і вопыт, эрудыцыя і веданне народнага жыцця зрабілі творчую спадчыну І.Я. Храпавіцкага вельмі аўтарытэтнай у яго сучаснікаў і актуальнай для даследчыкаў беларускага фальклору ў нашы дні.